«Уявіце, што ваша лецішча апынецца на землях пана. Што будзеце з гэтым рабіць?»

Рэстытуцыя па-беларуску: ці аддадуць унукі сялян зямлю нашчадкам паноў?

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзімір Малахоўскі прапануе вярнуць зямлю нашчадкам уласнікаў на момант 1939 году. Ці здзяйсняльная ў беларускіх рэаліях рэстытуцыя — ацэньваюць эксперты.

Андрэй Казакевіч: Рэстытуцыя ў Беларусі хутчэй выкліча рост напружання ў грамадстве, чым дасць пазітыўны эфект

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч лічыць, што рэстытуцыя ў Беларусі немагчымая.

З таго моманту, калі адбылося адабранне зямлі ў папярэдніх уласнікаў, прайшло занадта шмат часу, — тлумачыць суразмоўца Заўтра тваёй краіны.

Акрамя таго, пасля прыватызацыі 1990-х гадоў у аб'ектаў з'явіліся новыя ўласнікі.

— Да змены уласнікаў, калі ўсё было дзяржаўным, напэўна, можна было прымаць такія законы, — лічыць палітолаг. — Зараз рэстытуцыя ў Беларусі хутчэй выкліча рост напружання ў грамадстве, чым дасць пазітыўны эфект.

Андрэй Казакевіч

На думку эксперта, наўрад ці нашчадкі разумеюць, што рабіць з уласнасцю, якой валодалі іх продкі.

— У асноўным, гэта была зямля, а цяпер большасць беларусаў жыве ў гарадах, — тлумачыць ён.

Ды і тэхнічна ажыццявіць праграму рэстытуцыі ў Беларусі будзе складана.

Гэтую ініцыятыву можна выкарыстоўваць у папулісцкіх мэтах для прыцягнення ўвагі, але не думаю, што яна можа быць рэалізаваная на практыцы, — прагназуе Андрэй Казакевіч.

Андрэй Карпунін: У Беларусі ёсць больш важныя праблемы, чым вяртанне зямлі уласнікам стогадовай даўніны

Старшыня Клуба фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін упэўнены: у беларускіх рэаліях закон аб рэстытуцыі немагчымы.

— Па-першае, вельмі дрэнна захавалася архіўная дакументацыя таго часу. Гэта аднолькава тычыцца і заходніх, і ўсходніх тэрыторый. Адсутнасць арыгіналаў дакументаў — гэта шлях да карупцыі і крыміналу, — лічыць эксперт.

Па-другое, з таго часу прайшло шмат дзесяцігоддзяў.

Трэцяя прычына чыста эканамічная, падкрэслівае Андрэй Карпунін. На яго думку, разглядаць рэстытуцыю трэба праз прызму вялікага блока дзеючых і неабходных заканадаўчых актаў, якія абараняюць правы добрасумленных набытчыкаў зямлі, аб'ектаў нерухомасці, сельгасугоддзяў і лясных масіваў.

— Уявіце сабе, што дача, якую пабудавалі вашы бацькі 40 гадоў таму, апынецца на землях якога-небудзь пана. Што будзеце з гэтым рабіць? — задае пытанне Андрэй Карпунін.

Андрэй Карпунін. Фота: Белгазета

Рэстытуцыя не прынясе выгады ні нашчадкам былых уласнікаў, ні дзяржаве, ні сучаснаму грамадству, мяркуе суразмоўца Заўтра тваёй краіны. І прыводзіць прыклады.

— У Чэхіі працэс прайшоў меней хваравіта: адабранне прыватнай уласнасці ў краіне адбывалася не так даўно, лепш захаваліся архівы. Тым не менш, у Чэхіі сталі рэгулярнымі судовыя працэсы па фактах рэстытуцыі, вяртанню аб'ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны, — распавядае эксперт.

Вопыт прыбалтыйскіх краін паказаў, што часцяком новыя ўласнікі не жадаюць уступаць у правы распараджэньня сваёй спадчынай, і ў выніку сельгасугоддзі і лясы становяцца закінутымі.

Шпацыруючы па гістарычным цэнтры ў гарадах Прыбалтыкі і Чэхіі, часта бачыш карціну: адрэстаўраваны домік і побач такі ж аб'ект, які разбураецца на вачах.

— Нават калі мясцовыя ўлады за свой кошт пафарбуюць фасад, загародзяць будынак плотам, яны не могуць прымусіць ўласніка да продажу. Рынкавыя механізмы ў дадзеным выпадку не працуюць. Акрамя таго, трэба рабіць зніжку на хранічныя эканамічныя праблемы, аддаленасць ўласніка ад аб'екта, кур'ёзы менталітэту. Ды і часта ўнутраная культура людзей не спрыяе таму, каб будынак аднаўлялася і ўтрымлівалася ў стане цукеркі, — адзначае эксперт.

У Беларусі грамадства не гатова да рэстытуцыі. Вяртанне зямлі нашчадкам ранейшых ўласнікаў не апраўданы эканамічна. Фактычна бенефіцыярам ад гэтага можа стаць пара дзясяткаў спадчыннікаў, а «вэрхалу» будзе на ўсю краіну і галаўны боль для соцень тысяч людзей на некалькі дзесяцігоддзяў наперад, прагназуе Андрэй Карпунін.

На думку эксперта, у Беларусі ёсць больш важныя праблемы, чым вяртанне зямлі уласнікам стогадовай даўнасці.

— Дзяржава не мае рэсурсаў, каб выплаціць кампенсацыю савецкіх укладаў, праіндэксаваць страхавыя полісы Белдзяржстраху, якія існавалі ў савецкія гады. Наша пакаленне было масава застрахавана — да 18-годдзя, да паступлення ў ВНУ, да вяселля. Развал СССР і наступная дэвальвацыя з'елі гэтыя назапашванні, — нагадвае Андрэй Карпунін. — Чаму індэксацыя не выплачаная, калі гэтыя ж банкі і страхавая кампанія засталіся на рынку і з'яўляюцца сверхрентабельнымі дзяржаўнымі бізнэсамі ў апошнія 25 гадоў незалежнасці?!

На думку эксперта, казаць аб рэстытуцыі фактаў уласнасці 80-гадовай даўніны ў нашай краіне — гэта «эканамічнае самагубства і грамадская правакацыя».

— Знішчыўшы за 70 гадоў ўсіх уласнікаў і дух прыватнай уласнасці, абмяркоўваць, ці гатовыя мы да з'яўлення спадчыннікаў? Што рабіць з падзеямі 1941-1944 гадоў пры знішчэнні габрэйскага насельніцтва Беларусі або сталінскіх репресіях? Гэта гістарычныя факты, якія закранулі Беларусь і супрацьлеглыя класічным правах уласнасці і правах чалавека, — адзначае Андрэй Карпунін.

Рэстытуцыя і прызнанне правоў прыватнай уласнасці, у тым ліку і ў рэтраспектыве, — гэта сур'ёзны крок для дзяржавы ў плане забеспячэння канстытуцыйных правоў і асноўных прынцыпаў працы з замежнымі і ўнутранымі інвестарамі — з усім светам.

— Прыватная ўласнасць — гэта непарушна, калі б ўласнік ні ўступіў у свае правы (за панамі ці камуністах), але баюся, што менавіта Беларусь з'яўляецца тым унікальным пятачком зямлі, дзе гэта пакуль разглядаецца толькі ў працэсе дыскусій прафесіяналаў, — падводзіць вынік Андрэй Карпунін. — У нас ёсць праблемы з абаронай прыватнай уласнасці ўжо ў бягучым перыядзе, калі ўласнік не абаронены ад канфіскацыяў, няправільнага прымянення заканадаўства, неабгрунтаваных выключэнняў і рашэнняў чыноўнікаў.

Старшыня Клуба фінансавых дырэктараў прапануе пачынаць з вырашэння бягучых пытанняў у сферы абароны прыватнай уласнасці, абароны інвестараў — паважаючы нацыянальных, прыцягнем замежных.

Паводле Заўтра тваёй краіны



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: