Валерый Карбалевіч заўважыў «хатнюю нарыхтоўку» на пачатку перамоў Пуціна і Лукашэнкі

Сустрэча саюзнікаў ў Маскве яшчэ працягваецца, але вядомы беларускі палітолаг ужо дзеліцца цікавымі ўражаннямі. 

— Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пачаліся вельмі цікава, — адзначае Валерый Карбалевіч у калонцы для «Свабоды». — Традыцыйна падчас пратакольных здымак палітыкі ў прысутнасці медыя кажуць банальныя рэчы пра жаданне развіваць двухбаковыя адносіны. І ніколі журналісты не задаюць пытанняў. Звычайна да журналістаў выходзяць пасля перамоў, ладзіцца кароткі брыфінг. І тое далёка не заўсёды.

Зараз традыцыя была радыкальна парушаная. Расійскі журналіст раптам, насуперак усім пратаколам, вырашыў задаць пытанне абодвум кіраўнікам. І тыя, як быццам бы так і належыць, пачалі адказваць. І, вось дзіва, тэлеканал «Россия» даў усё гэта ў эфір. Такая вытанчаная хатняя нарыхтоўка.

Пытанні тычыліся дачыненняў з Украінай. Зразумела, гэта быў спланаваны крамлёўскі сцэнар. Яго сэнс палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку салідарызавацца з Пуціным у пытанні расійска-ўкраінскіх дачыненняў. І таму не было куды дзявацца. Прыехаўшы у Маскву па чарговыя даброты, апынуўшыся перад тэлекамерамі, ён проста не меў выбару.

Ён падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся з лідарамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся прэзідэнту Расіі на ўкраінскага кіраўніка («Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага»). А потым западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць «Мінскія пагадненні». Тым самым падтрымаўшы Расію ў яе канфлікце з Украінай. Што і патрабавалася.

Такім чынам, спачатку супольная аперацыя КДБ і ФСБ супраць міфічных змоўшчыкаў спаліла масты у адносінах Беларусі з ЗША, а разам з гэтым абрушыла і канструкт шматвектарнасці. А цяпер руйнуецца беларускі нейтралітэт адносна расійска-ўкраінскага канфлікту. Ад былой пазіцыі Беларусі як мадэратара, пасярэдніка ў гэтым супрацьстаянні застаецца ўсё менш. Усё гэта — плата за расійскую падтрымку Лукашэнкі. І, гледзячы па ўсім, цана гэтай падтрымкі ўзрастае.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: