Валерый Цапкала падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатам

Экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты. Да гэтага ён перадаў у камісіі 160 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне.
На прыступках Дома ўрада Цапкала пагутарыў з журналістамі. Прэтэндэнт у прэзідэнты адзначыў, што зрабіў усё для таго, каб быць зарэгістраваным кандыдатам.

— Мы сабралі 220 тысяч подпісаў, у выбаркамы аддалі 160 тысяч подпісаў, якія самі праверылі, сабралі ўсе неабходныя дакументы. На сённяшні момант мы не бачым ніводнай прычыны, якая магла б паслужыць прычынай адмовы ў рэгістрацыі, — сказаў Цапкала.

— Але гэта тэхнічныя, а палітычныя прычыны могуць быць?

 Гэта ўжо пытанне не да мяне. На самай справе, мне здаецца, што нерэгістрацыя мяне ў якасці кандыдата будзе азначаць, што выбары як такія будуць адменены. Мы проста вельмі спадзяемся, што ўсе асноўныя рэйтынгавыя прэтэндэнты будуць зарэгістраваныя, — адказаў Цапкала.

Гаворачы пра тое, як прадухіліць магчымыя фальсіфікацыі на выбарах, Цапкала сказаў, што ў гэтым пытанні будзе абапірацца на ініцыятыву грамадзянскай супольнасці.


— Мы бачым, якія ў гэты раз неабыякавыя людзі, як яны праяўляюць сваю грамадзянскую ініцыятыву, актыўна запісваюцца ў камісіі. Гэты працэс, хоць і не без праблем, але ідзе. Вельмі шмат зараз з'явілася інструментаў у сувязі з развіццём інфармацыйных тэхналогій, якія дазволяць зрабіць працэс падліку [галасоў] больш празрыстым, чым ён быў да гэтага, — адказаў прэтэндэнт.

Валерый Цапкала выказаўся і аб ініцыятыве Віктара Бабарыкі правесці канстытуцыйны рэферэндум. Але, на яго думку, гэтым трэба займацца ўжо пасля выбараў.

 Гэта тэма вельмі і вельмі доўгая, і пры самым аптымістычным сцэнары зойме восем месяцаў, а да прэзідэнцкіх выбараў — паўтара. І мне хацелася б, каб усе кандыдаты сёння засяродзіліся на галоўным парадку дня — змене цяперашняга курсу. І калі яго не ставіць такім чынам, а ставіць нейкім іншым — праз спробу рэферэндуму, то што ён можа? Нават калі атрымаецца прайсці ўсе неабходныя этапы і нават калі потым Лукашэнка падпіша вынікі рэферэндуму, то фактычна гэта будзе яшчэ 10 гадоў ці магчымыя 10 гадоў знаходжання ва ўладзе [Лукашэнкі]. І мне здаецца, што калі нават гэтую ініцыятыву запускаць, то трэба запускаць пасля прэзідэнцкіх выбараў, — сказаў Валерый Цапкала.

Прэтэндэнт у прэзідэнты адзначыў, што ў сённяшнім палітычным працэсе галоўнае заключаецца ў тым, што ўсе павінны паважаць Канстытуцыю Беларусі, «ніхто не мае права быць над законам».

— Трэба паважаць права беларускага народа выбіраць той палітычны курс, які ён хоча, і выбіраць таго кіраўніка, які павядзе беларускі народ у наступныя пяць гадоў. Я не кажу, што павядзе за сабой. Ён, магчыма, будзе менеджарам, будзе добрым кіраўніком, але ён будзе тым чалавекам, які на нейкі вызначаны перыяд часу зможа з'яўляцца адлюстраваннем спадзяванняў, чаканняў беларускага грамадства, — сказаў Валерый Цапкала.

Акрамя Цапкала на 24 чэрвеня дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты падала каманда Віктара Бабарыкі, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Прадставіць у ЦВК дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты, можна па 4 ліпеня ўключна. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты будзе праходзіць з 5 па 14 ліпеня.

Выбары адбудуцца 9 жніўня.

Алена Талкачова, фота Вольгі Шукайла, tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: