Уладзімір Макей патлумачыў, навошта завёў сабе інстаграм

На днях міністр замежных спраў завёў старонку ў Instagram, піша Наша Ніва
У подпісе да першай фатаграфіі, апублікаванай 8 лістапада, Макей напісаў, што прыйшоў у сацсетку, «каб кантактаваць з добрымі людзьмі і, калі спатрэбіцца, даць адказ нядобрым», нагадвае Tut.by.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз пацвердзіў, што акаўнт — сапраўдны і міністр завёў персанальную старонку яшчэ і ў фэйсбуку.

Сам Макей кажа, што рашэнне прысутнічаць у сацсетках стала для яго не такім лёгкім.

Дзіўная атрымліваецца сітуацыя: дзяржаўнага служачага няма ў сацсетках — значыць «усё неадукаваныя і неактыўныя» (гэта яшчэ мякка сказана). З'явіўся і заўважаны — зноў шэраг пытанняў. Пры гэтым часцяком змест становіцца другасным. Не скажу, што рашэнне асабіста прысутнічаць у сацыяльных сетках было лёгкае і спантаннае. Зусім няма. Але цалкам відавочна, што сёння сацсетка — гэта асобная новая рэальнасць, якая працягвае імкліва развівацца. Уся мая сям'я і большасць маіх калегаў ўжо даўно ў ёй.

Не для дэманстрацыі пісьменнасці, а ў якасці дадатковага аргументу хацеў бы прывесці прыгожае лацінскае выслоўе, што запомнілася яшчэ са студэнцкіх часоў, - Volentem ducunt fata, nolentem trahunt (жадаючага вядзе лёс, нежадаючага цягне). Сэнс наконт руху ў нагу з часам, думаецца, зразумелы. А гэта вельмі актуальна ў наш час, час фэйкавых навін, інсінуацый, абвінавачванняў, здагадак і г.д. і т. п, - лічыць Уладзімір Макей.

Кіраўнік МЗС гатовы адказваць і на асабістыя паведамленні, якія будуць яму прыходзіць у сацсетках.

— Пастараюся пры наяўнасці вольнага часавага рэсурсу. Больш за тое, пакуль не лічу сябе прафесійным карыстальнікам сацыяльных сетак, — адзначыў міністр.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: