Усё ясна, што ўсё пахмурна

Ад пачатку перамовы Пуціна і Лукашэнкі, якія адбыліся ў Сочы тыдзень таму, былі даволі загадкавымі. Дадавала інтымнасці агучаная раней умова: кіраўнікі краінаў пасля іх не выходзяць да прэсы і вынікаў не агалошваюць...

У нечым гэта зразумела, калі асноўныя пытанні — вайсковыя.

Аднак пасля перамоваў, літаральна на наступны дзень, лідары Расіі і Беларусі зноў стэлефанаваліся, і Аляксандр Лукашэнка склікаў урад на тэрміновую нараду. Пра яе тэрміновасць сведчыць тое, што яна прайшла ў суботу — афіцыйны выходны дзень.

Наконт маўчання па выніках нарады нічога не абгаворвалася. І мы даведаліся, што перамовы ў Сочы былі цяжкія. «Асноўная частка перамоваў была сам-насам з прэзідэнтам Расіі. Перамовы доўжыліся 6 гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перамовы. Але дзейсныя», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у фармаце сам-насам абмяркоўваліся «палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва саюзнай дзяржавы».

Лукашэнка на пасяджэнні з урадам літаральна фантанаваў вынікамі перамоваў. Але фармулёўкі былі настолькі размытыя, што так і не зразумела, да чаго бакі, у выніку цяжкіх перамоваў, урэшце дамовіліся.

Па словах Лукашэнкі, «літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, то-бок план узаемных паставак сельгаспрадукцыі». Выдатна, але на чыю карысць гэты баланс будзе?

У пытаннях прамысловай кааперацыі, праблемаў машынабудаўнічых комплексаў, квот для беларускіх грузаперавозчыкаў, перасячэння грамадзянамі трэціх краін беларуска-расійскай мяжы, Лукашэнка казаў, што «разуменне з расійскага боку ёсць».

Але што такое разуменне? Яго ў келіх не нальеш. Можна колькі заўгодна разумець праблему, але не прасунуцца ў яе вырашэнні ані на паўкроку.

Як вялікі поспех прэс-служба беларускага кіраўніка падае, што нібыта «канчаткова вырашана пытанне аб выкананні дамоўленасцяў па паступленні ў бюджэт Беларусі сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту і аб разліках Беларуссю за прыродны газ, што пастаўляецца кампаніяй «Газпром».

З гэтага паведамлення эксперты выказалі здагадку, што Масква адновіць замарожаныя было выплаты па схеме так званай «ператаможкі» (калі Масква вяртае Мінску экспартныя пошліны на нафту). Але, па-першае, гэты поспех часовы: даволі хутка Расія заменіць экспартныя пошліны ўнутраным падаткам на здабычу карысных выкапняў. Па-другое (і галоўнае), гэта — выснова экспертаў. Як канкрэтна было вырашана пытанне «па паступленні ў бюджэт Беларусі сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту» не паведамлялася.

Цікавы і фінансавы складнік перамоваў. Лукашэнка сказаў, што шосты транш крэдыту ЕСФР мы атрымаем «у бліжэйшы час» (хаця павінны былі атрымаць напачатку года), з сёмым траншам «можна вырашыць пытанне», а новы крэдыт у мільярд долараў для рэфінансавання запазычанасцяў перад Расіяй «не выклікае адрынання».

Насамрэч, і тут пакуль — поўны змрок. «Бліжэйшы час» можа апынуцца вельмі расцягнутым паняццем.

Не менш цікава чытаць і развагі наконт перамоваў расійскіх экспертаў. Калі беларускія СМІ аналізуюць пытанні эканомікі, то расійскія — ваенны складнік (міжволі згадваецца прымаўка пра «ў каго што баліць»). Паводле меркавання расійскіх яйкагаловых, узамен на падтрымку Крамля Мінску анічога не застаецца, як пагадзіцца на размяшчэнне ў краіне паўнавартаснай рускай вайсковай базы з «Іскандэрамі» — як адказ на будаўніцтва ў Польшчы амерыканскай ваеннай базы пад назвай «Форт Трамп». І «отсель грозить мы будем шведам».

Праўда, увесь запал крыху папсавалі тыя ж клятыя амерыкосы. Міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс сказаў, што ніякіх пагадненняў наконт будаўніцтва «Форту Трампа» яшчэ няма і блізка. «Мы ацэньваем, у чым менавіта заключаецца прапанова Польшчы», — прыводзяцца словы Мэціса на сайце Пентагона, а значыць, калі ў Беларусі і з’явяцца «Іскандэры», то невядома, у адказ на што і на якіх умовах.

Ды што там «Іскандэры». Праз год з хвосцікам, у 2020-м, заканчваецца тэрмін знахо­джання ў Беларусі іншых расійскіх вайсковых аб’ектаў — РЛС пад Ганцавічамі і станцыі сувязі ВМФ пад Вілейкай. Ці працягнуць яны сваё існаванне, а калі працягнуць, то на якіх умовах — таксама пытанне. Пра якую новую базу можна казаць, калі са старымі не разабраліся?

Карацей, па выніках візіту зразумела толькі адно: насамрэч, бакі паразмаўлялі пра тое, чаго хоча Беларусь. Пуцін у адказ ветліва ківаў галавой. Але прадметных рашэнняў ні па адным з пытанняў не было.

Відавочна, што Расія ўзяла паўзу ў дачыненні да беларускага партнёра. Як відавочна і тое, што працягваць падтрымку ў ранейшых аб’ёмах яна не ў стане, а таму выпрацоўвае новыя падыходы да саюзніка: што яна можа яму даць, у абмен на што, і што — ні ў якім разе.

Што ж тычыцца Лукашэнкі, то яго «агучка» нібыта вынікаў перамоваў — гэта не толькі матэрыял для ўнутранага карыстання і спроба паказаць, які ён удалы перамоўшчык. Гэта яшчэ і ціск на саюзніка з тым, каб ён думаў хутчэй. Ад гэтага залежыць выжывальнасць беларускай сістэмы.

Новыя раунды перамоваў адбудуцца неўзабаве. Іх будзе аж два — на саміце АДКБ у Душанбэ і на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. І тады, можа быць, стане больш зразумела, чаго ўсё ж дасягнулі ў перамовах высокія бакі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-07 14:48:27
На «Форт Трампа» ў Польшчы Расея адкажа «Фортам Пуціна» ў Беларусі. Вось і ўсё, што табе Сяргей трэба было напісаць у дадзеным артыкуле. Астатняе Дзяніс у адкрытым сеціве аб сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Сочы знойдзе і ў хуткім часе выдасць на старонкі Новага часу.

Галоўнае каб панты правацэнтрысцкай кааліцыі (Рух «За Свабоду», АГП і БХД) былі своечасова надрукаваны і тады пасля 2020 нехта з б-ч-б будзе сустракацца з Пуціным у Сочы ды стане абмяркоўваць праблемы Расеі ад «Форту Трампа» ў Польшчы. Ну а прэзідэнцкая газета НЧ надрукуе ўсю б-ч-б праўду аб тае сустрэчы як мае быць.