Уладзімір Лабковіч: Забарона на агітацыю незаконная

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч пракаментаваў адмову камандзе Ціханоўскай праводзіць афіцыйна дазволеныя мітынгі.

Фота babruysk.by


Як вядома, 6 жніўня каманда кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай не праводзіла мітынг-канцэрт у парку Дружбы народаў, бо там нечакана Міністэрства абароны вырашыла святкаваць Дзень чыгуначных войскаў.

Раней ёй адмовілі ў правядзенні мітынгаў на розных падставах і на іншых пляцоўках.

Уладзімір Лабковіч пракаментаваў гэту сітуацыю “Радыё Рацыя”:

— Забарона на агітацыю, безумоўна, незаконная. Мы зыходзім у першую чаргу з таго, што пастановамі мясцовых органаў улады вызначаны спецыяльныя месцы для правядзенне агітацыі ў час кампаніі.

А гэта значыць, што ўлады прыярытэтна вызначылі гэтыя месцы як тыя, што ў першую чаргу павінны быць прадстаўлены для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў. Для культурна-забаўляльных мерапрыемстваў застаюцца іншыя месцы, якія не вызначаны для правядзення агітацыі. А тая ж плошча Бангалор на час агітацыі павінна была прадастаўляцца толькі для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў.

А калі ёсць калізія, хто павінен у гэтым месцы выступаць, то на час прэзідэнцкай кампаніі перавага павінна аддавацца кандыдату ў прэзідэнты. Тым больш, што каманда Святланы Ціханоўскай загадзя падала заяўку на правядзенне канцэрта-мітынг, і ўладам было добра вядома месца і час, дзе адбудзецца мерапрыемства.

Таму мы ўбачылі адназначную перашкоду ў агітацыі і адназначна незаконнае рашэнне мясцовых органаў улады.

— Гэтае рашэнне каманда Ціханоўскай абскардзіла ў Генеральную пракуратуру, ЦВК і Мінгарвыканкам…

— Няма ніякага сэнсу ў такім абскарджванні, бо ўжо 9 жніўня — выбары. Ды і няма ў нашай краіне незалежнага прававога арбітра, які б мог вынесці справядлівае рашэнне ў гэтай сітуацыі. Абскарджванне мае больш псіхалагічнае значэнне.

Паводле Радыё Рацыя Фота babruysk.by




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: