Усё на кантролі

Пры пошуку залатой сярэдзіны паміж свабодай і прымусам аўтар «беларускай мадэлі» аддае перавагу прымусу.  Размовы пра жорсткасць працоўнай дысцыпліны без ужывання прыметніка «жэстачайшы» ў нас і не вядуцца. Справа дайшла да ўнясення дысцыпліны ў шорт-ліст фактараў, на якіх непасрэдна грунтуецца наша незалежнасць.


У інтэрв’ю газеце «Завтра» экс-савецкі дысідэнт і філосаф Аляксандр Зіноўеў эканамічныя поспехі Захаду патлумачыў наступны чынам: «Эфектыўнасць заходняй гаспадаркі абумоўліваюць тры законы: рацыянальная арганізацыя справы; жорсткая працоўная дысцыпліна; максімальнае выкарыстанне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы. Заходняе грамадства з’яўляецца недэмакратычным, таталітарным у самой сваёй аснове — на ўзроўні ячэек вытворчасці. І менавіта таму яно дэмакратычнае ў надбудове, ідэалогіі. Тут дзейнічае свайго роду закон пастаянства сумы дэмакратызму і таталітарызму».

Думаю, пад такім тлумачэннем без ваганняў падпісаўся б адзіны палітык (АП), які па сумяшчальніцтве — галоўны архітэктар «беларускай мадэлі».

Хіба ён не дэманструе найвышэйшы ўзровень рацыянальнасці, калі супрацьпастаўляе «нябачнай руцэ рынку» сваю ўладную кіраўнічую «вертыкаль», якую можна пабачыць і без спецыяльных аптычных прыбораў.

Што тычыцца жорсткасці працоўнай дысцыпліны, дык размовы пра яе без ужывання прыметніка найвышэйшай ступені «жэстачайшы» ў нас і не вядуцца. Справа дайшла да ўнясення дысцыпліны ў шорт-ліст фактараў, на якіх непасрэдна грунтуецца наша незалежнасць. Для тых, хто сумняваецца, прыводжу адпаведную цытату: «Патрэбны вынік, патрэбна дысцыпліна. Гэта фактары нашай незалежнасці. Таму што ад гэтага залежыць развіццё эканомікі. Самае страшнае, за што мы павінны «баяцца», — гэта эканоміка. Іншых праблем у нашым грамадстве няма. Усё астатняе мы трымаем жорстка на кантролі» (31 жніўня 2018 года).

Нам яшчэ ёсць чаму вучыцца ў заходніх дэмакратый у пытаннях выкарыстання сродкаў вытворчасці і рабочай сілы. Успомнім дах, які працякае, і падлогу, багата пасыпаную пілавіннем, у асірацелых цэхах Аршанскага інструментальнага завода. Але міністраў, у тым ліку прэм’ера, памянялі? Памянялі. А гэта рэальны шанец не толькі адрамантаваць дах, але і замяніць абсталяванне яшчэ савецкай вытворчасці на сучаснае і, магчыма, нават на імпартнае.

Не першы год вядзецца ў нашай краіне і мэтанакіраваная барацьба за 100-працэнтнае выкарыстанне рабочай сілы. У народзе яе ахрысцілі «барацьбой з дармаедамі». Нібы марскія хвалі, дэкрэт накатваецца на дэкрэт, але вынік пакуль не бачны. Але гэта пакуль.

Раток на замочак, рукі на каленкі

Пра тое, каб «дагнаць і перагнаць Амерыку» на працягу 73 гадоў марылі ўсе савецкія кіраўнікі. З улікам спецыфікі часу, яны дзейнічалі паводле схемы Аляксандра Зіноўева, і выкарыстоўвалі пры гэтым максімум з даступных ім сродкаў. Аднак разрыў не толькі не скарачаўся, але, наадварот, павялічваўся. Справа дайшла да таго, што сфармуляваны яшчэ правадыром сусветнага пралетарыяту лозунг страціў сваю актуальнасць.

Чаму так атрымалася? Няўжо нягледзячы на грозныя вокрыкі, на практыцы гайкі пастаянна недакручваюцца?

Я паспрабую адказаць на гэта пытанне з дапамогай цытаты, запазычанай з лекцыі дзіцячага псіхолага Юліі Гіпенрэйтар: «Я прыйшла ў Амерыцы на ўрок матэматыкі. Пяты клас. Адзін настаўнік, прыкладна 25 вучняў па класе рассеяныя, нехта сядзіць за партай, хтосьці — на падлозе групкамі, два-тры дзіця стаяць каля дошкі, штосьці адзін аднаму тлумачаць, вырашаюць. То бок, поўная свабода цялесна-прасторавай арганізацыі — і ніякага хуліганства. Няма ўсяго гэтага: стройнымі шэрагамі сядзець па струнцы».

Як сыну вайскоўца, мне давялося вучыцца ў чатырох школах (ад сельскай да сталічнай), але ўявіць вучняў, што сядзяць у час урока на падлозе, я не магу. Варта падкрэсліць прычыну такой неардынарнай цялесна-прасторавай арганізацыі ўрока. Вучням так было зручней ...працаваць. Ні пра якое хуліганства або непаслушэнства пры гэтым не ішло і гаворкі.

Які кантраст з савецкай і постсавецкай школамі! Але школа — гэта прамежкавы этап у фарміраванні савецкага і постсавецкага чалавека. На памяць пра перыяд дзіцячага садка ў маіх дзяцей у сямейным фальклоры засталася фраза: «Раток на замочак, рукі на каленкі». Сэнс яе, «ідучы ад жыцця», паслядоўна асвойвалі дочкі і сын.

Але вернемся да лекцыі Гіпенрэйтар: «Я думаю, што выхаванне ў канчатковым выніку ўпіраецца ў праблему, якую на мове філасофіі можна сфармуляваць як «свабода альбо прымус», ці «свабода або кантроль», ці «ініцыятыва або забароны, абмежаванні».

Пошукам «залатой сярэдзіны» чалавецтва займаецца з часоў першай у сваёй гісторыі рэвалюцыі (неалітычнай), падчас якой быў ажыццёўлены пераход ад палявання і збіральніцтва да прадукцыйнай эканомікі (земляробства і жывёлагадоўлі).

Пасля такога ўступу нескладана зразумець галоўнае адрозненне «беларускай мадэлі» ад яе больш паспяховых канкурэнтаў. Яна выбудаваная з перакосам у бок прымусу, кантролю і забаронаў. Працаваць са свабоднымі людзьмі яна не ўмее і не хоча.


Паміж «акном магчымасцяў» і хаосам безуладдзя

Зафіксаваны вышэй перакос не варта разглядаць у якасці беларускага ноў-хаў. На працягу тысячагоддзяў права на прымус, кантроль і забароны выступала ў якасці сістэмаўтваральнага элемента ўлады. Так працягвалася да Новага часу, да першай прамысловай рэвалюцыі, старт якой быў дадзены на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў.

Рухаючай сілай прамысловай рэвалюцыі выступіў сацыякультурны тып чалавека, які сёння прынята называць «асобай». Яго крытычная маса і забяспечыла пераход ад статыкі Сярэднявечча да сучаснай дынамікі. Падмацую сказанае цытатай АП, запазычанай з Паслання–2013: «Сучасная цывілізацыя — гэта цывілізацыя пастаяннага паскарэння. Яно адчуваецца паўсюдна — не толькі ў хуткасці з’яўлення новых ідэй, але і ў тэхналогіях, у эканоміцы, у гандлі, у адукацыі, у сродках масавай інфармацыі, у палітыцы, нават у паўсядзённым побыце людзей».

Залатыя словы! Іх бы ўставіць у вушы таму, хто іх зачытаў па паперцы ў Авальнай зале. Зачытаў — і забыўся. Забыўся — і звярнуўся да звыклай тройцы: прымусу, кантролю і забаронаў, спадзеючыся з іх дапамогай адказаць на сучасныя выклікі, у тым ліку і на выклікі пастаяннага паскарэння. Усё лагічна. Улада шукае крыніцы паскарэння не там, дзе іх страціла, а пад ліхтаром, дзе святлей.

АП любіць разважаць пра свабоду, але неяк абстрактна і, як правіла, у звязе з незалежнасцю. Напрыклад, вось так: «Мы ведаем цану свабоды і незалежнасці. Таму так далікатна ставімся да гісторыі, так дбайна адстойваем прынцыпы справядлівасці, сумленнасці і роўнасці».

З такой бы далікатнасцю ставіцца да беларусаў, якія адчуваюць патрэбу ў свабодзе. Дзякуючы іх намаганням і расла эканоміка ў «тлустыя» гады. У Перабудове яны ўбачылі «акно магчымасцяў», чым і паспяшаліся скарыстацца.

На жаль, тое, што стала «акном магчымасцяў» для адных, для іншых абярнулася хаосам безуладдзя. Чалавек, які не адчувае патрэбы ў свабодзе, не можа быць адказным ні за сябе, ні за тое, што адбываецца. Таму з такой прастатой ён і перадаў у 1994 годзе адказнасць за прыняцце рашэнняў уладзе.

За ўладай не заржавела. Калі яна стала на першую прыступку лесвіцы, што вядзе ў балота аўтарытарызму, дык не змагла спыніцца. Усе размовы пра пераходны перыяд, які нібыта патрабуецца для асваення каштоўнасцяў дэмакратыі і рынку, — гэта размовы на карысць бедных. На справе ідзе зваротны працэс.

Афіцыйная статыстыка яго пераканаўча фіксуе. Колькі, напрыклад, за апошнія гады было сказана словаў у падтрымкі малога бізнесу, колькі прынята дакументаў! Але сабака брэша, а караван аўтарытарызму ідзе. З 2010 года працэнт даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці ў структуры грашовых даходаў насельніцтва знізіўся з 21,6% да 10,2%. І гэта ў краіне, у якой, паводле прызнання АП: «Усё астатняе (акрамя дысцыпліны. — С.Н.) мы трымаем жорстка на кантролі».


Счарнелае «фамільнае срэбра»

Нагадаю, што, згодна з Зіноўевым, эфектыўнасць заходняй эканомікі абумоўленая ў тым ліку жорсткай працоўнай дысцыплінай. Але гэта дысцыпліна асаблівага сацыякультурнага тыпу людзей, якія прызвычаіліся сядзець на падлозе падчас урокаў. Вынікам такой дысцыпліны з’яўляецца паток інавацый, які забяспечвае нябачаную ў гісторыі эканамічную дынаміку.

Яе наглядна ілюструе сярэдні тэрмін, які амерыканскія кампаніі праводзяць у спісе «Fortune-500». У 1964 годзе ён складаў 33 гады, у 2016-м — 24 гады, а, паводле прагнозаў, да 2027-га паменшыцца да 12 гадоў.

У 1987 годзе рынкавы кошт кампаніі IBM — першай у свеце — перавысіў адзнаку ў $ 100 мільярдаў. Але хто з чытачоў НЧ за апошні год сутыкаўся з інфармацыяй пра яе распрацоўкі? Упэўнены, што калі такія і былі, дык у гомеапатычных колькасцях.

Паводле прагнозаў спецыялістаў, праз пяць гадоў спіс часопіса «Fortune» будзе на 75% складацца з кампаній, пра якія сёння шырокая публіка практычна нічога не ведае. Што да Беларусі, то ў спісе добра пацямнелага «фамільнага срэбра» папаўнення не прадбачыцца. За адным выключэннем, мабыць, — АЭС, пра якую АП (паводле яго ўласнага прызнання) «да гэтага часу выразна ніхто не далажыў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!