Усё толькі пачынаецца!

Па інтэрнэце ходзяць чуткі, што недзе там, уверсе, сядзяць іншапланецяне, і глядзяць на зямлю, як на вялікае шоў. І некаторым з тых, якія так сцвярджаюць, яны казалі, што «гэты сезон — проста агонь!» Давайце коратка згадаем, як гэта было!


На гэта не разлічвалі

Пачыналася вельмі сумна. Традыцыйная апазіцыя абвясціла праймерыз, на якім усе жыхары краіны маглі наведаць сустрэчы прэтэндэнтаў на «адзінага ад апазіцыі» і абраць таго, хто больш спадабаецца. Але традыцыйная апазіцыя традыцыйна перасварылася адразу ж, як у гэтых праймерыз пачалі ўдзельнічаць дзяржаўныя чыноўнікі і ідэолагі, галасуючы «не за таго» прэтэндэнта.

На мой погляд, гэта быў моцны званочак, які традыцыйныя апазіцыянеры не ўцямілі. Калі дзяржчыноўнікі пайшлі на апазіцыйныя мерапрыемствы — гэта азначала, што і яны не вельмі задаволеныя тым, як ідуць справы ў краіне.

Але раптоўна надышла эпідэмія covid-19, якая дала апазіцыянерам шанец годна скончыць сваю ініцыятыву. У той жа час яе небяспеку прафукала ўлада: заклікі лячыцца лазняй, гарэлкай і трактарам у тыя часы, калі ў Беларусі паміралі людзі, яскрава прадэманстравалі існасць гэтага рэжыму. Асабліва тады, калі Лукашэнка сцвярджаў, што «пік эпідэміі пройдзены», а Мінздароўя намагалася ўвесці каранцін хаця б у школах.

Урэшце, бацькам дазволілі не адпраўляць дзяцей у школы дзеля іх бяспекі. І высветлілася, што ў «ІТ-краіне з самай лепшай адукацыяй» нельга наладзіць паўнавартаснае дыстанцыйнае навучанне — на дзяржаўным узроўні. Настаўнікі мыкаліся па вайбер-чатах і ютуб-каналах, спрабуючы данесці да дзяцей хоць нешта. А міністр адукацыі Ігар Карпенка быў заклапочаны не здароўем і бяспекай дзяцей і настаўнікаў, не стварэннем настаўнікам належных умоў працы, а тым, як ацэньваць веды вучняў.

Медыкі разрываліся на часткі, спрабуючы суцішыць эпідэмію без аніякай дапамогі ад дзяржавы. Нам сцвярджалася, што «ўсё добра», у той час, калі ў краіне проста не было абарончых павязак, а з аптэкаў пазнікалі не толькі аднаразовыя маскі, але і бінты з марляй.

І вось тут на першы план выйшла грамадзянская супольнасць. Таксісты бясплатна вазілі дактароў, рэстарацыі забяспечвалі іх бясплатнымі абедамі, «тая самая» крама sуmbal.by, як і шматлікія іншыя прыватныя ініцыятывы, перапрафілявала вытворчасць, не выпускаючы ніякай прадукцыі, апроч медычнай. Зразумела, што медыкам яны аддавалі яе бясплатна.

Незадаволенасць дзеяннямі ўлады нарастала, але Лукашэнка абвясціў выбары.

Падавалася, зноў будзе сумна: апазіцыя ў раздраі, частка ідзе на выбары, толькі каб «засвяціцца», частка — як Мікалай Статкевіч, — абвяшчае набор «тэхнічных» кандыдатаў у прэзідэнты.

Невядома адкуль узніклі Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, якіх ад пачатку ніхто не ўспрымае ўсур’ёз. Улады невядома навошта пасадзілі «на суткі» блогера Сяргея Ціханоўскага, які абвясціў пра намер вылучыць сваю кандыдатуру на вышэйшую пасаду ў краіне. У яго з «актыву» — толькі камера і каля 100 тысяч падпісчыкаў ютуб-канала, але яму брутальна не далі зарэгістраваць ініцыятыўную групу.

Цуд на цудзе

І тут здарыўся цуд. Замест Ціханоўскага ў прэзідэнты ідзе яго жонка. Віктар Бабарыка праз інтэрнэт фарміруе самую вялікую сярод альтэрнатыўных ініцыятыўную групу ў гісторыі Беларусі. Каб падпісацца за вылучэнне альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты, па краіне выстройваюцца кіламетровыя чэргі, а кожная іх акцыя па зборы подпісаў ператвараецца ў міні-мітынг. Найбуйнейшыя інтэрнэт-парталы краіны праводзяць апытанку на тэму «за каго б вы прагаласавалі проста зараз», і ў краіне ўзнікае мем «Саша-тры-працэнты».

Збор подпісаў на пікетах ля Камароўкі 7 чэрвеня. Фота Арцёма Лявы

Уладу палохае, найперш, рэакцыя «вуліцы», «правідца» Лукашэнка абвяшчае пра нейкае «збіццё міліцыянтаў». Інсцэніроўка не прымусіла сябе чакаць у Гродне, на сустрэчы з Ціханоўскай. Сяргея Ціханоўскага зноў кідаюць за краты, па краіне праходзяць затрыманні ўдзельнікаў яго перадвыбарчых штабоў. Рэпрэсіі пачынаюцца раней, чым звычайна.

Падаецца, усё. «Лідары вуліцы» арыштаваныя, баяцца няма чаго. Але ў той жа час — новы цуд. Віктар Бабарыка збірае рэкордную колькасць подпісаў у сваю падтрымку — ізноў жа, сярод альтэрнатыўных кандыдатаў, — у гісторыі Беларусі. За ім крочыць Валер Цапкала, а Святлана Ціханоўская, у якой пагражаюць забраць дзяцей, насуперак усяму аб’язжае краіну і падае патрэбныя для рэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты подпісы.

Улада не ведае, што рабіць, — «закрывае» Бабарыку, «зразае» подпісы Цапкалу, адначасова дадаючы іх кандыдатам-спойлерам. І не зважае на Святлану Ціханоўскую — звычайную хатнюю гаспадыню, якая, на думку ўлады, відавочна не можа быць канкурэнтам Лукашэнкі.

Прыгожы твар беларускай палітыкі

Ці можна назваць цудам тое, што штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналіся для працягу сваёй дзейнасці вакол Ціханоўскай? Наўрад ці. Але гэта была чарговая памылка ўлады. Яна, улада, звыкла мець справу з традыцыйнай апазіцыяй, у якой вышэй даху ўласных амбіцый, і разлічвала, што з-за гэтых амбіцый штабы ніколі не дамовяцца. Але рэч у тым, што ў Ціханоўскай амбіцый не было — а было вялікае жаданне выцягнуць мужа з-за кратаў. Не менш вялікае жаданне працягнуць працу было ў штабах Бабарыкі і Цапкалы.

А вось чаго прадбачыць ніхто не мог — дык гэта таго, што кампанію ўзначаляць жанчыны. Тры цудоўныя, прыгожыя, абаяльныя і выдатныя жанчыны — сама Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава.


Гэта было феерычнае шэсце па краіне. Беларусы стаміліся не толькі ад адной асобы на пасадзе кіраўніка краіны — яны стаміліся ад звыклай нудотнай палітыкі з «мужчынскім» тварам. Ціханоўская, што раней сапраўды выглядала як хатняя гаспадыня, з кожным мітынгам, з кожнай размовай з людзьмі набірала ў вазе. Апафеозам быў, канешне, 60-тысячны мітынг у Мінску. І ўлады зразумелі, як яны памыліліся з Ціханоўскай. Але было ўжо позна.

Нават забарона мітынгаў у апошні тыдзень перад галасаваннем ужо не магла нічога змяніць.

Старая ўлада — новае грамадства

Улады дзейнічалі звыкла і шаблонна — так, як яны прызвычаіліся дзейнічаць. Але яны недаацанілі беларускі народ, які здолеў кансалідавацца і ўзаемадапамагаць. На нашых вачах нараджалася тое, што называецца «грамадзянскай супольнасцю» — і зусім не з сэнсе «трэцяга сектару», як мы называем недзяржаўныя арганізацыі. Гэта была сапраўды беларуская салідарнасць. Калі грошы на штрафы збіраліся за лічаныя хвіліны, калі з перадвыбарчага рахунку Ціханоўскай грошы вымушаныя былі АДДАВАЦЬ НАЗАД, бо іх было забагата. Калі звычайныя людзі дапамагалі адзін аднаму ў бядзе, і нічога не патрабавалі ўзамен.

У спробах захаваць уладу былі прынятыя проста беспрэцэдэнтныя захады: нядопуск на ўчасткі назіральнікаў нібыта з-за «эпідэміі covid-19», якую сама ж улада не прызнавала, фактычная адмена таемнага галасавання: маўляў, старшыні Цэнтрвыбаркаму па электроннай пошце дасылаюць чэлесы (таксама пытанне, чаму дзеля аднаго чалавека, хай і старшыні ЦВК, абмяжоўваюць правы ўсіх выбаршчыкаў краіны).

Звыкла і шаблонна ўлады намалявалі 40% датэрміновай яўкі на выбарах у спадзевах, што гэта «праглынецца». Але іх зноў здзівіў народ, які прыйшоў на ўчасткі для галасавання 9 жніўня. У выніку на некаторыя з іх утварыліся такія чэргі, што камісіі вымушаныя былі «спыніць прыём». Каб выбарчыя камісіі адмаўлялі выбаршчыку ў праве прагаласаваць — такога яшчэ не было.

На некаторых участках скончыліся бюлетэні — пэўна, занадта шмат падкінулі ў часе фальсіфікацый. А ЦВК пры гэтым сцвярджае, што яўка ў Мінску склала толькі 66%. «Праўладны экзіт-пол» выдаў звыклую лічбу за 70% за Лукашэнку, пры гэтым саміх «сацыёлагаў» ніхто нідзе не бачыў. Затое было багата людзей з белымі стужкамі.

«Адзін. Зусім адзін»

Улада дзейнічала і працягвае дзейнічаць звыкла і нахабна. І не таму, што інакш яна не ўмее (хаця і таму таксама). Яны, там, ва ўладзе, канчаткова адарваліся ад народа і не заўважылі, што народ ужо іншы.

Спадарыня Ярмошына звыкла лепіць, што «навучаныя правакатары» перакрылі доступ на выбарчыя ўчасткі і патрабуюць «лішнія» бюлетэні, хаця вожыку зразумела — не можа быць у Мінску дзясяткаў тысяч «навучаных правакатараў». Улады перакрылі доступ да сайту «Голас», дзе арганізаваны альтэрнатыўны падлік галасоў, хаця ўсім ясна было сказана — адправіць бюлетэнь можна ў вайбер і тэлеграм, прычым, неабавязкова ў дзень галасавання.

Ярмошына таксама казала, што выбары «ўсё роўна прызнаюць». Але не сказала — хто. Еўрасаюз і Захад, якія не здолелі даслаць сюды назіральнікаў праз позняе запрашэнне? Выбаркам Расіі, якога таксама на нашых выбарах не было? З міжнародных у нас была адно місія назіральнікаў хутчэй мёртвага, чым жывога СНД. Унутраных назіральнікаў усіх перасаджалі-павыкідалі. Каму прызнаваць вынікі?

Прызнае беларускі народ? Пасля таго, як прайшлі выбары, на гэта я б увогуле не спадзяваўся.

Карацей, раніца 10 жніўня для Лукашэнкі пачнецца старым анекдотам: «У мяне для вас дзве навіны — добрая і дрэнная. Добрая — вы зноў атрымалі "элегантную перамогу". Дрэнная — за вас ніхто не прагаласаваў». Прычым, апошняе будзе відавочна ўсім.

Усё толькі пачынаецца

Было б элегантна, калі б Лукашэнка выканаў сваё абяцанне: сысці тады, калі народ папросіць. Народ ужо ўяўна папрасіў: можна выбачацца і сыходзіць. Так бы ён захаваў рэшткі павагі. Але цяпер павагі не будзе.

Цяпер, падаецца, усе ведаюць, як здабытая «элегантная перамога». І ставіцца да кіраўніка краіны людзі будуць адпаведна.

Ужо цяпер гучаць заклікі да ўсеагульнага страйку. Канешне, наўрад ці ён адбудзецца проста так, але напрыканцы восені — напачатку вясны ва ўлады могуць скончыцца грошы на падтрымку «сацыяльнай дзяржавы». Калі дзяржпрадпрыемствы больш не змогуць узяць крэдытаў на заробкі. Калі прыйдзе час раздаваць знешні доўг, а ва ўмовах covid-19 беларуская прадукцыя нідзе не прадавалася. Калі электраэнергію з запушчанай нядаўна БелАЭС няма куды будзе падзець, бо на экспарт яе не возьмуць, а краіне столькі не патрэбна. Калі зноў трэба будзе гандлявацца за газ і нафту з Расіяй, а тая ўзгадае і «Белгазпрамбанк», і «расійскіх баевікоў».

Карацей, калі «ў атамана скончыцца залаты запас», — а скончыцца ён хутчэй, чым таго хацелася б, — тады і пачнецца. Тады і згадаюцца гэтыя выбары — і «абранне», і «прызнанне», і «легітымнасць».

Дый не трэба скідаць з увагі каманду трох жанчынаў, і галоўнае — народ. Народ, які зразумеў, што ён можа дзейнічаць, не зважаючы на ўладу. І ён будзе дзейнічаць. Мільён грамадзянаў, што зарэгістраваліся на платформе «Голас», не падзенуцца нікуды.

Змены адбудуцца хутчэй, чым нам уяўляецца. І, безумоўна, яны будуць сюрпрызам — як для ўлады, так і для нас. Эканамічная абстаноўка толькі ўзмоцніць тое, што зробіць народ.

Карацей, іншапланецяне зноў узрадуюцца ліха закручанаму сюжэту.

Гістарычная інтэрлюдыя

Старажытнарымскі імператар Нерон вельмі хацеў стаць алімпіёнікам. Ён увёў у Алімпійскія гульні ўсялякія тэатральныя і культурніцкія спаборніцтвы, дзе яму, зразумела, роўных не было. Але гэтага было замала: ён хацеў стаць сапраўдным пераможцам гульняў у гонках на калясніцах. Дзеля гэтага Нерону запрэглі ў калясніцу аж дзесяць коней, у той час, як у яго супернікаў было па два кані.

Але, каб засцерагчы сябе ад выпадковасцяў, за некалькі хвілін да пачатку забегу Нерон забараніў выстаўляць супраць сябе хаця б аднаго суперніка. У адзіноце ён пачаў забег, але так яго і не скончыў, бо быў ушчэнт п’яны і проста вываліўся з каляскі. Рабы падхапілі імператара і данеслі яго да фінішу. Так Нерон стаў пераможцам Алімпіяды.

Гэта было ў 67 годзе нашай эры. А ўжо ў 68-м загадам гэткага імператара перасталі падпарадкоўвацца ўсе, а Сенат абвясціў яго здраднікам. Калі Нерон запрасіў сваіх звычайных сабутэльнікаў на не менш звычайную оргію, да яго не з’явіўся ніхто. Нерон скончыў жыццё самагубствам у атачэнні рабоў, якіх ён сам папрасіў выкапаць сабе магілу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: