У Мінску працягне працу кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе

Кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе адновіць працу ў Мінску 19 верасня. Пра гэта 18 верасня ў Днепрапятроўску паведаміў журналістам на брыфінгу прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма.



У беларускім МЗС карэспандэнту Свабоды пацвердзілі, што такая сустрэча плануецца, аднак пра месца і час будзе вядома заўтра.

«Я заўтра зноў лячу ў Мінск разам з групай АБСЕ. Будуць нялёгкія перамовы, намячаецца прыняць дакумент, што трэба рабіць дзеля забеспячэння раней прынятага пратаколу», — цытуе Кучму УНІАН.

Кучма падкрэсліў, што на далейшых перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі нельга «паступацца тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны».

«Я ведаю выразную пазіцыю прэзідэнта Украіны па гэтым пытанні — гэта “святая карова”. Мы не прызнаём федэралізацыі і рэспублік», — заявіў ён.

Паводле Кучмы, дакумент групы АБСЕ з 12 пунктаў, падрыхтаваны раней, прызначаны ў першую чаргу для ўкраінскай улады. А як прымяняць гэтыя пункты — справа ўладаў, у тым ліку і расійскіх.

«Мала хто звярнуў увагу, у тым ліку і ў Вярхоўнай Радзе, што ў адным з пунктаў дакументу АБСЕ выразна запісана — кантроль над украінска-расійскай мяжой. Калі не будзе кантролю, а гэта задача АБСЕ, ні пра які мір нельга казаць. Калі мяжа адкрытая для руху расійскай тэхнікі і вайсковай сілы, то далейшыя перспектывы можна сабе толькі ўявіць», — сказаў Кучма.

Кучма адзначыў, што група АБСЕ сваю задачу выканала, а далей у якім выглядзе будуць прымаць законапраекты аб сітуацыі ў Данбасе, залежыць ад Вярхоўнай Рады.

Ён лічыць, што цяпер важна вывесці з Данбасу расійскую тэхніку і вайскоўцаў, абмяняць ваеннапалонных і гэтак далей.

«У гэтай вайне з Расіяй мы не можам быць пераможцамі, таму што ўкраінская армія ваюе зброяй узору 20-га стагоддзя, а Расія — тэхнікай 21-га стагоддзя. Сведчанне гэтаму — тое, што тэрарысты на Данбасе ўзброеныя тэхнікай, якая з адлегласці ў 3 кіламетры расстрэльвае ўкраінскіх байцоў і прашывае браню нашых танкаў», — сказаў Кучма.

Ён дадаў, што “мы не ведаем праўды пра колькасьць тых, хто загінуў у зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі”.

Па словах Кучмы, галоўнае цяпер — зрабіць баяздольнай украінскую армію і ўжываць усе дыпламатычныя метады, каб спыніць гэтую вайну.

Кучма прадстаўляе Украіну ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Таксама ў групу ўваходзяць прадстаўнік АБСЕ Гайдзі Тальявіні і амбасадар РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў. У сустрэчах групы бяруць удзел і кіраўнікі тэрарыстычных арганізацый «ДНР» і «ЛНР». На апошняй сустрэчы групы 5 верасня ў Мінску быў падпісаны папярэдні пратакол да пагаднення аб спыненні агню на Данбасе.

Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: