Удзельніка акцыі пратэсту ў Маскве выслалі з Беларусі

Затрыманага ў Мbнску ўдзельніка маскоўскай акцыі пратэсту Мікіту Чырцова 30 жніўня на самалёце выслалі з Беларусі. Яму забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў, піша Свабода.


У маскоўскім аэрапорце ў яго праверылі дакументы, але не затрымалі, распавёў ён сайту «Медиазона».

22-гадовы Мікіта Чырцоў быў абвешчаны ў вышук расейскай паліцыяй за ўдзел у акцыі пратэсту 27 ліпеня каля маскоўскай мэрыі. Пасля акцыі Чырцоў атрымаў штраф і аплаціў яго.

У беларускім МУС патлумачылі, што Чырцова вышлюць «у інтарэсах грамадскага парадку».

Чырцоў распавёў, што прыехаў у Мінск 3 жніўня адпачываць і пасяліўся ў хостэле. 28 жніўня да яго прыйшлі два міліцыянты і забралі ў пастарунак.

Супрацоўнікі міліцыі ў Беларусі ня ведалі, ці будуць сустракаць Чырцова ў маскоўскім аэрапорце, «яны некаму тэлефанавалі».

«Яны прынялі грошы, у мяне забралі крэдытную карту, я назваў пін-код. Я сядзеў у машыне, і супрацоўнікі [купілі квіток на самалёт», — сказаў Чырцоў.

27 ліпеня ў Маскве прайшлі акцыі ў падтрымку незалежных кандыдатаў на выбарах у Маскоўскую гарадскую думу. Пратэсты разагналі супрацоўнікі паліцыі і Расгвардыі. Былі затрыманыя амаль 1400 чалавек. Пасля акцыі Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб масавых беспарадках у Маскве. Арыштавалі 13 чалавек.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!