Валерый Карбалевіч: Магчымы рэальны сілавы канфлікт на беларуска-літоўскай мяжы. Гэта выгадна Лукашэнку

Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы развіваецца шляхам эскалацыі і можа прывесці да рэальнага сілавога канфлікту, піша палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч у сваёй калонцы на «Свабодзе».
— Калі на сцяне вісіць стрэльба, то рана ці позна яна мусіць стрэліць. Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі з Літвою, справакаваны афіцыйным Мінскам, з самага пачатку нёс у сабе патэнцыял паўнавартаснага канфлікту. Цяпер падзеі развіваюцца шляхам абвастрэння. Прычым крокі ў гэтым кірунку робяць абодва бакі.

Днямі літоўскія ўлады прынялі рашэнне вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь. Мінск робіць крок у адказ.

5 жніўня Лукашэнка падчас нарады з кіраўнікамі сілавых структур заявіў: «З сённяшняга дня ніводная нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку — ці то з поўдня, ці з захаду — ступіць не павінна... Не дай божа, яны пачнуць рэалізоўваць тактыку выдварэння людзей, якіх яны туды паклікалі, праз афіцыйныя прапускныя пункты. Гэта ўжо... Вы ведаеце наступствы, яны — таксама. Таму хай думаюць. Мы іх папярэдзілі». І назваў літоўскае кіраўніцтва «мярзотнікамі» і «нацыстамі».

Адказ у стылі Лукашэнкі. Ён баіцца падацца слабым, саступіць і падчас канфлікту заўсёды ідзе на абвастрэнне.

Але тут ёсць і рацыянальны разлік. Ужо з леташняга верасня Лукашэнка паўтараў, што заходнія суседзі хочуць вайны, рыхтуюцца да вайны. Слова «вайна» трывала ўвайшло ў лексікон беларускага афіцыёзу. Але ўсё ж яно больш ужывалася з прыметнікам «гібрыдная», «інфармацыйная» і інш.

А зараз сітуацыя можа прывесці да рэальнага сілавога канфлікту на беларуска-літоўскай мяжы.

Такое развіццё падзей выгаднае Лукашэнку. Яму цяпер няма чаго губляць. Бо ўжо ўсё згублена. Сілавы канфлікт, паводле ягонай логікі, напужае Захад, там убачаць, што маюць справу з чалавекам без тармазоў, які загнаны ў кут і можа пайсці на любыя дзеянні. І, такім чынам, пад пагрозаю лакальнай вайны ЕС і ЗША будуць вымушаны ўступіць ў гандаль, у перамовы дзеля разрадкі напружання. То бок шантажом, штучным мігранцкім крызісам прымусіць Захад саступіць. Бо там жа ўсе палітыкі «бяз яйцаў». Лукашэнка ідзе ва-банк, падвышае стаўкі.

З іншага боку, мадэль «крэпасці ў аблозе» — ідэальны механізм утрыманьня ўлады. І маленькая вайна толькі мацуе гэты вобраз, стварае магчымасць дадатковай мабілізацыі дзяржаўнага апарату, узмацнення рэпрэсій супраць «пятай калоны» ў тыле.

Дарэчы, адсюль і малазразумелы «наезд» на Украіну без заўважных падстаў. Відаць, калі ствараць вобраз «крэпасці ў аблозе», то ворагі павінны быць з усіх бакоў, ці хоць бы з трох.

То бок з гледзішча ўтрымання ўлады сілавы канфлікт Лукашэку выгадны. Але вайна дакладна не выгадная беларускаму народу. Так што ў плане мабілізацыі грамадзкай падтрымкі тут ён не пажне лаўраў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: