Ультыматум рэжыму, выглядае, у першую чаргу, выпрабаваннем для Ціханоўскай

Рэакцыю ўладаў прадказаць няцяжка: верагоднасць выканання прад'яўленых патрабаванняў выглядае вельмі блізкай да нуля. І ад таго, наколькі моцным будзе наступны ход Святланы, істотна залежаць яе бліжэйшыя перспектывы.
Maja Hitij/Getty Images

Maja Hitij/Getty Images


Абвяшчэнне ультыматума прадыктавана некалькімі фактарамі:

— здэтанавала рэкамендацыя Сяргея Ціханоўскага: «трэба неяк больш жорстка»;

— так ці інакш, калі супастаўляць жнівеньскія маршы з кастрычніцкімі, то ўсё ж параўнанне будзе не на карысць апошніх, паколькі сілавікі адціскаюць прыхільнікаў пераменаў, і, калі ўсё пусціць на самацёк, працэс гэты, хутчэй за ўсё, будзе ўзмацняцца. Прад'яўляючы ультыматум, каманда Ціханоўскай спрабуе перахапіць ініцыятыву і мабілізаваць сваіх прыхільнікаў на «апошні і рашучы бой»;

— візіт цяперашняга кіраўніка краіны ў СІЗА КДБ атрымаў розныя ацэнкі. Да прыкладу, былы часовы павераны Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч лічыць, што Аляксандр Лукашэнка атрымаў у "амерыканцы" тактычную перамогу. Але многія эксперты схіляюцца да таго, што ён, наадварот, паказаў сваю ўразлівасць. У штабе Ціханоўскай відавочна схіляюцца да апошняга варыянту: у выніку было вырашана, што цяпер зручны момант, каб перайсці ў наступ.

Праблема ў тым, што і сядзець, склаўшы рукі, нельга, і падобныя ініцыятывы часта вяртаюцца бумерангам: "пайшлі ў атаку — трапілі ў палон". Спробы арганізаваць спачатку агульнанацыянальную, а потым студэнцкую забастоўку, далікатна кажучы, не былі сверхпаспяховымі.

Калі ўльтыматум праваліцца, то гэта балюча ўдарыць і па Ціханоўскай, і па кароткатэрміновых перспектывах пратэстаў. У гэтым выпадку высветліцца, што лідар не вельмі ўплывае на сітуацыю. Гэта дасць дзяржпрапагандзе дадатковыя козыры: «Ну і дзе вашыя мільёны прыхільнікаў?»

Пакуль у рамках падрыхтоўкі глебы да "дня Х" Ціханоўская абмяжоўваецца даволі шаблоннымі заклікамі, і гэта наўрад ці моцная матывацыя для тых, хто вагаецца. Больш пытанняў з гэтай нагоды цяпер узнікае нават не да кандыдата ў прэзідэнты, якая ў гэтай ролі аказалася, як ні круці, даволі выпадкова, а да яе атачэння, дзе сабраліся людзі з пэўным вопытам грамадска-палітычнай дзейнасці.

Зразумела, што прыдумаць па-сапраўднаму эфектыўныя хады ў сітуацыі, якая склалася, — гэта задача з трыма зорачкамі. І ўсё ж палітычныя штабы існуюць менавіта для таго, каб знаходзіць рашэнні, а не проста дэманстраваць грамадскасці сябе любімых. У найбліжэйшыя дні група Ціханоўскай так ці інакш пакажа, чаго вартая.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: