Усаў: Прыярытэт для Крамля — пашырэнне ваеннай прысутнасці ў Беларусі

Эксперт не выключае з'яўлення ў Беларусі ваенных баз або абмежаванага ваеннага кантынгенту Расіі.
Пасля чатырох гадзін перамоў Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зноў не выйшлі да прэсы і нічога не распавялі. Што яны маглі абмяркоўваць?

— Абмяркоўвалі глабальныя пытанні, звязаныя з тым, як Лукашэнка будзе расплачвацца за падтрымку Крамля, — сказаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава) Павел Усаў. — Думаю, для Расіі прыярытэтам з'яўляецца пашырэнне ваеннай прысутнасці ў Беларусі.

У пацвярджэнне сваёй думкі ён нагадаў пра нядаўнюю заяву камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Ігара Голуба, які распавёў, што летам гэтага года ваенныя Расіі і Беларусі пачнуць нясенне сумеснага баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне (СПА) на адным з беларускіх аэрадромаў.

— Хутчэй за ўсё, расійскія самалёты будуць размяшчацца ў Гродзенскай вобласці, магчыма ў Лідзе. Гэта з'яўляецца сведчаннем таго, у якім кірунку варта разглядаць рух Расіі ў дачыненні да Беларусі. Магчыма, што нават «дарожныя карты» па паглыбленні інтэграцыі будуць адсунутыя на другое месца. Прыярытэт аддаецца пашырэнню ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, — лічыць Усаў.

Ён таксама не выключае з'яўлення ў Беларусі ваенных баз або абмежаванага ваеннага кантынгенту Расіі. Пры гэтым Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін і Лукашэнка пры сустрэчы пытанне размяшчэння расійскай ваеннай базы не абмяркоўвалі.

 Дамова аб размяшчэнні ваеннай базы ёсць і гатовая, Пуцін яе падпісаў яшчэ ў 2015 годзе, не было подпісу толькі Лукашэнкі. Магчыма, бакі чакаюць падпісання Лукашэнкам таго дэкрэта, у сувязі з якім ён казаў пра «прынцыповае рашэнне», і не хочуць падымаць шум раней часу, — сказаў суразмоўца.

Што будзе з падпісаннем «дарожных карт»?

— Нават калі яны будуць падпісаныя, іх рэалізацыя зойме пэўны час. Таму для Расіі можа быць прыярытэтна больш хуткае размяшчэнне ваеннай базы ў Беларусі, што будзе азначаць яе геапалітычны поспех і дасць інструменты для ціску на Лукашэнку, які будзе вымушаны пасля гэтага ісці на далейшыя саступкі, у тым ліку па «дарожных картах», — падсумаваў Павел Усаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: