Украіна — галоўная тэма на "Wrocław Global Forum"

Госцем форуму з'яўляецца Алесь Бяляцкі.
 



Некалькі сотняў гасцей, палітыкаў, дыпламатаў, спецыялістаў па міжнародных адносінах, эканоміцы і абароне прымуць удзел у шостым "Wrocław Global Forum", які з чацвярга адбываецца ва Вроцлаве.

Цягам трох дзён сталіца Ніжняй Сілезіі ўзяла на сябе ролю арганізатара міжнароднай сустрэчы, прысвечанай пытанням палітыкі і бізнесу.

Арганізатарамі "Wrocław Global Forum" з'яўляюцца ўлады гораду Вроцлаў, мараканская фундацыя "Atlantic Council" ды Польскі інстытут міжнародных спраў

.

Марцін Забароўскі з Польскага інстытуту міжнародных спраў, звяртае ўвагу на трансатлантычным характар сустрэчы.

Марцін ЗабароўскіУ гэтым месцы сустракаюцца прадстаўнікі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, напрыклад, Славаччыны, Вугоршчыны, Украіны. Сёлета мы таксама прымаем кіраўніка МЗС Грузіі ды міністра абароны Македоніі. Зразумела, ёсць таксама амерыканцы.

Паводле прэзідэнта Вроцлава Рафала Дуткевіча, выбар сталіцы Ніжняй Сілезіі ў якасці месца правядзення трансатлантычнага форуму невыпадковы.

Рафал ДудкевічВа Вроцлаў і яго ваколіцах заінвеставала шмат амерыканскіх фірмаў. Дарэчы, іх прадстаўнікі таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемстве. Паводле маіх падлікаў, у рэгіёне Вроцлава дзейнічае больш за 10 буйных амерыканскіх фірмаў.

Прысутны на форуме ва Вроцлаве міністр фінансаў Польшчы Матэвуш Шчурэк гаварыў між іншым пра перспектывы ўступлення Польшчы ў еўразону. Паводле польскага палітыка, пра гэта павінны вырашыць у першую чаргу эканамічныя фактары, а не палітыка.

Міністр падкрэсліў, што таксама выкананне папярэдніх крытэрыяў перад уваходам у еўразону не гарантуе поспеху ў доўгатэрміновай перспектыве.

Матэуш ШчурэкЗ 2000 года мы ўжо ведаем, што тыя ж самыя працэнтныя стаўкі могуць быць занадта высокія для адной краіны, у той час як занадта нізкія для іншай. Гэта можа з аднаго боку занадта “душыць” эканоміку, а з іншага ствараць попыт на крэдыты й прыводзіць да нестабільнасці. За гэта потым прыйдзецца плаціць, як гэта адбываецца сёння ў Ірландыі і Іспаніі.

Першы дзень форуму быў прысвечаны пытанням, звязаным з трансатлантычным бізнесам. Сёння ўдзельнікі форуму размаўляюць пра напружаную геапалітычную сітуацыю ва Усходняй Еўропе.

Пра польскую падтрымку Ўкраіны на форуме гаварыў міністр фінансаў Матэвуш Шчурэк. Ён запэўніў, што палякі падтрымліваюць суседзяў на тэхнічным ды інфарматычным узроўнях, напрыклад, дапамагаюць ахоўваць украінскую мяжу. Апрача таго, Польшча ўдзельнічае ў міжнароднай фінансавай дапамозе ў рамках Еўразвязу і Міжнароднага валютнага фонду.

У сваю чаргу прысутны на форуме прэзідэнт Браніслаў Камароўскі звяртаў увагу на неабходнасць умацавання паразумення і салідарнасці паміж краінамі Захаду.

Ён нагадаў пра апошнія апытанні, паводле якіх грамадствы некаторых еўрапейскіх краінаў не гатовыя абараняць іншыя краіны ў выпадку неабходнасці.

Таму кіраўнік польскай дзяржавы лічыць, што гэтую салідарнасць трэба пастаянна замацоўваць.

Браніслаў КамароўскіУ іншым выпадку можа здарыцца так, што падмурак нашай свабоды, у тым ліку польскай свабоды, якой 25 гадоў, у момантах крызысу й выпрабавання можа аказацца слабым.

Пры гэтым Украіна з'яўляецца вядучай тэмай сустрэчы ўжо другі год запар. Паводле Марціна Забароўскага, крызіс у гэтай краіне прычыніўся да таго, што ЗША зноўку зацікавіліся Еўропай.

Марцін ЗабароўскіЯшчэ некалькі гадоў таму прэзідэнт Барак Абама казаў, што ЗША павінны цікавіцца перш за ўсё Азіяй, Блізкім Усходам, бо Еўропа – гэта стабільны рэгіён, у якім нічога дрэннага не адбываецца. Падчас нашых сустрэчаў мы пераконвалі, што гэта няпраўда. На жаль, выходзіць, што мы мелі рацыю. Цяпер гэта бачаць таксама ЗША.

Сёння пра крызіс ва Украіне казалі таксама Фрэдэрык Кэмп — кіраўнік фундацыі „Atlantic Council”, расейскі апазіцыянер Ілья Яшын і еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Падчас форуму традыцыйна ўручаюцца Прэміі Свабоды („Atlantic Council Freedom Awards”). Сёлета іх атрымаюць, між іншым, вядомая польская рэжысёрка Агнешка Голянд і, пасмяротна, расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў.

Праваабарончы цэнтра „Вясна” разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім Свабодным тэатрам сталі лаўрэатамі гэтай прэміі ў 2011 годзе.

„Wrocław Global Forum” завершыцца ў бліжэйшую суботу.

www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: