Усенародная любоў? Не, усеагульная нянавісць

Якіх толькі версій пратэстаў мы ні пачулі ад Лукашэнкі. Але праўда ў тым, што адзінай прычынай масавых пратэстаў па ўсёй Беларусі стала ўсеагульная народная нянавісць. Да яго і яго хлусні.

Барыкады на "Пушкінскай". Фота TUT.BY


Тое, што цяпер адбываецца ва ўсіх гарадах нашай краіны, улады называюць масавымі беспарадкамі, але гэта масавае адраджэнне годнасці беларусаў. Яны нарэшце не проста захацелі “людзьмі звацца”, яны захацелі імі быць.

Але Лукашэнку і яго памагатым не патрэбныя годныя людзі, ім не трэба тыя, хто можа думаць, умее прымаць рашэнні і нясе адказнасць за сябе і свае ўчынкі. Ім патрэбны паслухмяны статак. Менавіта таму гэтымі днямі на вуліцах беларускіх гарадоў сілавікі ваююць з народам.

Ваююць па-сапраўднаму, па-майстэрску выкарыстоўваючы дубінкі, шумавыя гранаты, пакуль гумовыя кулі… Ваююць так, нібы наёмнікі, а не сыны беларускія. Так, нібы іх мізэрныя (па нармальных мерках) заробкі вартыя жыццяў і здароўя людзей. А можа, таму яны так шчыруюць, што, як і іх гаспадар, ненавідзяць годных людзей?

Ненавідзяць люта, бо ім ніколі не стаць такімі ж. Свабоднымі, смелымі, годнымі! “Кожны дзень!” — скандуюць пратэстоўцы. Кожны дзень яны будуць выходзіць на вуліцы родных гарадоў, пакуль Лукашэнка не сыдзе. Кожны дзень яны будуць рызыкаваць сваёй свабодай, здароўем і нават жыццём дзеля лепшай долі. Дзеля таго, каб больш не чуць з экранаў ТБ хлусню і абразы. Дзеля таго, каб нарэшце пачаць будаваць новую Беларусь. Краіну, дзе каштоўнасцю будзе гонар і годнасць, а не ліслівасць і прыніжэнне.

Да гэтай новай Беларусі мы ідзем ужо 26 гадоў. Мы выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Здавалася б, хопіць трызненняў. Хопіць марыць. Жывіце ў тым лайне, якое вам прапануюць, ці з’язджайце. Дык вось не! Гэта наша краіна.

Сыходзь, даўно няма ніякай усенароднай любові, засталася толькі ўсеагульная нарастаючая нянавісць.

Выдатнае фота Вольгі Шукайла, TUT.BY


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: