У Палаце прадстаўнікоў загаварылі па-беларуску

Беларускамоўная дыскусія ў Палаце прадстаўнікоў адбылася пры абмеркаванні праекту Кодэксу аб культуры з удзелам першага намесніка Міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыгі.



house.gov.by


Свой выступ перад дэпутатамі першы намеснік міністра культуры зрабіла на беларускай мове, на ёй задавалі пытанні і з паўтара дзясятка дэпутатаў, толькі Валянціна Лявоненка гаварыла на рускай. Пры гэтым было бачна, што ў бальшыні дэпутатаў беларуская мова добрая і выступаць па-беларуску ім нескладана. Такім чынам, высветлілася, што многія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў добра валодаюць роднай мовай, хоць карыстаюцца ёй рэдка.

Што да зместу выступу Ірыны Дрыгі, то яна заявіла, што ўхваленне працы сілавых структур Беларусі праз мастацкі фільм можа стаць тэмай для стварэння нацыянальнага фільму.

На пытанне дэпутата Тамары Красоўскай, хто вырашае пытанне аб наданні фільму статусу нацыянальнага, Ірына Дрыга адказала, што такое рашэнне прымае спецыяльная камісія пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, а такі тытул гарантуе 100% фінансавую падтрымку дзяржавы, каб зняць фільм. У якасці сюжэтаў Ірына Дрыга назвала нацыянальную гісторыю, важныя праблемы сучаснасці, найперш патрыятычнае выхаванне, і працу сілавых ведамстваў, якія пажадана паказваць у прыватным плане, а ня так, як гэта рабілася да нядаўняга часу ў Расіі.

Намеснік міністра культуры сказала, што паспяховым лічыцца той беларускі фільм, які за тры гады паглядзелі не менш за 80 тысяч чалавек. Што тычыцца фільму «Мы браты», які мае статус нацыянальнага і атрымаў неадназначную ацэнку ў гледачоў, то, паводле Ірыны Дрыгі, яго паглядзелі ўжо 36 тысяч чалавек, паведамляе Радыё Свабода.

У праекце Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры ёсць шмат навацыяў. У прыватнасці, афіцыйна ўводзяцца паняцці спонсара і мецэната культуры. Статус спонсараў будуць атрымліваць юрыдычныя асобы, а статус мецэнатаў культуры — фізічныя асобы.

Змены закрануць і тое пытанне, як і каму надаваць статус творчага работніка. Цяпер сітуацыя дваістая: людзям, якія ўваходзяць у пэўны творчы саюз, яго надае гэты саюз, а людзі, якія ў такія арганізацыі не ўваходзяць, але займаюцца творчай дзейнасцю, напрыклад, малююць, выстаўляюць свае карціны, такога статусу не маюць. Дагэтуль такі статус надавала экспертная камісія пры Міністэрстве культуры. Цяпер гэтая камісія ліквідаваная, а статус творчага работніка будуць прысвойваць адпаведныя творчыя саюзы. Гэта асабліва актуальна, паколькі пры ўступленні ў сілу прэзідэнцкага дэкрэту «аб дармаедстве» трэба будзе вызначаць, ці прафесіянальна чалавек займаецца творчасцю, ці гэта для яго толькі хобі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: