Украінскія кібервойскі кажуць, што не ламалі сайты беларускай міліцыі

Украінскія кібер-войскі не маюць дачынення да ўзлому сайта беларускай міліцыі perehvat.gov.by. Пра гэта заявіў кіраўнік ініцыятывы Яўген Дакукін.


У каментары карэспандэнту «Тэлеграфа» Дакукін выказаў думку, што за ўзломам стаяць расійскія хакеры, магчыма, звязаныя з ФСБ.

«Расійскія хакеры пазаўчора стварылі акаўнты ў Twitter і Youtube і сайт на блог-хостынгу WordPressCom. З выкарыстаннем майго англійскага тэксту і фота, са сваім тэкстам пра Foreign Affairs Brigade і са спасылкай на мае пасты ў Facebook. Спрабуюць зрабіць выгляд легітымнага падраздзялення Украінскіх кібервойскаў, хаця такога падраздзялення ў нас ніколі не было і гэтыя людзі мне невядомыя. А сёння яны хакнулі сайт perehvat.gov.by. Гэта відавочна зроблена з мэтай пасварыць Украіну і Беларусь», — адзначыў суразмоўца.

Яўген Дакукін падкрэсліў, што за чатыры гады ўкраінскія кібервойскі ніколі не атакавалі беларускія сайты. «Мы супрацьдзейнічаем толькі расійскай агрэсіі. Таму не маем дачынення да ўзлому дзяржаўнага сайта Рэспублікі Беларусь», — дадаў ён.

Нагадаем, зранку 15 сакавіка стала вядома, што нехта ўзламаў сайт інтэрнэт-праекта беларускай міліцыі #перехват. На сайце быў размешчаны малюнак прэзідэнтаў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Расіі Уладзіміра Пуціна з подпісам «Расійска-беларускае супрацоўніцтва».

Таксама на малюнак нанесены лагатып ўкраінскай ініцыятывы — «Украінскія кібервойскі». Аднак хто ў рэальнасці стаіць за ўзломам, невядома.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!