Абаронцы Курапатаў збіраюць грошы ў дапамогу Леаніду Кулакову

Да салідарнасці заклікала на сваёй старонцы ў Facebook Ганна Шапуцька, назваўшы гэты збор "справай гонару".

"Суд Першамайскага раёна Мінска (суддзя Наталля Петух), які разглядае справу наезда на Леаніда Кулакова наведніцы рэстарацыі "Поедем поедим" ("Бульбаш-хол") Златы Савоставай, прызначыў экспертызу, якая павінна адказаць на пытанне, ці памыліліся лекар шпіталя №6, які дыягнаставаў у Леаніда пералом рукі, і лекар паліклінікі №27, які пацвердзіў дыягназ і лекаваў Леаніда, лекар шпіталя №11, куды Леаніда Кулакова адправілі на рэабілітацыю, ці ўсё ж мае рацыю судмедэксперт, які сцвярджае, што пералому не было.

Леанід адхадзіў у гіпсе ўсё лета. Рука баліць і ные дагэтуль, недалечаная. Пакуль мы не даможамся справядлівасці ў справе Кулакова – беспакараныя бандыты будуць далей давіць беларусаў на варце.

Мы, удзельнікі Курапацкай варты, распачынаем збор сродкаў для правядзення пашыранай экспертызы цялесных пашкоджанняў і іх наступстваў у выніку наезда наведвальніцай рэстарацыі "Поедем поедим" ("Бульбаш-хол") Златы Савоставай на абаронцу мемарыяла Леаніда Кулакова, мужнага, сумленнага, самаахвярнага чалавека", — піша Ганна.

"Калі суд вынесе рашэнне на карысць Леаніда Кулакова і сума экспертызы будзе кампенсаваная за кошт Златы Савоставай, грошы, якія мы з вамі збярэм зараз, Леанід Кулакоў перадасць на патрэбы мемарыяла Курапаты", — дадае яна.

Агульная сума, якую трэба сабраць, складае 1871,5 беларускіх рублёў. Рэквізіты для аплаты актывістка ўказвае на сваёй старонцы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!