Украіна просіць пра экстрадыцыю затрыманых у Беларусі «вагнераўцаў»

Офіс генпракурора Украіны абвясціў пра падазрэнне 28 затрыманым у Беларусі байцам расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер», дзевяць з іх — грамадзяне Украіны. Украіна папрасіла Беларусь пра часовы арышт затрыманых наймітаў-«вагнераўцаў».

Офіс генеральнага пракурора Украіны апавясціў Беларусь пра намер патрабаваць выдачы 28 затрыманых пад Мінскам наймітаў расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер".

Пра гэта 31 ліпеня паведаміла прэс-служба Офіса генпракурора Украіны, адзначае gordonua.com.

"Офіс генпракурора на падставе Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах 1993 года звярнуўся ў Генпракуратуру Беларусі з запытамі пра часовы арышт асобаў, якія 29 ліпеня былі затрыманыя пад Мінскам. 28 асобам — з якіх дзевяць грамадзян Украіны — абвешчана пра падазрэнне па факце ўдзелу ў тэрарыстычнай арганізацыі. Такім чынам, украінскі бок выказаў намер патрабаваць выдачы гэтых асоб для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за злачынствы, звязаныя з незаконным удзелам ва ўзброеным канфлікце на Данбасе", — сказана ў заяве.

Цяпер офіс генпракурора Украіны рыхтуе неабходныя дакументы, каб распачаць працэдуры экстрадыцыі.

"Пытанне наконт выдачы будзе вырашацца кампетэнтнымі органамі Беларусі", — дадалі ва ўкраінскім ведамстве.

Паводле gordonua.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: