Валерый Цапкала: Рэйтынг Лукашэнкі не перавышае 10%

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала ў інтэрв’ю карэспандэнту «Белсата» ў Кіеве распавёў, які рэйтынг сёння мае Аляксандр Лукашэнкі і ў чым гістарычная місія Святланы Ціханоўскай.
Паводле Цапкалы, сёлета ўладам будзе больш складана сфальсіфікаваць вынікі выбараў, бо ў Лукашэнкі вельмі нізкі электаральны рэйтынг.

«Электаральны рэйтынг Лукашэнкі на надзвычай нізкім узроўні. Я думаю, што ён не перавышае 10% нават з улікам масавай накачкі на дзяржаўных тэлеканалах. У гэтым сэнсе фальсіфікаваць для тэрытарыяльных камісіяў будзе вельмі складана. Тым больш, што на гэты раз грамадзянская супольнасць плануе аказваць сур’ёзны ціск на сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якія заўсёды зʼяўляліся асноўным элементам фальсіфікацыяў», – кажа Валерый Цапкала.

Цапкала заявіў, што мае намер удзельнічаць у новых свабодных выбарах у Беларусі, якія прызначыць Святлана Ціханоўская пасля змены ўлады.

«Мы аб’ядналі намаганні нашых штабоў менавіта з разліку, што Ціханоўская правядзе выбары. Прычым яна кажа, што не будзе балатавацца. Будзе балатавацца яе муж, пойдзе Бабарыка, пайду я. Імаверна, пойдуць палітвязні – Статкевіч, Севярынец. Можа яшчэ нехта. Роля Святланы сёння – прыбраць гэты рэжым. Гэта яе гістарычная місія», – заявіў ён.

Паводле Цапкалы, ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі разам з дзецьмі, бо яму пагражаў арышт.

«Я быў бы кінуты за краты гэтак жа як Бабарыка і Ціханоўскі. Я атрымаў інфармацыю пра гэта з двух незалежных крыніцаў. Плюс улады пачалі працэдуру пазбаўлення нас бацькоўскіх правоў. Яны прыйшлі ў школу і пачалі ў завуча, дырэктара, настаўнікаў збіраць інфармацыю пра нашых дзяцей. А мы ведаем, што гэтая ўлада аказвае ціск на сваіх апанентаў праз дзяцей», – адзначыў ён.

На думку Цапкалы, пазіцыя Расіі падчас сёлетняй выбарчай кампаніяў у Беларусі адрозніваецца ад яе пазіцыі падчас выбараў у папярэднія гады.

«З аднаго боку расійскія ўлады не могуць выступіць супраць Лукашэнкі, таму што ў іх ёсць пэўныя абавязкі. З іншага боку яны напэўна не могуць ужо падтрымліваць Лукашэнку, таму што бачаць грамадскія настроі. Яны разумеюць, што падтрымка Лукашэнкі можа прывесці да пагаршэння стасункаў з беларускім народам, таму што беларусы дрэнна б успрынялі вось такое наўпроставае ўмяшанне. Таму цяпер Расія заняла пазіцыю нейтралітэту», – кажа былы кіраўнік ПВТ.

Цапкала падкрэслівае, што падчас знаходжання ў Маскве ў яго не было кантактаў з прадстаўнікамі Крамля. «У мяне ёсць некалькі знаёмых у Дзярждуме, яны не належаць да праўладнай партыі. Мне было цікава ведаць іх меркаванне, як яны бачаць, што адбываецца ў Беларусі, погляд з Расіі. Але ў асноўным я меў зносіны са СМІ», – заявіў ён.

Гісторыю з затрыманне баевікоў ПВК Вагнэра ў Беларусі Цапкала лічыць «цыркам і клаўнадай», у тым што вагнэраўцы рыхтавалі масавыя закалоты ён не верыць. Экс-кіраўнік ПВТ нагадвае, што Лукашэнка і раней напярэдадні выбараў палохаў грамадства казкамі пра баевікоў, але цяпер уладам ужо ніхто не верыць.

«Гэта ніяк не адбілася на тым палітычным працэсе, які разгортваецца ў нашай краіне», – канстатуе ён.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: