Ультыматум Дзмітрыя Мядзведзева штурхае Беларусь у новую рэальнасць

Беларусь на парозе новага перыяду. Калі Масква чарговым разам не памяняе сваёй пазіцыі , то краіне давядзецца далей жыць без нафтавага гранту. Беларусь уступае ў перыяд перамен, піша Валерый Карбалевіч на «Радыё Свабода».
Прэмʼер-міністр Расіі Дзмітры Мядзведзеў і прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас 13 снежня ў Брэсце.

Прэмʼер-міністр Расіі Дзмітры Мядзведзеў і прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас 13 снежня ў Брэсце.


Расія гатовая кампенсаваць Беларусі страты ад падатковага манеўру толькі пасля фактычнага аб’яднання ў адну дзяржаву.

Такім чынам, ружжо, якое амаль 19 гадоў (з 1999-га) вісела на сцяне, раптам выстраліла. Расія вырашыла рэанімаваць, здавалася, даўно ўсімі пахаваную «Саюзную дзяржаву». У Брэсце вуснамі прэмʼера Дзмітрыя Мядзведзева Масква сфармулявала свае патрабаванні да Мінску.

Хачу нагадаць, што так званая «Саюзная дзяржава» — помнік той эпохі, у якой яна стваралася. Гэта палітыка-юрыдычная структура меркавалася як пераходная форма на шляху да поўнага абʼяднання дзвюх краін. На тле старога і хворага прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына, які амаль цалкам страціў давер расійскага грамадства, малады і энергічны, папулярны ў Расіі Аляксандр Лукашэнка марыў пра крамлёўскі пасад і ўсяляк прышпорваў працэс інтэграцыі. Тая эпоха даўно закончылася, а помнік застаўся. І вось цяпер Расія вырашыла яго ажывіць.

Намёкі на тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў беларуска-расійскіх стасунках нешта адбываецца, былі. Але іх заўважалі толькі вельмі ўважлівыя назіральнікі. Тут і прызначэнне новым расійскім амбасадарам палітычнага цяжкавагавіка Міхаіла Бабіча з больш вялікім паўнамоцтвамі, і дзіўныя запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі ў непарушнасці беларускага суверэнітэту, і двойчы выказаная ім гатоўнасць раздаць беларусам 7 мільёнаў аўтаматаў дзеля абароны краіны.

Тым не менш ультыматум, выстаўлены Мядзведзевым у Брэсце, стаў для Мінску ў пэўным сэнсе нечаканым. Пра гэта сведчыць і аптымістычная заява Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу, калі ён упэўнена казаў, што пытанне пра кампенсацыю Беларусі страты ад падатковага манеўру будзе вырашана цягам тыдня, на перамовах віце-прэмʼераў і прэмʼер-мінстраў дзвюх краін. І расійскія афіцыйныя асобы пацвярджалі гэта. Першы віцэ-прэмʼер і міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў нават апавядаў, які механізм прапануе Масква, гэта павінен быць міжбюджэтны трансферт.

І раптам такі паварот у пазіцыі Крамля, які здарыўся літаральна апошнімі днямі. Здаецца, што каталізатарам працэсу стала тая дыскусія на саміце ЭАЭС у Санкт-Пецярбургу, якая пачалася ў прысутнасці мэдыя, а завяршылася на закрытым пасяджанні. Паводле прэс-сакратаркі беларускага прэзідэнта Наталлі Эйсмант, абмеркаванне было эмацыйным, вельмі бурным. «Напал пачуццяў быў такі, што прасіць прабачэння ў фінале давялося ўсім перад усімі», — расказвала яна. Магчыма, Пуцін не вынес крыўды. І фінал той піцерскай дыскусіі мы ўбачылі ў Брэсце.

І цяпер можна заўважыць пэўную разгубленасць афіцыйнага Менску. Пра гэта сведчыць і адмова беларускага боку падпісваць анансаванае пагадненне з Расіяй аб узаемным прызнанні візаў. Нібыта Беларусь «не паспела завяршыць унутрыдзяржаўныя працэдуры». Такі няўклюдны ўкол у адказ. Няўклюдны таму, што гэтае пагадненне больш выгаднае Мінску. Яно здымае праблему перасячэння беларуска-расійскай мяжы грамадзянамі трэціх краін. А менавіта Беларусь зацікаўлена ў большым транзіце праз сваю тэрыторыю.

Таксама пра разгубленасць сведчыць тое, што БелТА дала выступ Дзмітрыя Мядзведзева ў Брэсце ў моцна адрэдагаваным выглядзе. Сутнасць расійскага ўльтыматуму беларускія ўлады спрабуюць прыхаваць.

Упершыню за шмат гадоў прэсавая канферэнцыя Лукашэнкі для расійскіх медыя не будзе транслявацца па радыё ў жывым эфіры. І на яе не акрэдытавалі журналістаў незалежных медыя.

Такім чынам, Беларусь на парозе новага перыяду. Калі Масква чарговым разам не памяняе сваёй пазіцыі (Лукашэнка збіраецца ляцець да Пуціна яшчэ да Новага году), то краіне давядзецца далей жыць без нафтавага гранту. Цалкам магчыма, што за гэтым наступіць і павялічэнне кошту газу. Інакш кажучы, давядзецца жыць без расійскай «халявы». Усё гэта цягне за сабой вялікія і, думаю, драматычныя наступствы. Беларусь уступае ў перыяд перамен.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!