Усаў: Лукашэнка знішчыць краіну і падрыхтуе глебу для прамой расійскай акупацыі

Палітолаг Павел Усаў аналізуе сённяшнюю заяву намесніка кіраўніка Савета бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева адносна «больш шчыльнай эканамічнай інтэграцыі» Беларусі і Расіі.
Масква вярнулася да пытання аб інтэграцыі. Як мне думаецца — гэта і ёсць кошт падтрымкі для Лукашэнкі. Расія, словамі Мядзведзева, дала ясна зразумець, што не мае намеру адмаўляцца ад планаў па захопе суседніх тэрыторый і пашырэнні імперыі настолькі, наколькі ёй дазваляюць рэсурсы і магчымасці.

Сёння магчымасцяў для гэтага вельмі шмат. Рэжым Лукашэнкі саслаблены, яго легітымнасць канчаткова згублена, сілавікі і асяроддзе дыктатара арыентаваны на Маскву, бо толькі Крэмль з'яўляецца гарантам іх уласнай бяспекі і існавання.

Рэпрэсіі, санкцыі, адток чалавечых рэсурсаў канчаткова падарвуць эканамічны базіс.

Кошт падтрымкі ўлады Лукашэнкі фактычна роўны для Расіі выдаткам па інтэграцыі.

Больш за тое, нават частка антылукашэнкаўскага электарату працягвае спадзявацца на тое, што рука Масквы вырашыць праблему Лукашэнкі. Таму, калі за інтэграцыяй будзе праглядацца сыход дыктатара, то часткай насельніцтва яна будзе ўспрымацца станоўча.

У сваю чаргу і для Крамля важна паказаць і грамадству, і свету, што моц Расіі застаецца на ранейшым узроўні і прадэманстраваць новыя геапалітычныя перамогі.

Інтэграцыя, зразумела, выйдзе за межы эканамічнай. Будуць цалкам аб'яднаныя сістэмы бяспекі, што значыць, што беларускія салдаты адправяцца служыць у Чачню, Сірыю, Данбас, і нашы грамадзяне ператворацца ў гарматнае мяса «кульгавай імперыі».

Маскве таксама выгадна, каб Лукашэнка цалкам задушыў пратэсты, бо інтэграцыя пры нацыянальна-дэмакратычным уздыме запатрабуе дадатковых выдаткаў на задушэнні і рэпрэсіі. Больш за тое, Масква будзе выглядаць як відавочны агрэсар. У сваю чаргу, палітыка тэрору рэжыму Лукашэнкі павінна знясіліць моц і энергію сістэмы і грамадства, пасля чаго Масква хутка і эфектыўна рэалізуе сваю палітыку.
Іншымі словамі Лукашэнка знішчыць краіну і падрыхтуе глебу для прамой расійскай акупацыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: