«Украіна павінна падтрымліваць беларускіх патрыётаў»

У кіеўскай мэрыі абмеркавалі гібрыдную вайну Расіі супраць Беларусі.

Міжнародная экспертная дыскусія «Гібрыдная вайна Расійскай Федэрацыі супраць Беларусі», арганізаваная ўкраінскім няўрадавым аналітычным цэнтрам «Украінскі цэнтр стратэгічных даследаванняў» сумесна з рухам салідарнасці «Разам», прайшла 7 лютага ў мэрыі Кіева.


Самымі заўважнымі прадстаўнікамі з беларускага боку былі кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, кіраўнік Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Таўстая, кіраўнік беларускай службы ІnformNapalm Дзяніс Івашын, прадстаўнік «Белага Легіёну» Сяргей Бульба.


Беларусы распавялі пра складаную сітуацыю, у якой Беларусь аказалася ва ўмовах «інтэграцыйнага» ціску з боку Расіі. Па іх словах, у адносінах Масквы і Мінска ўжо праглядаюцца варыянты гібрыднай вайны — пакуль што, галоўным чынам, у інфармацыйнай і эканамічнай сферах.

Прадстаўнікі ўкраінскага боку выказалі шэраг цікавых меркаванняў па тэме дыскусіі.

На думку кіраўніка ўсеўкраінскага аб’яднання «Свабода» Алега Цягнібока, без Беларусі не будзе міру ні для краін Балтыі, ні для Украіны. «На прыкладзе Беларусі мы можам яшчэ раз вывучыць алгарытмы расійскай агрэсіі (ад эканамічнай вайны і ўплыву ў медыя-прасторы да спецыяльных аперацый) і спыніць Маскву на паўночным флангу. Мы павінны дзейнічаць на апярэджанне», — зазначыў Цягнібок. Па ягоных словах, калі раптам адбудзецца аншлюс Беларусі, сама Украіна будзе аточана з трох бакоў. Лідар «Свабоды» заклікаў украінскую супольнасць падтрымліваць патрыётаў Беларусі. Важным пунктам адстойвання незалежнасці для беларусаў ён назваў «паверненне аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царкве, якая гістарычна ўваходзіла ў склад Кіеўскай мітраполіі». Таксама, на яго думку, Балта-Чарнаморскі саюз мог стаць тым самым рэгіянальным праектам, у якім супалі бы інтарэсы Украіны і Беларусі.


Былы пасол Украіны ў Беларусі ў 2010-2011 гг. Раман Бяссмертны распавёў пра недасканаласць ужывання самаго тэрміна «гібрыдная». Пакуль мы абіраем дэфініцыі, ідзе сапраўдная вайна. Менавіта, вайна на Данбасе — ключ для руйнавання Еўропы і ўсяго цывілізаванага сусвету, але вайна ідзе і ў Беларусі кожны дзень — інфармацыйная. Гэта агульная вайна — вынік таго, што Украіна і Беларусь як маладыя краіны прагнуць увайсці ў еўрапейскі цывілізаваны сусвет. Крэмль жа, у сваю чаргу, актыўна супраціўляецца такому ўваходу, бо не можа існаваць без імперскай ідэалогіі, а таксама непасрэдна без тэрыторый, якія складалі бы імперыю.


Паводле Бяссмертнага, Лукашэнка выкарыстоўвае пытанні незалежнасці толькі для падтрымання ўласнай улады. Пра гэта гаворыць стратэгія дзей беларускага кіраўніка, якая цалкам дублюе перадвыбарчую праграму Мао Цзэдуна 1957 года пад умоўнай назвай «хай квітнее сто кветак«. Згодна з гэтай стратэгіяй, перад прэзідэнцкімі выбарамі ўсе праціўнікі афіцыйнай ідэалогіі павінны так ці інакш абазначыць сябе ў публічнай прасторы, каб пасля супраць усіх іншадумцаў адначасова маглі быць ужытыя рэпрэсіўныя меры.


Бяссмертны папярэдзіў пра такі магчымы варыянт развіцця падзей як аншлюс Беларусі ў ноч будучых прэзідэнцкіх выбараў.

На яго погляд, Пуціну непатрэбна Беларусь як такая, але яму патрэбна Беларусь як стратэгічны і ваенны рэсурс для завяршэння фарміравання плацдарма для ўдару па Украіне. Так званая «дзірка ў Беларусі» надзвычай небяспечная і для ўсёй Еўропы. Еўропа, у сваю чаргу, гэта разумее, але вагаецца і спазняецца са сваёй рэакцыяй на расійскую агрэсію як мінімум на 3-5 гадоў. Яркае сведчанне — закрытая канферэнцыя на Давоскім эканамічным форуме па пытаннях утварэння Балтыйска-Чарнаморскага саюза краін, на якую прадстаўнікоў Украіны і Беларусі «забыліся» паклікаць.

Дыпламат лічыць, што каардынацыя дзеянняў паміж Украінай і Беларуссю павінна пачацца, у першую чаргу, у інфармацыйнай сферы. «У інфармацыйнай прасторы Украіны насамрэч не так шмат інфармацыі пра Беларусь, і людзі часам карыстаюцца нейкімі сярэднявечнымі ўяўленнямі пра беларусаў. Адным з важных дзеянняў «інфармацыйнага Майдана» можа стаць стварэнне польска-літоўска-беларуска-ўкраінскага інфармацыйнага парталу для аператыўнага абмену інфармацыяй», — зазначыў Бяссмертны.


Стратэгічна важным, па словах былога пасла, можа стаць аб'яднанне Украіны і Беларусі з Польшчай. Канфлікт з Расіяй працягвае нарастаць, і толькі фактар сілы ў бліжэйшай перспектыве будзе з'яўляцца фактарам стрымлівання. Хоць, з іншага боку, на яго думку, не зусім зразумела, з чым Еўропа плануе супрацьстаяць агрэсіі: напрыклад, цяперашнюю баяздольнасць украінскай арміі ў параўнанні з баяздольнасцю польскай Бяссмертны ацаніў як 36:1.

Прадстаўнік украінскага Фонду падтрымкі дэмакратычных ініцыятыў, інфармацыйнага центру «Міжмор’е» Юрый Міндзюк нагадаў пра шэраг справакаваных Расіяй канфліктаў у Грузіі, Малдове і непасрэдна ва Украіне. На яго думку, гэта ўсё — адлюстраванне спробы Пуціна ажыццявіць вялікі праект новага Савецкага саюзу. Па словах Міндзюка, Беларусь зараз — прарасійская дыктатура з частковым суверэнітэтам, які канчаткова можа быць страчаны ў любы момант. «Украінская ўлада павінна вымагаць ад Лукашэнкі абавязковага адраджэння беларускай культуры, мовы і ідэнтычнасці. Трэба максімальна спрыяць эканамічнай незалежнасці Беларусі, дапушчальны нават транзіт тавараў у ЕС праз тэрыторыю Украіны», — сказаў дзеяч. Напрыканцы свайго выступу ён прапанаваў стварыць ва Украіне інстытут Беларусі, каб узмацніць эканамічныя і культурныя сувязі паміж дзвюма краінамі.


Прысутны на сходзе Сыресь Боляень, прадстаўнік эрзянскайй народнасці, распавёў удзельнікам дыскусіі пра парушэнне правоў карэнных народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Расіі. Паводле яго слоў, Расія ўспрымае як непрыкрытую пагрозу нават распаўсюджванне навін і выхад кніг на эрзянскай мове. «Ва ўмовах вайны адзіны шанец на супрацьстаянне — захаванне нацыянальнай мовы і культуры», — падсумаваў ён.


Рыгор Кастусёў, кіраўнік партыі БНФ

— Як вы ацаньваеце захад, які зараз адбыўся і наогул, наколькі эфектыўна правядзенне такіх мерапрыемстваў?
— Скажу шчыра, я нават па-добраму здзівіўся, што цікавасць да гэтай тэмы, цікавасць да нас, да беларускіх палітыкаў ва Украіне такая шырокая. Гэта тэма зараз вельмі злабадзённая. Як я ўжо адзначыў у сваім вітальным слове, склалася такая сітуацыя, што лёс Украіны залежыць не толькі ад падзей ва Украіне, а лес Украіны звязаны яшчэ і з тым, што будзе адбывацца ў Беларусі. Тое самае і з Беларуссю. Лёс Беларусі залежыць не толькі ад Беларусі, але і ад Украіны. Такой узаемасувязі няма зараз больш ні з адной іншай краінай. Тут ёсць даўнія гістарычныя аспекты, але самая галоўная пагроза і для Украіны і для Беларусі — пагроза, якая сыходзіць ад усходняй нашай суседкі. Калі ўзяць выказванні расійскіх чыноўнікаў, яны ўжо ў адкрытую, і ўсё больш моцна з кожным годам, выказваюцца аб неабходнасці далучэння і Украіны і Беларусі да РФ, за аднаўленне тэрыторыі СССР у межах 1991 года.

Калі Беларусь будзе здадзена Расійскай Фэдэрацыі, то, адназначна, Украіна ўжо не ўстаіць. Таму, я лічу, украінскія палітыкі пачуюць наш голас. На жаль, былі толькі палітыкі апазіцыйныя. Але мы звярнулі іх ўвагу на недапрацоўку ўкраінскіх уладаў. Раней былі амбасадары, якія вельмі цесна працавалі і з палітычнымі сіламі апазіцыйнымі і з грамадзянскай супольнасцю. У тым ліку Раман Бяссмертны, які вельмі актыўна працаваў. На жаль, зараз украінскія ўлады не дабягаюць гэтай інфармацыі, што зноўку гуляе не на карысць Украіны. Спадзявацца толькі на беларускі бок, на беларускія ўлады, асабліва ў асобе Аляксандра Лукашэнкі ў справе абароны Беларусі вельмі саманадзейна.

Віктар Ягун, генерал-маёр запасу, экс-намеснік кіраўніка СБУ (2014-2015), дырэктар Агенцтва рэфармавання сектара бяспекі

— Вы зазначылі ў сваім выступе, што найбольш эфектыўнай стратэгіяй Украіны ва ўзаемадзеннях з Беларуссю ў цяперашней сітуацыі будуць маленькія практычныя крокі. У чым канкрэтна палягаюць такія крокі?

— Украіне І Беларусі трэба пашыраць кантакты на нізавым узроўні, на больш нізкім узроўні, чым дзяржаўны. Чым больш будзе кантактаў на ўзроўні арганізацый, асобных грамадзян, службовых мерапрыемстваў, школ, тым лепей мы будзем ведаць беларускі бок, а яны лепш будуць ведаць нас. І людзей, якія разумеюць Украіну знутры, будзе больш з кожным днём. Гэта тактыка намі калісьці распрацоўвалася, калі Заходняя Украіна спрабавала паказаць сябе з лепшага боку для Усходняй Украіны. Усходняя і Заходняя Украіна тады былі адно для аднаго terra incognitа. І мы рабілі і «цягнікі дружбы», і «аўтобусы дружбы», і школа да школы ездзілі, асабліва на Каляды і іншыя традыцыйныя святы.

Такім чынам, у кожнага чалавека адзін-два-трое сяброў з’яўлялася на супрацьлеглым баку. А калі сям'я з сям'ёй кантактуе на нейкім узроўні, міфы, якія існуюць, хутчэй раствараюцца, літаральна як цукар у вадзе. У мяне такая ідэя ўзаемнага аб'яднання была, ёсць і застанецца. А наконт таго, што гэта маленькія крокі? Яны ў матэрыяльным плане амаль бескаштоўныя. Ёсць арганізацыі, гатовыя прыняць бясплатна дзяцей, моладзь з Беларусі. Гэта дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, скаўты, пластуны (украінскі аналаг амерыканскіх скаўтаў), суполкі вывучэння ўкраінскай мовы і г.д. Нешта неабходна рабіць. Расейцы ж робяць нейкія сустрэчы для беларусаў. Мы таксама можам прадпрымаць аналагічныя крокі.

Увечары 8 лютага стала вядома, што беларускіх актывістаў, якія вярталіся з мерапрыемства, затрымалі на беларускай мяжы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: