«Валодзя больш не баец»: расійскі палітолаг сцвярджае, што Лукашэнка расчараваўся ў Пуціне

Расійскі палітолаг, былы загадчык кафедры сувязяў з грамадскасцю МДІМА Валерый Салавей, вядомы сваімі прагнозамі і тэорыямі аб палітычнай сітуацыі ў Расіі, распавёў, што Лукашэнка расчараваўся ў Пуціне.


Нагадаем, перамовы Лукашэнкі і Пуціна адбыліся 22 сакавіка, на наступны дзень пасля паслання расійскага лідара Федэральнаму сходу, у якім Пуцін закрануў тэму «арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і спробу забойства кіраўніка гэтай краіны». Яны вонкава нічым не скончыліся: прынамсі, ніякіх гучных заяваў па іх выніках не было.

Па словах Салаўя, як пасланне, так і асабістая сустрэча расчаравалі Лукашэнку. Палітолаг адзначае, што пасля «мяккага» паслання і асабліва пасля адводу расійскіх войскаў ад мяжы з Украінай Лукашэнка для сябе вырашыў, што Пуцін размяк, піша «Беларускі партызан».

Салавей сцвярджае, што на сустрэчы з вузкім колам людзей Лукашэнка нібыта сказаў такую фразу: «Валодзя больш не баец». Акрамя таго, палітолаг упэўнены, што Лукашэнка ведае пра хуткі сыход Пуціна з пасады прэзідэнта і таму мае намер зацягваць працэс інтэграцыі Беларусі з Расіяй, цягнуць час.

«Ён, вядома, працягне пастаянна дзякаваць за дапамогу, казаць, што мы браты, што мы знаходзімся ў адным акопе, але рухацца далей гэтай рыторыкі ён не будзе», — лічыць Салавей.

Палітолаг таксама заявіў, што расійскія палітычныя эліты «больш не вераць ва ўдачлівасць і дзёрзкасць» кіраўніка Расіі і мяркуюць, што Пуцін перайшоў у «рэжым дажыцця».

Былы загадчык кафедры сувязяў з грамадскасцю МДІМА, палітычны аналітык, публіцыст і грамадскі дзеяч Валерый Салавей вядомы крытыкай уладаў РФ і сваімі нечаканымі прадказаннямі ў галіне расійскай палітыкі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: