Украіна: «Шчыт Еўропы» альбо «Русь-канфедэрацыя»?

З пачатку вайны ў нашых паўднёвых суседзяў мінула ўжо больш за пяць гадоў. За гэты час Украіна заплаціла вельмі дарагі кошт. Але сітуацыя, што разгортваецца ўсярэдзіне і вакол краіны цяпер, выклікае не тое каб расчараванне, — здзіўленне.


Украінскае грамадства ніколі не было маналітным, а прыгожае ўражанне ад патрыятычнага пад’ёму ў 2014–2015 гадах хутка пачало размывацца. Найменшую частку ўкраінцаў зараз складаюць актыўныя патрыёты: добраахвотнікі, валанцёры і актывісты, дзякуючы якім Украіна выстаяла на самым пачатку. Другая, значна большая катэгорыя — актыўныя і па-еўрапейску настроеныя грамадзяне, гатовыя найперш для сябе рабіць жыццё лепшым: бізнесоўцы, офісныя супрацоўнікі і гэтак далей.

Трэцяя ж катэгорыя, самая вялікая і неабсяжная — грамадзяне, якім нічога не трэба, акрамя сваіх выгодаў, за якія яны, зрэшты, і змагацца не гатовыя. Гэта бюджэтнікі альбо наёмныя супрацоўнікі з невялікімі заробкамі, якія спрабуюць не заўважаць вайны, а пры магчымасці — адматаць усё назад. Некаторыя ўкраінскія эксперты жартуюць, што гэтыя людзі, ані дня не быўшы на вайне, ужо ад яе «стаміліся», а магчыма — ужо нарадзіліся «стомленымі». Можна нават канстатаваць, што сёння перамагае візія акурат трэцяй катэгорыі, бо Уладзімір Зяленскі, найперш, іх прадстаўнік і прэзідэнт.


Забыцца на бізнес-логіку ды «палюбіць вайну»

Па ўсім бачна, што сам Зяленскі не разумее, не ведае, не любіць вайну. Да ўлады ён прыйшоў з бізнес-логікай, калі можна дамаўляцца, пралічваць выгады ды страты суперніка, але бачна, што ў дадзеным выпадку гаворка зусім не пра тое. Як казаў Кіплінг выпускнікам аднаго з англійскіх універсітэтаў: «Некалі вы сустрэнецеся з людзьмі, з якімі нельга будзе дамовіцца». Пісьменнік меў на ўвазе народы і плямёны з ускрайкаў Брытанскай імперыі. Тут жа гаворка пра Крэмль, які акурат у стане вайны адчуваў і адчувае сябе камфортна — як рыба ў вадзе.

Зяленскі ж, на жаль, гэтага не разумее, хаця паводле Канстытуцыі і з’яўляецца галоўнакамандуючым. Гэтай пасады ён нават дэлегаваць нікому не можа: такі закон. У сённяшняй сітуацыі ён не толькі кіраўнік выканаўчай улады, але і кіраўнік арміі ў ваюючай краіне. Яго папярэдніку, Пятру Парашэнку, які напачатку таксама спрабаваў карыстацца бізнес-логікай, давялося змяніцца, палюбіць армію — і ўрэшце пабудаваць менавіта на ёй сваю палітычную рыторыку. Ці зможа гэтак жа змяніцца Зяленскі?

Вайна, у выпадку з Данбасам, можа мець толькі адзін аптымістычны канец: калі ўкраінскія танкі дойдуць да старой мяжы, вызваліўшы свае тэрыторыі. Кожная іншая сітуацыя — гэта замарожаны на гады канфлікт ды стварэнне чарговай «шэрай зоны», якія так любіць генераваць Расія. Яскравы прыклад — Прыднястроўе, якое падпісала з Расіяй купу дакументаў, пераўтварыўшыся фактычна ў частку РФ на тэрыторыі Малдовы. І тут няма гаворкі пра гістарычную справядлівасць, мову ці правы мясцовага насельніцтва. Крэмль цікавіць толькі стварэнне болевых кропак на тэрыторыі іншых дзяржаў, на якія можна пры патрэбе ціснуць.

Ці могуць акупаваныя тэрыторыі быць выгадныя для Украіны? Тэарэтычна — так. Для кансалідацыі насельніцтва. Роўна таксама, як у міжваеннай Літве разглядалася тэма з Вільняй. У кожнай школе тады віселі карцінкі з «Гарой Гедыміна», дзеці чыталі вершы пра «Вільнюс», кожны ведаў, што Вільня — «літоўская», і рана ці позна павінна быць вернутая. Роўна таксама на бліжэйшае дзесяцігоддзе ўкраінцы могуць увесці «Дзень Крыму» альбо «Дзень татар», тыражаваць нацыянальную крыўду як спосаб мабілізацыі грамадства.


Прагматычны Захад і змена рыторыкі ў Расіі

Міжнароднае становішча вакол Украіны з 2014–2015 гадоў таксама моцна змянілася. Прэзідэнт ЗША патрабуе вярнуць Расію ў колішнюю «Вялікую васьмёрку», гаворыць пра грошы і прагматычныя стасункі паміж дзяржавамі. Не важна нават, што гэта — папулізм, асабістая пазіцыя альбо фінансавы складнік. Для Украіны спыненне міжнароднай падтрымкі ды вайсковай дапамогі з боку ЗША могуць быць вельмі балючымі.

З боку Еўропы мы таксама назіраем нешта падобнае. Унутраныя праблемы паралельна з ростам нацыяналізму адцягваюць увагу ад Украіны, а шырэй — ад сітуацыі на Усходзе. Красамоўным прыкладам ёсць тая ж Польшча. Да апошняга часу гэта была ці не самая монаэтнічная дзяржава ў Еўропе (больш за 90% — палякі), але зараз туды масава едуць і беларусы, і тыя ж украінцы. Гэта, у сваю чаргу, выклікае незадаволенасць і скепсіс у дачыненні да Украіны, падмацаваныя старымі гістарычнымі канфліктамі. Зноў жа, усё гэта — на карысць Расіі.

Крамлю ж застаецца спакойна чакаць, і нават дэманстраваць значна больш лагодную рыторыку ў дачыненні да Украіны, чым раней. Гэта і славутая спроба «тэлемосту», і ўкіды наконт сустрэчы Зяленскага з Пуціным, і абмен палоннымі. Мы бачым змененую рыторыку, якая мае на мэце супакоіць і Еўропу, і ЗША, і, урэшце, саміх украінцаў. Дакладней, тую частку ўкраінцаў, якія хочуць пра ўсё забыцца і адматаць сітуацыю на стан 2013-га.


«Загадкавая руская душа»

У самой Расіі мы назіраем нарастанне пратэсту: нацгвардзейцам даводзіцца махаць дубінкамі ўжо не толькі ў Маскве ды Пецярбургу, але і, напрыклад, у Бураціі. Сітуацыя ў нейкім сэнсе класічная: шляху няма, але ёсць адмаўленне рэчаіснасці, якая ў іншых гістарычных рэаліях вяла да таго самага апетага класікамі «рускага бунту». Аляксей Навальны, як ліберал, да бунту наўпрост не заклікае, але ў сваіх расследаваннях паказвае поўнае бяспраўе адных і беспакаранасць іншых, чым падводзіць гледача толькі да адной думкі: рэжым нелегітымны і нежыццяздольны, таму рэфармаваны быць не можа — толькі знесены народным гневам.

Але і тут мы бачым асаблівасці «загадкавай рускай душы». Не будучы зарэгістраванымі на выбарах у якасці кандыдатаў, прыхільнікі Навальнага заклікаюць галасаваць за зарэгістраваных апанентаў «Адзінай Расіі», то-бок за… камуністаў. Аналітыкі ў РФ нават жартуюць пра новы палітычны феномен: «Зювальны» — «гібрыд» Навальнага з Зюганавым. Магчыма, у гэтым і ёсць цымус расійскай палітычнай гісторыі: зрабіўшы кола, расійскі ліберал вяртаецца да радыкальна-левых ідэяў.

У Расіі можна назіраць і іншыя цікавыя з’явы, сведчанні эпохі. Напрыклад, постаць Ігара Гіркіна, аднаго з ініцыятараў «Рускай вясны» на Данбасе, які сёння жыве сабе спакойна ў Расіі ды… крытыкуе Пуціна. За нерашучасць, за тое, што не даў загад ісці на Адэсу і Кіеў, за тое, што «прагнуўся» перад Захадам. Украінскім спецслужбам яго нават выкрадаць ці забіваць зараз не трэба, бо жывы Гіркін у Расіі адыгрывае больш дэструктыўную для Крамля ролю, чым мёртвы.

Шмат хто з прадстаўнікоў радыкальнай публікі ў РФ наўпрост чакае «крывавай нядзелі» — расстрэлу ці нейкага брутальнага разгону дэманстрацыі, які павінен стаць кропкай невяртання для кіруючага рэжыму. А далей ужо — барыкады, забастоўкі, аналогіі з 1905-м ці 1993-м... І тут акурат Украіна магла б адыграць вельмі цікавую, а можа і лёсавызначальную ролю, распрацаваўшы тактыку не абарончых, а наступальных дзеянняў.


«Шчыт Еўропы», які не патрэбны Еўропе

Наступальныя дзеянні — гэта не пра дыверсіі ды, крый Божа, узарваныя шматпавярховікі, а пра ідэалогію. Украіна магла б зрабіць стратэгічны крок — працягнуць расійскаму грамадству руку з пасылам: маўляў, мы з вамі, але ў вас ёсць праблема — імперыя. І пакуль вы яе не вырашыце, то будзеце хадзіць па зачараваным коле: манархісты — камуністы — рэвалюцыя — тэрор — лібералы — манархісты… і зноў. За гэты час імперыя будзе «сохнуць», нафта абясцэньвацца, рускіх у імперыі будзе ўсё меней, каўказцаў і буратаў — болей, а пасля прыйдзе Кітай — і ўсё скончыцца. Гэтым часам свет будзе развівацца, нарошчваць тэхналогіі, лётаць на Марс. Выбар ёсць.

І тут вельмі важная пазіцыя і пасыл самой Украіны. Таго ж Парашэнку з тактыкай «Шчыта Еўропы» журналісты параўноўвалі з гогалеўскім Хамой Брутам, які крэсліў вакол сябе кола ды хаваў вочы ад Вія. Але аказалася, што Еўропе той шчыт не вельмі і патрэбны: цікавей гандляваць з Расіяй, думаць пра праблемы бежанцаў з Сірыі, а не пра вайну на Данбасе. Ролю падобнага шчыта ў часы Бітвы пад Оршай ужо брала на сябе ВКЛ, у той час як Масква гандлявала і вяла перамовы з еўрапейскімі манаршымі дамамі. З імі ж Расія ўрэшце і падзяліла праз 300 гадоў Рэч Паспалітую.


«Русь-канфедэрацыя» як новы варыянт Міжмор’я

Каб пазбегнуць падобнай сумнай долі, Украіна мае толькі адзін шанец: выкарыстаць ідэалогію Русі. Фактычна — абвясціць сябе адзінай сапраўднай спадчынніцай кіеўскіх князёў, вырваць штандар гісторыі і веры з рук маскоўскіх ідэолагаў. Урэшце, Феафан Пракаповіч з Магілянскай акадэміі ў Кіеве калісьці ўсё гэта прыдумаў ды «падарыў» маскавітам, зараз жа — час вяртаць усё на свае месцы. Цікава, дарэчы, што галасы пра афіцыйнае перайменаванне Расіі ў «Масковію» ва Украіне ўжо гучаць.

Якія профіты будзе мець Украіна з ідэалогіі Русі? Па-першае, расставіць усё на свае месцы ў сваёй краіне, без перавагі ўсходнікаў ці заходнікаў. Па-другое, выбудуе новую сістэму Міжмор’я (накшталт Балта-Чарнаморскага саюза, пра які казалі яшчэ ў 1990-я гады) з цэнтрам прыцягнення ў Кіеве. Па-трэцяе, створыць ідэалагічны канцэпт, што будзе супрацьстаяць канцэпту «рускага міра». Урэшце, пяройдзе ад абароны ў наступ.

Магчыма, усё гэта і не паўплывае на лёсы свету, дзе бітву за мадэлі будучыні чалавецтва вядуць ЗША і Кітай. Але ў нашым рэгіёне стварэнне яшчэ аднаго цэнтру сілы акурат магло б ураўнаважыць сітуацыю. Брусель падобным цэнтрам быць не вельмі хоча — з прагматычных прычынаў. Кіеў жа сёння пакуль наўпрост не гатовы браць адказнасць за каго-кольвек, апроч сябе. Аднак, хто ведае, магчыма, ужо заўтра ідэя і перспектыва «Русі-канфедэрацыі» са сталіцай у Кіеве стане не менш рэальнай за Еўразійскі саюз ды розныя фантазіі на тэму канфедэрацыі з боку Масквы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!