Уладзіміра Някляева выклікаюць на чарговы суд

Экс-кандыдат у прэзідэнты і літаратар атрымаў сёння ажно тры позвы на суд. Але ісці на яго не збіраецца. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

“Сёння зноў суд.

Ажно тры позвы на яго. Адну даслалі проста па пошце, другую - заказным пісьмом, трэцюю (амаль уночы) прынёс участковы.

Тое самае было перад адным з папярэдніх судоў, дзе мяне судзілі за ўдзел у масавым мерапрыемстве, у якім я не ўдзельнічаў. Быў у той дзень і час зусім у іншым месцы. Тым не менш тры позвы на той суд даслалі — і тры міліцыянты сведчылі, што я “участвовал в несанкционированном массовом мероприятии, выражался и нарушал общественный порядок лозунгом “Жыве Беларусь”. 

На тым судзе я прадставіў доказы, што міліцыянты лжэсведчаць. А лжэсведчанне — гэта сапраўднае, а не прыдуманае злачынства. І за яго суд проста абавязаны быў прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці. Пакараць. Тым больш, што адзін з міліцыянтаў на тым судзе зняважаў маю нацыянальную годнасць, патрабуючы, каб я, беларус, размаўляў не па-беларуску, а “на человеческом языке». Я адразу звярнуўся на гэта ўвагу суда, але суд прамаўчаў. Ні па-беларуску не сказаў нічога, ні па-руску.

Ніхто міліцыянтаў да адказнасці не прыцягнуў. Не пакараў. Зрабілі выгляд, нібы нічога не было. Ні лжэсведчанняў, не знявагі, ні ўвогуле суда.

І пасля гэтага зноў дасылаюць мне тры позвы... На гэтакі самы суд. На які пайсці — сябе не паважаць”.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: