Усё ж прыязджалі? «Генпракуратура ЛНР» выказала падзяку сілавікам Беларусі за магчымасць «правесці следчыя дзеянні» з Пратасевічам

Адпаведны ліст апублікаваны на сайце «генпракуратуры ЛНР» за подпісам кіраўніка гэтай структуры Гарэнка.

Скрыншот з сайта «Генпракуратуры ЛНР»


У лісце выказваецца «шчырая падзяка» Лукашэнку, а таксама «праваахоўным органам дзяржавы, у прыватнасці, Камітэту Дзяржаўнай Бяспекі», за прадстаўленую следчым Генпракуратуры ЛНР магчымасць «правесці неабходныя следчыя дзеянні з былым галоўным рэдактарам беларускага апазіцыйнага тэлеграм-канала Раманам Пратасевічам».

Як зазначаецца ў лісце, у выніку луганскім пракурорам «удалося атрымаць дастатковыя неабвержныя доказы датычнасці фігуранта да дзейнасці забароненай у ЛНР нацыяналістычнай праўкраінскай групоўкі “Азоў”, зверскім забойствам мірных грамадзян Данбаса ў 2014-2015 гг., выкарыстанні забароненых сродкаў і метадаў вайны». «Атрыманыя прызнальныя паказанні Рамана Пратасевіча дазволілі значна прасунуцца ў расследаванні распачатай нашым наглядным ведамствам у траўні бягучага года крымінальнай справы», — зазначаецца ў паведамленні.


«Верым, што гэты першы вопыт сумеснай працы перарасце ў шматгадовае плённае супрацоўніцтва», — напісаў Гарэнка.

Пры гэтым толькі пазаўчора кіраўнік СК Дзмітрый Гора казаў, што ніякіх запытаў на правядзенне следчых дзеянняў з Пратасевічам «ніадкуль з-за мяжы» не паступала.

Луганская Народная Рэспубліка — прызнанае толькі Паўднёвай Асеціяй квазідзяржаўнае ўтварэнне ў межах меншай часткі Луганскай вобласці Украіны, аб стварэнні якой ў красавіку 2014 года ў ходзе дэманстрацый на паўднёвым усходзе Украіны абвясцілі прыхільнікі «русского мира». Паводле Канстытуцыі Украіны, тэрыторыя, на якую прэтэндуе ЛНР, з'яўляецца часова акупаванай расійскімі ўзброенымі сіламі неад'емнай часткай Украіны.

Генеральная пракуратура Украіны 17 траўня 2014 года абвясціла ЛНР тэрарыстычнай арганізацыяй. Адпаведна, дзейсны ўрад Украіны ўспрымае ЛНР, як сепаратыстаў і тэрарыстаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: