Валерый Карбалевіч: Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, рэпрэсіі і збліжэнне з Расіяй не будуць залежаць ад санкцый

«Зачыстка» грамадска-палітычнай прасторы і санкцыі — гэта паралельныя працэсы, якія мала перасякаюцца, лічыць беларускі палітолаг.

У ходзе бурлівай дыскусіі наконт заходніх санкцый галоўным аргументам іх праціўнікаў (Зянон Пазняк і інш.) з'яўляецца такі: санкцыі вядуць да знішчэння грамадзянскай супольнасці і могуць прывесці да страты суверэнітэту Беларусі, бо павялічваюць яе залежнасць ад Расіі, — піша Валерый Карбалевіч. — Аднак давайце паглядзім на факты. Рэальныя эканамічныя санкцыі ЕС і ЗША ўвялі толькі летам, пасля гісторыі з самалётам. Усе ранейшыя санкцыі былі, хутчэй, сімвалічнымі, з'яўляліся больш нейкімі пужалкамі.

А працэс рэпрэсій, знішчэнне інфраструктуры грамадзянскай супольнасці цягнецца ўжо больш за год. То-бок гэта пачалося задоўга да санкцый. Атрымліваецца, што «зачыстка» грамадска-палітычнай прасторы і санкцыі — гэта паралельныя працэсы, якія мала перасякаюцца.

Цяпер пра залежнасць ад Расіі. Лукашэнка папрасіў Пуціна аб увядзенні на тэрыторыю Беларусі расійскіх вайсковых падраздзяленняў дзеля абароны існага рэжыму яшчэ ў жніўні мінулага года, калі пра санкцыі ніхто нават не заікаўся. З гэтага часу рэзка ўзрасла вайсковая прысутнасць Расіі. Дамова аб стварэнні сумеснага вучэбнага цэнтра пад Гроднам была падпісана ў сакавіку. Пераарыентацыя беларускага экспартнага тразіту з партоў краін Балтыі ў расійскія парты пачалася зімой. А рэальныя санкцыі, яшчэ раз нагадаю, з'явіліся толькі летам.

І пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, гэтыя два працэсы будуць працягвацца незалежна ад заходніх санкцый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: