Усеагульныя, роўныя, вольныя

Як я ратавалася ад выбарчай кампаніі ў сценах роднай кватэры.

Нядзельная раніца парадавала надзвычай цёплым для сярэдзіны лістапада паветрам, цішай ды спакоем выходнага дня, утульнай нешматлюднасцю двароў падчас шпацыру ў краму за сняданкавай кавай. Але шчасце было нядоўгім. Прыблізна а дзясятай гадзіне па ўсяму наваколлю пачалі разлятацца моцныя непрыемныя гукі наладжвання апаратуры. «17 лістапада — выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання» — гэтая фраза, што ўжо шмат дзён круцілася ў грамадскім транспарце, раптам набыла для мяне нечаканы сэнс. Палохаючы.

Выбарчы ўчастак, на якім пачынаўся святочны канцэрт, знаходзіцца ў школе вельмі блізка да майго дома, вокны кватэры выходзяць акурат на гэтую школу, а другі паверх зусім не спрыяе добрай гукаізаляцыі. Гэта азначала толькі адно: увесь дзень я буду вымушана слухаць гучную, раздражняльную, даволі прымітыўную музыку, якой так знакамітыя нашы выбарчыя ўчасткі. Здавалася б, у такі нехалодны дзень можна пазбавіць сябе пакутаў і выправіцца на доўгі шпацыр у нейкі парк палюбавацца апошняй восеньскай прыгажосцю. Але ў нядзелю я маю працу ў анлайне і таму жорстка прывязаная да кампутара з інтэрнэтам. Заставалася толькі адно: перажыць дзень выбараў любым коштам.

Узгаданы выбарчы ўчастак — акурат той, за якім я сама замацаваная. Гэты просты факт вымагаў яшчэ аднаго складанага рашэння: ці выправіцца туды пад вечар для выканання свайго грамадзянскага абавязку. Апошнія 13 год я ні разу не галасавала на выбарах, таму што актыўна займалася палітычнай і грамадскай дзейнасцю. Датэрміновае галасаванне не разглядалася ніколі, а ў асноўны дзень я займалася альбо назіраннем, альбо ўдзелам у вулічных акцыях, і, натуральна, не магла даехаць да роднага горада, у якім была прапісана. Цяпер са з’яўленнем сталічнай прапіскі пытанне галасавання рабілася выключна маральным: варта ці не?

Бясконцыя дыскусіі ў сацыяльных сетках ды і ў асабістых размовах сведчаць, што далёка не я першая і не я адзіная задаюся падобным пытаннем. Пры ўсіх тых падзеях, якія адбыліся ў Беларусі за апошнюю чвэрць стагоддзя і прывялі да поўнай дэградацыі палітычнай сістэмы ды інстытута выбараў як такога, пытанне таго, што ж з гэтай абсалютна камічнай з’явай пад назвай «выбарчая кампанія» рабіць, узнікае для кожнага неабыякавага грамадзяніна. Адказваюць на гэтае пытанне па-рознаму. Людзі выкарыстоўваюць безліч варыянтаў, нехта — заўжды адно і тое ж, нехта — штораз рознае.

Сумна толькі, што часам гэтыя варыянты дзеянняў настолькі адрозныя, што прыводзяць да спрэчак і крыўд паміж адэкватнымі і свядомымі людзьмі. Не пайсці на ўчастак увогуле ці пайсці на яго назіраць? Дакументаваць усе фальсіфікацыі ці проста давесці чальцоў камісіі да нервовага зрыву? Вынесці бюлетэнь ці напісаць на ім, які артыкул Крымінальнага кодэкса свеціць за парушэнне заканадаўства? Асвятляць працэс, прадстаўляючы незалежныя СМІ, ці пісаць артыкулы пра тыя рэформы, якія патрэбныя для дэмакратызацыі гэтага працэсу? У мяне няма адказу, якое дзеянне з’яўляецца найбольш маральным ці эфектыўным.

Напачатку я вырашыла спакойна займацца працай і не хадзіць на ўчастак. Маю ўпэўненасць пахіснуў візіт парачкі, па ўсяму відаць, прадстаўнікоў камісіі. Хаця самі яны нават не маглі ўцямна прадставіцца. «Я прадстаўнік школы, — запінаючыся, апраўдвалася дзяўчына на мае грознае «хто вы і што вам трэба». — Ці не жадаеце паўдзельнічаць у выбарах?» Што менавіта яна прадстаўляе ў школе, выкладчыцкі склад ці нешта яшчэ, дзяўчына ад страху проста забыла. А ў яе позірку — безліч гэтых маладзенькіх, баязлівых дзяўчат, якіх я пастаянна бачыла ў камісіях падчас назірання. Усе як адна, цьмяна ўяўляюць, што яны робяць і навошта, чаму іх так не любяць злыя назіральнікі, чаму ім не дадуць проста спакойна перажыць гэты тыдзень, калі начальства вешае шмат дзіўных абавязкаў, і проста атрымаць сваю прэмію.

Усе аднолькавыя, як і тая, што хацела ўкінуць стос бюлетэняў проста на вачах у назіральніка. Усе аднолькава крадуць нашу — і сваю ж, у тым ліку — будучыню і пры гэтым усімі сіламі намагаюцца думаць, што яны не робяць нічога кепскага. Парачка была прагнаная, а я падумала, што дайсці да школы і выказацца ўсё ж варта, хаця б для псіхалагічнай разгрузкі.

Але пакуль трэба было неяк даць рады з выбарчым канцэртам, які грымеў ужо неверагодна гучна. Я ўключыла радыё праз сайт і працягвала працу. Недзе а першай гадзіне дня пабачыла цікавую навіну: на выбарчым участку ў гарадзенскім дыспансэры завяршылася галасаванне, бо прагаласавалі ўсе выбаршчыкі. У сваім назіральніцкім стажы я мела досвед прысутнасці на так званым закрытым участку, якімі з’яўляюцца шпіталі ў Беларусі. Гэта сапраўды немагчыма забыць. Канешне, людзі не займаюцца назіраннем без належнай падрыхтоўкі: падчас кожнай кампаніі палітычныя партыі і праваабаронцы робяць навучанне для ўсіх жадаючых, распавядаюць пра нюансы працы камісій, дзеляцца досведам, дакладна абмалёўваюць, як павінна адбывацца галасаванне паводле заканадаўства.

Зайшоўшы на закрыты ўчастак, пра ўсе гэтыя правілы ды патрабаванні можна проста забыць. Персанал шпіталяў, з якога складаюцца камісіі, абсалютна не дбае ні аб якай прыстойнасці. Пацыенты з самай раніцы, нават раней за восьмую гадзіну, стаяць у велічэзнай чарзе, дзясяткамі галасуюць, не заходзячы ў кабінкі; не рэдкасць нават простае апусканне бюлетэня ў скрыню і без птушачкі, адразу пасля атрымання. Гэта проста канвеер, адзіная мэта якога — як мага хутчэй дазволіць камісіі зачыніць участак і пайсці адпачываць. Таямніца галасавання, адсутнасць пабочных людзей, добраахвотнае волевыяўленне без прымусу? Яны пра гэта і блізка не чулі. «Галасуюць» нават тыя, хто ў рэанімацыі. Я памятаю адзінага дзядулю, які прыйшоў галасаваць апошнім і гучна выказваў свае абурэнне. Але і ён не змог супраціўляцца ціску камісіі. Упэўнена, карціна галасавання на гарадзенскім участку выглядала гэтак жа сама.

Канцэрт у самым разгары, а радыё раздражняе перыядычнай рэкламай, што вымушае звярнуцца да ю-туба і слухаць спакойную музыку ўжо праз яго. Тры гадзіны дня. Натрапляю на некалькі лонгрыдаў пра дзень студэнта і яго гісторыю. Я заўжды захаплялася неверагоднай мужнасцю студэнтаў, якія (не толькі ў Чэхіі) былі ў сваіх краінах асноўнай пратэстнай сілай супраць дыктатур, акупацыі ці несправядлівасці. З аднаго боку, гэта лагічна: хто малады, той гарачы ды неўтаймаваны. З іншага, абсалютна ірацыянальна! Наперадзе ўсё жыццё, але яны хочуць жыць тут і зараз, і таму гэтым жыццём ахвяруюць. Яны ішлі пад кулі і пад танкі, яны стаялі на плошчах і самаспальваліся.

Я думаю пра беларускіх студэнтаў, якія сёння і ўвесь гэты тыдзень сотнямі ідуць пад прымусам на выбарчыя ўчасткі. Я думаю пра студэнтаў, якія зусім не зразумелі, якая высакародная ў іх аднагрупніца, і пачалі цкаваць яе за апублічванне відэа аб прымусе галасаваць. Думаю пра моладзь, якая баіцца не куляў і танкаў, а згубіць месца ў цесным пакоі сталічнага інтэрната, які шмат гадоў не бачыў рамонту. Думаю пра тых, для каго не толькі слова справядлівасць — пусты гук, але і тыя, хто яе дамагаецца, — галоўны вораг.

Як шмат іх такіх можна пабачыць па фотаздымках назіральнікаў з датэрміновага галасавання. І ўсё ж з усяе моцы хапаюся за прывідны спадзеў на тых адзінкавых, хто не баіцца ні застацца без інтэрната, ні праваліцца на сесіі, ні спрачацца з бацькамі, што палохаюць сваім звальненнем, — на тых, хто мае годнасць і смеласць змагацца за свае правы.

Недзе а пятай канцэрт канчаецца. Цяпер працы не перашкаджае амаль нічога, акрамя фрэндстужкі, якая актыўна абмяркоўвае выбары і ўсё тое, што адбываецца падчас іх ці то ўпершыню, ці то на сталай аснове. Сябры абураюцца: навошта камісіі ўвогуле займаюцца ўкідам бюлетэняў, прымусовым загонам на датэрміновае галасаванне ці «каруселямі», калі даўно напрацаваная схема, па якой у пратакол можна напісаць любую лічбу прагаласаваўшых, пагатоў назіральнікам не дазваляюць бачыць падлік галасоў.

Сапраўды, разнастайнасць існуючых сёння ў Беларусі механізмаў фальсіфікацый падаецца ўжо залішняй. А для мяне самае страшнае нават не гэта, а тое, як лёгка і як шмат людзей прадалі сваю душу незразумела за што: у плыні паведамленняў з участкаў знаходжу палохаючы расповед: жанчына перажыла замерлую цяжарнасць, адыходзячы ад наркозу пасля чысткі, плакала аб сваім страчаным дзіцяці. І ў гэты момант лекар пытаў яе, ці яна прагаласавала.


Напэўна, дэградацыя асобы так і пачынаецца: спачатку ты студэнт «меда» і хочаш ратаваць жыцці, але ідзеш на датэрміновае галасаванне, бо баішся быць адлічаным (ну, не зможаш жа ратаваць жыцці). Потым ты інтэрн ці асістэнт, і сядзіш у камісіі, і робіш тое, што загадвае старшыня, і не лезеш у тое, які там падлік галасоў, гэта не твая справа, твая справа лячыць людзей, пазбаўляць іх ад пакутаў. Потым ты лекар, ты старшыня камісіі, ты мусіш як мага хутчэй разабрацца з гэтай недарэчнасцю пад назвай «выбары», каб бегчы да пацыентаў, якім патрэбная дапамога, і толькі нейкая жанчына стаіць на тваім светлым шляху, бо яшчэ не прагаласавала…

Як людзі губляюць гэтую сувязь з рэчаіснасцю і перастаюць быць людзьмі, страчваюць усю чалавечнасць нават у тых прафесіях, дзе яна неабходная больш за ўсё? Калі хоць на нейкім выбарчым участку мне і хацелася б апынуцца сёння — дык гэта ў тым шпіталі з той жанчынай, абняць яе, падтрымаць. Мне давялося абараняцца ўсяго толькі ад гучнага канцэрта — а ці ж абараніў яе хоць нехта ад той жахлівай жорсткасці, якую спарадзіла ўся гэтая гнілая сістэма пад назвай «выбары»?

А сёмай гадзіне вечара я сканчаю свой працоўны дзень і застаюся сам-насам з пытаннем, ці варта ўсё ж ісці на выбарчы ўчастак. І на пошукі адказа ў мяне яшчэ цэлая гадзіна. Але якім бы ён ні быў — на што гэта паўплывае? 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: