Валерый Цапкала: да мяне прыйшоў ліст. Просяць пералічыць грошы ў рэзэрвовы фонд Лукашэнкі

«Свабода» папрасіла Валерыя Цапкалу, удзельніка леташняй прэзідэнтскай кампаніі ў Беларусі, пракаментаваць паведамленні аб тым, што Следчы камітэт абвінавачвае яго ў «шэрагу карупцыйных злачынстваў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры» ды хоча дамагацца яго экстрадыцыі з Латвіі.


— Ці ведаеце вы, у чым канкрэтна абвінавачвае вас Следчы камітэт Беларусі?

— Я не ведаю, у чым мяне абвінавачваюць. Яшчэ ў перыяд гэтай кампаніі, калі яна ішла летам, Лукашэнка сказаў, што ў яго ёсць нейкія доказы супраць мяне. Я дазволіў яму гэта ўсё апублікаваць, калі ёсць нейкія доказы. Я сказаў, што мне не патрэбна таямніца следства — калі ёсць доказы, то публікуй. Але гэта так і не было апублікавана ні разу.

Калі яны з трэцяга разу нешта знойдуць, — у мяне дома ўжо два разы быў вобшук, — ну колькі там, дзевяцьсот тысяч, як у Сяргея Ціханоўскага за канапай, ну дык знойдуць (смяецца)… Пажадана, каб яны мне паказалі грошы цяпер, каб я мог іх накіраваць на дэмакратызацыю Беларусі.

— Ці не думаеце, што гэта можа быць звязана з тым, што падчас выбарчай кампаніі, калі вы хацелі зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, раптам аб’явіўся турэцка-беларускі бізнесмэн, які пачаў вас публічна абвінавачваць….

— Натуральна, што ўсё ідзе адтуль. Адкуль бы яшчэ? Тады публікавалася велізарная колькасць інфармацыі пра гэтага бізнесмэна, яго абвінавачвалі ў махлярстве, патрабавалі пачаць супраць яго крымінальную справу, на яго падавалі ў суд каля 200 разоў… Вы ўяўляеце сабе 200 справаў у судзе? Што гэта за чалавек, які не выканаў ні аднаго абавязання? Зразумела, што на яго націснулі адпаведныя органы, і ён стаў пад іх дыктоўку пісаць усё, што яны яму гаварылі.

— Учора Павал Латушка сказаў, што ён як міністар атрымліваў 600 еўра ў канверце штомесяц. Ён таксама сказаў, што такія сакрэтныя выплаты на высокім узроўні працягваюцца, што іх далей атрымоўваюць міністры, іншыя высокія чыноўнікі, дэпутаты Нацыянальнага сходу. Вы чулі пра такую практыку? Такая практыка ва ўрадзе ёсць? Магчыма, вам таксама прапанавалі такую сакрэтную зарплату?

— Я не выключаю, што такое ёсць. Але трэба ўсё-ткі разумець, што з 2005 году я не знаходжуся на дзяржаўнай службе. Да 1997 году я быў першым намеснікам міністра замежных справаў, потым я працаваў амбасадарам. Амбасадарам я не атрымліваў такіх грошай, і пазней таксама не атрымліваў. У нас была арганізацыя цалкам пазабюджэтнага фінансаваньня…

Але я не выключаю, што такім чынам рэжым спрабуе падкупіць лаяльнасьць чыноўнікаў высокага ўзроўню. Ёсць так званы рэзервовы фонд прэзідэнта, куды звальваюцца велізарныя грошы з дзяржаўных прадпрыемстваў, з прыватных бізнесаў.

Дарэчы, мне нядаўна прыйшоў ліст з Першамайскага райвыканкаму, — я сёння апублікую яго, — у якім яны просяць, каб я пералічыў грошы, пяць працэнтаў ад выручкі, у рэзервовы фонд прэзідэнта, нібыта на нейкія пытанні, звязаныя з культурай. Ну, гэтую культуру мы бачым — магчыма, што гэтыя амапаўцы таксама атрымліваюць грошы ў канвертах, я гэта не выключаю. Так можа быць, але я паўтаруся — ніколі такіх грошай я не атрымліваў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: