«Уплыў Расіі на сітуацыю ў Беларусі ў рэальнасці можа быць значна ніжэйшы, чым прынята лічыць»

Аналітык Пётр Кузняцоў разважае ў сваім тэлеграм-канале, што азначае ліквідацыя беларускага аддзялення «КП у Беларусі» і як гэта выглядае ў кантэксце сённяшняй палітычнай сітуацыі.


Вось не бразнуў бы Венедыктаў, што «КП» — любімая газета Пуціна, і, як для сённяшняй сітуацыі ў Беларусі — цалкам сабе стандартны, калі не сказаць «звыклы», кейс. Ну, зачынілася чарговае медыя — не першае, і не апошняе. Але інфармацыя, кантэксты, адценні цяпер граюць велізарную ролю. І пайшло па загалоўках: «Любімая газета Пуціна». Што, пагадзіцеся, далёка не адно і тое ж, як калі б гэта было проста «чарговае СМІ».

У першую чаргу гэта не адно і тое ж таму, што наносіць Пуціну чарговы іміджавы ўрон. Колькі іх было з боку Мінска за дзесяцігоддзі — ужо і падлічыць немагчыма. Усе ўсё чакаюць: калі ўжо ў яго скончыцца цярпенне? А яно ўсё не сканчаецца і не сканчаецца і аказваецца гумовым настолькі, што ўзнікаюць пытанні: ці ён сапраўды можа хоць нешта зрабіць? На гэтым фоне задумаешся: а ці варта беларусам дакараць саміх сябе за цярпенне, калі, як бачым, дэманстраваць падобнае даводзіцца не толькі ім, але і лідарам ядзерных дзяржаў, і прытым — дэманстраваць практычна бясконца.

Ніякіх сумненняў у тым, што ў Мінску так паступаюць свядома, выдатна разумеючы, што ніякіх наступстваў не будзе, быць не можа. Яшчэ адна іміджавая пастка для Пуціна ў гэтай сітуацыі ў тым, што ну зусім не з рукі яму цяпер прэзентаваць сябе перад публікай у іміджы заўзятага абаронцы журналістаў, медыя і свабоды слова. У Расіі цяпер з гэтым справы хіба што трошкі лепей, чым у Беларусі, але ў цэлым тэндэнцыі ўсё тыя ж самыя. Публічна лаяцца за «любімую», дэманстратыўна знішчаючы іншых — выглядае дробным і смешным. Гэтага ў Крамлі дапусціць не могуць. Таму, з верагоднасцю 99%, скандал, справакаваны афіцыйным Мінскам на досыць роўным месцы, зноў сыдзе яму з рук. У які ўжо раз.

Хочацца сказаць, што ўсё гэта актуальна толькі ў выпадку, калі КП сапраўды мае нейкія пуцінскія сімпатыі, што далёка не факт, а словы Венядзіктава — не дыягназ. Аднак рэальнасць такая, што якраз гэтая праўда ўжо не мае ніякага значэння: інфармацыйны фон сфармаваны яркім цэтлікам і масавасцю тыражавання.

Расійскія ўлады вельмі клапоцяцца пра тое, як іх бачаць і ўспрымаюць у свеце. Ім вельмі хочацца, каб на іх глядзелі, як на роўных у палітыцы і ўсемагутных у іх сферах уплыву. Аднак практыка раз за разам зводзіцца да таго, што той жа Захад выдатна бачыць зусім іншую карціну: па большай частцы Крэмль не ў сілах дыктаваць сваю волю нават татальна залежнаму ад яго «апошняму саюзніку». І сам гэты саюзнік, цалкам свядома, раз за разам, умацоўвае такі вобраз.

Цяжка сказаць, якое значэнне гэта ўсё мае для сённяшняй беларускай сітуацыі, з улікам таго, што наступстваў, сапраўды, напэўна, амаль не будзе ніякіх. Можна быць упэўненым толькі ў тым, што падобныя мікраперамогі ўмацоўваюць імідж Лукашэнкі сярод наменклатуры і чыноўнікаў як моцнага лідара, здольнага праціскаць свае рашэнні нават насуперак Маскве. Тактычна гэта на руку рэжыму.

Стратэгічна ж, як бы справы не ішлі ў канкрэтны дадзены момант, заўсёды застаецца верагоднасць, што цярпенне Крамля ўсё ж лопне, таму што не можа хвост круціць сабакам бясконца. Аднак, як паказвае практыка, верагоднасць таго, што гэта адбудзецца, досыць малая. У палітычным сэнсе гэта азначае, што ўжо неаднаразова агучвалася рознымі палітыкамі і экспертамі: уплыў Расіі на сітуацыю ў Беларусі ў рэальнасці можа быць моцна ніжэй, чым прынята лічыць.

А гэта значыць, што пры пэўным збегу абставінаў, у беларусаў можа з’явіцца гістарычны шанец самастойна вызначыць сваю будучыню пры мінімальным знешнім уплыве.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: