«Ушаноўваючы памяць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, мы жывём як нацыя»

Адказны сакратар Сойму КХП-БНФ Алесь Чахольскі запрашае ўсіх, каго хвалюе лёс Беларусі, адзначыць 26 лістапада ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.

Алесь Чахольскі

Заяўнікі 20 лістапада атрымалі дазвол ад Мінскага аблвыканкама на правядзенне акцыі. Удзельнікі акцыі праедуць на аўтобусе па маршруце Грозаў — Семежава — Вызна — Слуцк. У вёсках Капыльскага раёну Грозаве і Семежава мітынгі запланаваны на 11 і 12 гадзін адпаведна, у мястэчку Вызна Капыльскага раёну мітынг пачнецца каля 13.30. Пасля ўдзельнікі святкавання накіруюцца ў Слуцк, дзе а 15-й гадзіне на пляцоўцы гарадскога парка адбудзецца яшчэ адзін мітынг. Арганізатары спадзяюцца, што сёлета на акцыю ў Слуцку збярэцца большая колькасць людзей, чым у мінулыя гады.

Алесь Чахольскі зазначыў, што гістарычна Слуцкі збройны чын з’яўляецца агульнанацыянальнай падзеяй, якая яшчэ да канца не ацэнена.

«Нашы беларусы вельмі рахманыя і цярплівыя, іх цяжка зрушыць на ўзброеную барацьбу, — гаворыць Чахольскі. — А гэта быў той учынак, падчас якога случчане сцвердзілі рашучасць змагацца за сваё: за сваю маёмасць, зямлю, культуру і мову. У большасці сваёй гэта былі простыя людзі, якія зразумелі галоўныя нацыянальныя каштоўнасці і сталі войскам БНР. Для іх было зразумела, што калі прыйдзе чужынец, то не будзе ні зямлі, ні волі».

Палітык лічыць, што з тых часоў у нашай краіне мала што змянілася.

«На жаль, многія яшчэ не разумеюць, што вузкае змаганне толькі за правы чалавека і дэмакратыю не можа прынесці аніякага поспеху. Калі нацыя прыніжана і згвалтавана яе беларуская душа, — гэта значыць, што фактычна яна жыве пад акупацыяй. У акупаванай дзяржаве чалавек не зможа мець паўнавартасных правоў, і на першую лінію барацьбы трэба выдзвігаць барацьбу за сапраўдную Незалежнасць, барацьбу за сваё», — выказаў сваю думку Алесь Чахольскі.



Каментаваць