Украінскі спікер: Беларусь наступнай разарве адносіны з Расіяй

Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій лічыць, што апошнія недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Украіны звязаныя з узмацненнем ціску Расійскай Федэрацыі на кіраўніцтва Беларусі, паведамляе "Радыё Свабода".

Спікер Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій

«Відавочна, што Украіна з Беларуссю спрабуе ўвесь час наладзіць добрасуседскія адносіны. Але, тым не менш, нам зразумела, што кіраўніцтва Беларусі ўвесь час знаходзіцца пад ціскам і пад уплывам палітычнага кіраўніцтва Расіі. І гэты ўплыў не праходзіць бясследна. Уплыў Крамля і Пуціна на Беларусь павялічваецца. І, відавочна, з гэтым і звязаныя недружалюбныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да Украіны», — адзначыў Парубій.

Адначасова спікер Вярхоўнай Рады лічыць, што Украіна, нягледзячы на гэта, павінна прыкладаць усе намаганні, каб падтрымліваць і Беларусь, і дэмакратычныя працэсы ў гэтай краіне.

«Для мяне асабіста няма ніякіх сумневаў, што Беларусь будзе наступнай пасля Украіны, хто разарве адносіны з Расейскай Федэрацыяй і ўстане на шлях еўрапейскага выбару», — сказаў ён.

20 лістапада КДБ Беларусі абвясціў персонай нон-грата дарадцу амбасады Украіны Ігара Скварцова, які абвінавачваецца ў дзейнасці выведкі. У адказ на гэта, украінскі МЗС выслаў на радзіму першага сакратара амбасады Беларусі ва Украіне.

Дыпламатычныя выдварэнні наступілі пасля таго, як 17 лістапада стала вядома, што 25 кастрычніка КДБ Беларусі затрымаў грамадзяніна Украіны, журналіста «Украінскага радыё» Паўла Шаройку, па абвінавачанні ў шпіянажы.

 

Каментаваць