Улады адказалі Партыі БНФ на запыт аб вывадзе расійскіх вайскоўцаў з Беларусі

Партыя БНФ прапануе не працягваць дамовы арэнды Расіяй у Беларусі двух аб’ектаў: вузлу сувязі ВМФ Расіі «Вілейка» і радыёлакацыйнай станцыі «Волга» (вузел «Баранавічы») у складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, піша «Радыё Свабода».




Мінабароны і Савет бяспекі Беларусі даслалі свае адказы на зварот Партыі БНФ наконт набліжэння да заканчэння тэрміну знаходжання ў Беларусі вайсковых аб’ектаў Расійскай Фэдэрацыі.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі размешчаныя два расійскія вайсковыя аб’екты: 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй») побач з Вілейкай і радыёлакацыйная станцыя «Волга» дэцыметровага дыяпазону (вузел «Баранавічы») у складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаная на поўнач ад Ганцавіч. Знаходжанне гэтых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, заключанымі ў 1995 годзе паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі. Тэрмін дзеяння гэтых пагадненняў складае 25 гадоў і неўзабаве заканчваецца. 

Андрэй Раўкоў 

У сваім адказе на зварот Партыі БНФ міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў паведаміў, што пагадненні пра размяшчэнне названых вайсковых аб’ектаў уступілі ў сілу для Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1996 году (і, адпаведна, дзейнічаюць да 7 чэрвеня 2021 года), а пра намер адмовіцца ад працягу гэтых дамоваў Рэспублікі Беларусь можа паведаміць расійскаму боку ў тэрмін да 6 чэрвеня 2020 года.

Міністэрства абароны адзначае, што ацэнка мэтазгоднасці працягвання ці спынення гэтых дамоваў будзе ажыццяўляцца Міністэрствам абароны з улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Прапановы аб спыненні дзеяння міжнародных дамоваў могуць быць накіраваныя дзяржаўнымі органамі ў Савет Міністраў, у чыёй кампетэнцыі знаходзяцца гэткія пытанні.

Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь у адказе напісаў, што пытанне пра дзеянне беларуска-расійскіх пагадненняў будзе разглядацца з улікам абставінаў і прапановаў, выкладзеных у звароце БНФ.

Як заявіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, партыя будзе працягваць уздымаць на палітычны парадак дня пытанне немэтазгоднасці працягу размяшчэння ў Беларусі вайсковых аб’ектаў Узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі:

 

Рыгор Кастусёў

«Партыя БНФ лічыць непрымальным знаходжанне расійскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі. Гэтыя аб’екты робяць нашую краіну мішэнню ў выпадку канфлікту Расіі з Захадам, што асабліва небяспечна ў сітуацыі эскалацыі міжнароднай напружанасці ў рэгіёне ў выніку расійскай агрэсіі супраць шэрагу суседніх краінаў».

Кастусёў перакананы, што «аб’екты „Вілейка“ і „Баранавічы“ — гэта пісталет, які РФ прыставіла да скроні Беларусі».

«Працяг гэткага становішча недапушчальны — знаходжанне ў Беларусі расійскіх войскаў ёсць найвялікшай пагрозай для нацыянальнай бяспекі Беларусі. У найбліжэйшы час БНФ плануе правесці далейшае абмеркаванне гэтай праблемы з мэтай прыцягнення да яе грамадскай увагі.

Вельмі важна, што беларускі народ не падтрымлівае размяшчэння ў Беларусі расійскіх войскаў — гэта было відавочна падчас няўдалай авантуры са спробамі прымусіць Беларусь даць згоду на размяшчэнне паўнавартаснай расійскай авіябазы на беларускай зямлі. Упэўнены, што падчас наступных прэзідэнцкіх выбараў, якія прыпадаюць акурат на час заканчэння тэрміну дзеяння арэнды расійскіх вайсковых аб’ектаў, пытанне пра недапушчальнасць працягвання іх далейшага знаходжання ў Беларусі будзе адным з найважнейшых», — сказаў старшыня БНФ Рыгор Кастусёў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!