Улада альбо краіна?

У імкненні захаваць уладу ці не любым коштам дзейсны кіраўнік дзяржавы можа, наадварот, страціць усё.

Фота is.ru


Накат на былую вотчыну кандыдата ў прэзідэнты Бабарыкі — «Белгазпрамбанк» — адгукнецца самымі негатыўнымі наступствамі не толькі персанальна для кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, але і для краіны.

Справа не толькі ў тым, што «ачарніць» Бабарыку расследаваннем ДФР у дачыненні да банка не атрымаецца. Яшчэ на самым пачатку эканаміст Сяргей Чалы каментаваў: «Прадказваю: у выніку ператрусу ў банку знойдуць грошы». А што там яшчэ маглі знайсці? Таму інтэрнэт цяпер і кпіць з Лукашэнкі і ДФР. Таму рэйтынгу дзейнага кіраўніка гэта не паспрыяла ані на каліва.

А вось наступствы не прымусілі сябе чакаць. Уладальнікі «Белгазпрамбанка» — расійскія «Газпрам» і «Газпрамбанк». А з «Газпрамам» у нас — напруга, і не толькі таму, што мы ўсё хочам выцыганіць зніжку па кошце газу, нягледзячы на кантракт, які прадугледжвае кошт на год. Як высветлілася, у нас існуе запазычанасць па аплаце газу ў памеры $165,57 мільёна — паводле меркавання расійскай карпарацыі. Беларускі бок гэтую запазычанасць традыцыйна не прызнае.

Да накату на «дачку» «Газпраму» ў Беларусі па гэтай запазычанасці вяліся перамовы. Пасля таго, як улады вырашылі пашукаць у «Белгазпрамбанку» кампрамат на Бабарыку і ўвялі там знешняе кіраванне, расійскі «газавы гігант» заявіў: «З 1 ліпеня пастаўкі газу ў Беларусь будуць спыненыя да моманту пагашэння ў поўным аб’ёме запазычанасці».

Канешне, цяпер — лета, і спажыванне газу для побытавых патрэбаў у нас не такое, як зімой. Але газ — гэта не толькі цяпло ў кватэрах. Адзін «Гродна-Азот» марнуе 2 мільярды кубаметраў гэтага паліва штогод, 10% ад усяго імпартаванага намі газу. А ёсць яшчэ шматпакутная цэментная галіна і іншыя прадпрыемствы, якім без паліва — ніяк.

Ціск з гэтага боку на Лукашэнку будзе вельмі балючы. Адна справа — спрабаваць знішчыць канкурэнта па выбарах, а іншая — адправіць у «вымушаны адпачынак» пару дзясяткаў буйных прадпрыемстваў.

Таксама варта нагадаць, што спробу дыскрэдытацыі Бабарыкі кіраўнік дзяржавы пачаў з кампаніі «Прыват Лізінг». Маўляў, запытайцеся ў аднаго з кандыдатаў, што за яна. У выніку ў «Прыват Лізінгу» таксама прайшлі ператрусы. І высветлілася…

Калі Лукашэнка сцвярджаў, што ў нас — не эпідэмія, а «каронапсіхоз», Мінздароўя адкрыла дабрачынны рахунак, каб набыць сродкі бяспекі для дактароў. У гэты дабрачынны фонд паступіла крыху больш за 4 мільёны рублёў. Амаль чвэрць з іх — 1 мільён — ад кампаніі… Правільна, «Прыват Лізінг».

Больш за тое: «Прыват Лізінг» ад 2019 года з’яўляецца афіцыйным партнёрам Беларускай федэрацыі шахмат. Гэтая федэрацыя арганізуе турніры «Адкрытыя шахматы» і «Белая ладдзя» — сумесна з Мінадукацыі, Мінспорту і прэзідэнцкім спартовым клубам. Кіраўніком прэзідэнцкага спартовага клубу з’яўляецца… Дзмітрый Лукашэнка.

Калі Лукашэнка ведаў, што ў «Прыват Лізінгу» сядзяць «злачынцы», чаму не патлумачыў міністру аховы здароўя, з якім сустракаўся ці не штодня, што «злачынныя» грошы браць нельга? Чаму не правёў «прафілактычную гутарку» з чыноўнікамі ад спорту, ад адукацыі, са сваім сынам, урэшце? Ці «Прыват Лізінг» заўсёды быў белы і пухнаты, а стаў «злачыннай арганізацыяй» толькі з-за сувязі з Бабарыкам? Тады — гэта ўжо чыстая палітыка (у чым мала хто сумняваецца).

У выніку «накату» на «Белгазпрамбанк» істотна абмежавала (амаль спыніла) сваю дзейнасць краудфандынгавая пляцоўка MolaMola. Пляцоўка, на якой беларусы збіралі грошы ў тым ліку на дапамогу медыкам Беларусі — у межах кампаніі «ByCovid19 — дапамога лекарам Беларусі». Гэта азначае, што тысячы дактароў і сотні лякарняў застануцца без неабходных сродкаў абароны. А эпідэмія нікуды не падзелася — штодня ў Беларусі толькі па афіцыйных дадзеных рэгіструецца каля 700 хворых.

Такім чынам, у імкненні раструшчыць палітычнага праціўніка, дзейны кіраўнік дзяржавы зноў паставіў у небяспеку лекараў — самую гераічную і адначасова ўразлівую ў наш час катэгорыю насельніцтва.

Калі з-за палітычнай барацьбы і дзеля захавання ўлады ставяцца пад пагрозу жыцці людзей — ці патрэбны нам такі «барацьбіт»? Урэшце, імкненне захаваць уладу цаной жыццяў іншых — не новае. Але ад гэтага не менш агіднае.

19 чэрвеня, у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, Мінск наведае міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Афіцыйна — каб паразмаўляць пра пагадненне аб узаемным прызнанні візаў. Неафіцыйна аналітыкі ад гэтага візіту чакаюць чаго заўгодна: ад «парадаў» Лукашэнку «вярнуць нарабаванае» да ціску на падпісанне так званай «31-й дарожнай карты», якая прадугледжвае ці не інкарпарацыю Беларусі ў Расію. А ўзамен Расія, нібыта, падтрымае Лукашэнку ў паходзе на сёмы прэзідэнцкі тэрмін.

Калі ўсё ж верагодны апошні сцэнар, то ў Лукашэнкі дылема. Альбо ён будзе «кіраўніком краіны без краіны» — калі пагодзіцца на «31-ю дарожную карту». Альбо ён не будзе кіраўніком краіны, што цалкам магчыма. Мы ж памятаем: у 1996-м толькі «расійскі дэсант», што складаўся з кіраўнікоў суседняй краіны, дапамог яму пазбегнуць імпічменту.

На што яшчэ пойдзе беларускі «правадыр» дзеля захавання ўлады?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: