Уладзіміра Кондруся судзяць без яго прысутнасці (дапоўнена)

Апошні вязень Плошчы–2010 не прыехаў на працэс. Канваір паведаміў суддзі Святлане Бандарэнка, што «Кондрусь катэгарычна адмаўляецца накіроўвацца ў залу суда». Яна завочна выдаліла яго з працэсу.


26 снежня ў судзе Маскоўскага раёну Мінску аднавіўся працэс па справе Уладзіміра Кондруся. Працэс над палітвязнем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы–2010, распачаўся 16 лістапада. Сёння — другі дзень. Пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, паведамляе "Белсат"


Кондрусю пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы Беларусі прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем і патрабуюць ягонага вызвалення.


Пракурор Герасімовіч спяшаецца, паведамляе “Радыё Свабода”. Пракурор зачытвае дадзеныя пра рэчы, якія былі знойдзеныя на плошчы Незалежнасці пасля разгону мітынгу пратэсту супраць фальшавання выбараў 19 снежня 2010 года. Пра «65 абрэзкаў водаправодных» трубаў ды іншыя рэчы: абломкі дручкоў, сцягі, бутэлькі... (Усё падобнае на матэрыялы са справаў 2011 году пра Плошчу).


«Са слядамі рук, якія непрыдатныя для экспертызы», пракурор чытае і праглядае матэрыялы хутка, ужо пачала 3-ці том. Там копіі экспертызаў пацярпелых. Праз 2 хвіліны ўжо перайшла да 4 тому. Яшчэ засталося 5 тамоў, але калі такімі тэмпамі суд будзе вывучаць матэрыялы, дык праз 10 хвілінаў пачнуцца судовыя спрэчкі.


Праз 15 хвілін, у 11.30 перайшлі да 7-га тома. Пракурор згадвае агляд рэчаў, якія забралі пры ператрусе 14 чэрвеня, калі сярод іншага былі забраныя з дому Кондруся ў Рудзенску ягоны мабільнік, кампутар. У кампутары знойдзеныя скрыншоты падзеяў 19 снежня 2010 года на Плошчы, у тым ліку са здымкамі Кондруся. Ёсць пастанова аб прызнанні гэтых рэчаў «рэчавымі доказамі».

 

На судзе быў згаданы факт з запісам падзеяў 19 снежня, спачатку каля Палацу прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы, потым на плошчы Незалежнасці каля Дома ўраду. Указаныя хвіліны відэафайлу, калі на іх з’яўляецца Кондрусь: б’е па вокнах. Удараў не меней за 20, вадасцёкавай трубой. Яшчэ б’е па шчыту міліцыянта — не меней за 5 удараў, потым — як уцякае з Плошчы, стаіць насупраць міліцыянтаў. На галаве Кондруся чорная шапка, паведамляе з суда “Радыё Свабода”.

 

У cудзе таксама былі агучаныя звесткі з кампутара Кондруся, дзе ён пісаў камусьці па-беларуску, што быў удзельнікам Плошчы–2010. А таксама іншыя звесткі з кампутара Кондруся: што 13 снежня 2010 года ён з Масквы пісаў, што збіраецца ўдзельнічаць 19 снежня ў выбарах у Беларусі і нібыта «збіраецца ўжываць сілу адносна супрацоўнікаў міліцыі», — гэтак зачытала пракурор.

Высновы псіхіятрычнай экспертызы Кондруся: Патрэбнае лячэнне

 

«На момант інкрымінаванага яму дзеяння хварэў на разлад псіхікі, у яго неадэкватная рэакцыя на рэчаіснасць і ролю сваёй асобы. Цяпер можа ўсведамляць свае дзеянні, але застаўся разлад у ацэнцы сваёй асобы. Патрэбнае лячэнне», — адзначаецца ў псіхіятрычнай экспертызе, перадае “Радыё Свабода”.


Дыягназ: Абвостранае разуменне сваіх правоў, пратэстная рэакцыя

 

Вынікі комплекснай экспертызы, якая праводзілася пасля пачатку суду: «Кондрусь пакутуе на змешаны шызоідны разлад псіхікі. Дысгармонія асобы, пратэстная рэакцыя, няздольнасць падтрымліваць доўгатэрміновыя адносіны з людзьмі, падвышаны самааналіз, абвостранае разуменне сваіх правоў. Але памяць добрая. Адмова ад прыёму ежы і знаходжання ў судзе — рэакцыя пратэсту. Можа знаходзіцца ў судзе. Але з-за парушэння ў эмацыйнай сферы недакладна трактуе паводзіны іншых людзей. Патрэбны нагляд і лячэнне», цытуе “Радыё Свабода”.

Такім чынам, у 12.05 было завершанае агалошванне матэрыялаў справы, пачаўся агляд рэчавых доказаў.


Выступіў пракурор, які сцвярджае, што віна цалкам даказаная, у тым ліку ранейшымі прысудамі, што ўступілі ў законную сілу, якія ўстанавілі факт масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці ў 2010 годзе, адзначае spring96.org. Уладзімір Кондрусь прыняў у гэтых масавых беспарадках актыўны ўдзел і ўсведамляў характар сваіх дзеянняў. Пракурор просіць выключыць з абвінавачвання ўзброены супраціў супрацоўнікам міліцыі, прыняць як змякчальныя абставіны — стан здароўя, прызнаць абмежаваным у свядомасці адносна здзейсненнага. Улічваючы той факт, што прайшло шэсць год, пракурор запрашвае пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання, залічыць утрыманне пад вартай — дзень за два, і вызваліць з-пад варты ў залі суда.

Адвакат не пагадзіўся з кваліфікацыяй дзеянняў Уладзіміра Кондруся як масавых беспарадкаў. Ён адзначае, што ўвогуле не згодны, што 19 снежня такія беспарадкі былі ў прынцыпе. Лічыць, што былі групавыя дзеянні, якія груба парушалі грамадскі парадак, і просіць Уладзіміра Кондруся апраўдаць.

Прысуд будзе вынесены ў 16.00.

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: