USAID можа цалкам спыніць дапамогу Беларусі

Дапамога Беларусі ў рамках праграм Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) можа быць цалкам спыненая ў 2018 годзе.

Гэта вынікае з апублікаваных часопісам Foreign Policy дакументаў, якія ўтрымліваюць прапановы прэзідэнта Дональда Трампа па скарачэнні выдаткаў бюджэту на 2018 год, у тым ліку — за кошт праграм у рамках USAID.

Сродкі ў памеры 7,9 млн долараў, якія вылучаюцца Беларусі, у наступным годзе прапануецца скараціць на 100%.

Акрамя Беларусі, прапануецца цалкам спыніць фінансаванне праграм для Азербайджана, Чарнагорыі, Польшчы, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і шэрагу іншых краін. У дачыненні да многіх краін фінансаванне ў рамках USAID прапануецца значна скараціць.

Копія аднаго з дакументаў, апублікаваных часопісам Foreign Policy

Копія аднаго з дакументаў, апублікаваных часопісам Foreign Policy


«Абяцанне прэзідэнта Дональда Трампа «Амерыка перш за ўсё» ўключае ў сябе план па радыкальным скарачэнні дапамогі краінам, якія развіваюцца, а таксама плануецца зліццё Дзярждэпартамента і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці», — адзначае Foreign Policy.

Прапановы па бюджэце на 2018 год прэзідэнт Трамп павінен прадставіць на разгляд Кангрэсу ЗША. Пры гэтым Foreign Policy лічыць малаверагодным, што кангрэсмены ўхваляць такое значнае скарачэнне.

Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) з'яўляецца органам дзяржаўнага кіравання па аказанні дапамогі за мяжой. Адміністратары агенцтва i iх намеснiкi назначаюцца прэзідэнтам са згоды Сената і дзейнічаюць у каардынацыі з Дзяржсакратаром ЗША.

Асноўныя напрамкі работы USAID уключаюць падтрымку гандлю, сельскай гаспадаркі, эканамічнага росту, аховы здароўя, экстраную гуманітарную дапамогу, садзейнічанне ў прадухіленні канфліктаў і падтрымку дэмакратыі ў краінах, якія развіваюцца.

У Беларусі USAID працуе з 1999 года і ставіць сваёй задачай садзейнічанне «станаўленню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы з рынкавай эканомікай, развіццю беларускай грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектара і мясцовых супольнасцяў».

«USAID аказвае падтрымку развіццю грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектара і прадпрымальніцтва, а таксама падтрымлівае дзейнасць па прасоўванні і абароне правоў уразлівых груп насельніцтва», — гаворыцца на сайце агенцтва ў раздзеле пра Беларусь.

USAID рэалізуе ў Беларусі шэраг праектаў у розных сферах, у тым ліку праграму прафесійных стажыровак Community Connections. На працягу шэрагу гадоў USAID арганізоўвала візіты ў Беларусь амерыканскіх экспертаў-валанцёраў для абмену вопытам.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!