Віртуальны свет кіраўніка краіны

Днямі кінастудыя «Дысней» павінна была выдаць у пракат фільм з цікавым сюжэтам. Згодна з ім, жыве сабе даволі паспяховы банкаўскі працаўнік — і ў яго ўсё добра. Да таго часу, пакуль ён не высвятляе, што насамрэч з’яўляецца толькі персанажам вялікай відэагульні, прычым — далёка не галоўным персанажам. 


Падаецца, нешта падобнае цяпер адбываецца з Аляксандрам Рыгоравічам. Нехта стварыў вакол яго ілюзорны свет, у якім краіна пад яго кіраўніцтвам проста квітнее.

Азмрочваецца гэта, канешне, «злымі ворагамі», якія спрабуюць гэтую квітнеючую краіну ў яго забраць і прадаць-падзяліць. Але ж якая відэагульня без экшэну, так?

Адпаведна, усе дзеянні і выказванні кіраўніка Беларусі абумоўленыя той карцінай свету, якую выдаюць яму сцэнарысты віртуальнай рэальнасці. Напрыклад, наведваючы завод «Атлант» напрыканцы мінулага тыдня, Лукашэнка вынайшаў новы спосаб падвышэння народнага дабрабыту. «Я думаў пра зарплату, як будзем рухацца далей. Трэба ўзяць прыкладна 10 вядучых прадпрыемстваў краіны. Дапусцім «Атлант», МАЗ, БЕЛАЗ, якія маюць самы высокі ўзровень заробкаў. Наверсе — самы высокі, дзясятае — ніжэй. Узяць сярэдні заробак гэтых 10 і давесці да выканання ўсіх прыватнікаў», — гэтак правадыр краіны «паклапаціўся» пра тых, хто працуе ў прыватным сектары.

Зразумела, нічым, апроч «віртуалкі», нельга патлумачыць упэўненасць Лукашэнкі ў тым, што ў краіне «флагманы» — гэта дзяржпрадпрыемствы, што ў іх працоўных — годны заробак, што працаўнікам прыватных прадпрыемстваў горш, чым «дзяржаўнікам». Але ж рэаль­насць — гэта не відэагульня.

Па-першае, паглядзім на фінансавыя паказчыкі нашых «флагманаў». «Атлант» пакуль не дае лічбы за 2019 год, а ў 2018-м яго чысты прыбытак склаў мінус 48,55 мільёна рублёў. То-бок, прадпрыемства стратнае. Увесь МАЗ за 2019 год зарабіў чыстага прыбытку 33 тысячы рублёў — каля 15 тысяч долараў. Хопіць, каб на ўвесь завод набыць адзін новенькі бюджэтны легкавік. Завод БЕЛАЗ скончыў 2019 год з чыстым прыбыткам 266 мільёнаў рублёў. Канешне, малайцы, хаця ў параўнанні з мінулым годам памер чыстага прыбытку скараціўся на 19%.

Па-другое, што да заробкаў, то ў «Атланце», які правадыр назваў «флагманам», гледзячы па вакансіях, самыя высокія заробкі ў бізнес-аналітыка і сістэмнага адміністратара — 1100 рублёў. Прыбіральшчык атрымае 450 рублёў, што ў суме дае сярэдні заробак на прадпрыемстве ў 775 рублёў (у прынцыпе, так і ёсць, калі глядзець па вакансіях), ці каля 320 долараў. Як кажуць, якая краіна — такія і «флагманы».

Па-трэцяе, праца прыватных прадпрыемстваў значна эфектыўнейшая за дзяржаўныя — гэта вядомы факт. Напрыклад, бюджэт Мінска амаль на тры чвэрці (!) — 73,1% — фарміруюць арганізацыі недзяржаўнай формы ўласнасці. Калі выконваць распараджэнне гаранта, то на шматлікіх прыватных прадпрыемствах заробак давядзецца зніжаць, а не падвышаць.

Ну і, канешне, пытанне рубам: а як жа словы пра тое, што «заробак павінен быць зароблены»? Мы ўжо адмовіліся ад гэтай цалкам слушнай ідэі?

Ці, напрыклад, Аляксандр Рыгоравіч заклапаціўся экалогіяй. Яшчэ на сустрэчы з «актывам Мінскай вобласці» ён назваў пераход на электрамабілі адной з асноўных задач будучай пяцігодкі. А на тым жа «Атланце» сказаў, што «ў нашых электрамабілях пакуль толькі адна асноўная праблема — імпартныя батарэі. Але нашы спецыялісты знайшлі новыя прынцыпы стварэння гэтых батарэй, якія ў свеце не вядомыя». Агенцтва БелТА ўдакладніла, што гаворка ідзе не пра традыцыйныя літый-іённыя, а пра графенавыя акумулятары.

Між тым, «невядомыя ў свеце» графенавыя батарэі можна проста цяпер набыць у Мінску. Яны ўжо даўно выкарыстоўваюцца як у аўтамабілях, так і ў іншых галінах — напрыклад, у ветраэнергетыцы. А сёлета Samsung абяцае выпусціць на рынак і першы тэлефон з графенавым акумулятарам.

Цалкам мажліва, што Аляксандру Рыгоравічу ўкінулі ў яго віртуальны свет нейкі рэальны прататып (нават не абавязкова беларускі), выдаўшы гэта за «невядомую ў свеце навінку».

Увогуле, пражэктаў такога кшталту ў кіраўніка Беларусі было багата. Танны айчынны легкавік так і не быў выпушчаны, нягледзячы на ўсе спробы з «Самандамі» і «Джылі». Сетка пакрыцця 5G па Беларусі так і не запрацавала. Заробак «па 500 у эквіваленце» так і застаўся марай. Электрамабілі — з той жа серыі.

Для добрых аўтамабіляў патрэбныя добрыя дарогі. І пра гэта нагадаў гарант, адкрываючы мост праз Сож у Слаўгарадскім раёне. «Да абласных цэнтраў мы зрабілі дарогі. Цяпер трэба прывесці ў парадак да раённых цэнтраў. Гэта абавязкова мы павінны скончыць. І дадаткова ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў, — сказаў ён. — Без дарог у нас жыцця няма. Гэта і настрой людзей, і эканоміка, і транзіт, на якім мы хочам зарабіць».

Канешне, усё гэта можна зрабіць, і гэта робіцца. Напрыклад, таксама нядаўна стала вядома, што на рэканструкцыю аўтадарогі М3 (Мінск–Віцебск) і рамонт мастоў грошы нам дасць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. На гэтыя мэты будзе выдаткавана 259 мільёнаў еўра — самы вялікі праект ЕБРР у Беларусі.

Зноў жа, узнікаюць пытанні. Калі, паводле Лукашэнкі, мы «зрабілі дарогі да абласных цэнтраў», навошта нам браць грошы ў ЕБРР на тое, што зроблена? А што да дарог у райцэнтры, то ў Беларусі была створана працоўная група для выпрацоўкі прапаноў па развіцці мясцовых аўтамабільных дарог. Яна павінна была ўнесці прапановы аб аб’ёмах, умовах і крыніцах фінансавання мерапрыемстваў па развіцці мясцовых аўтамабільных дарог і парадак вызначэння аб’ектаў і ўмовах выканання работ па развіцці мясцовых аўтамабільных дарог.

Праўда, усё гэта павінна было адбыцца тры гады таму — у лютым 2017 года. Я нават упэўнены, што планы па развіцці мясцовых аўтадарог былі выпрацаваныя, аб’ёмы, умовы і крыніцы фінансавання ўзгодненыя ў азначаны тэрмін. Шмат хто за гэта атрымаў прэмію да немалога заробку. Але ўсё гэта так і засталося на паперы, перайшоўшы ў віртуальны свет відэагульні для Аляксандра Рыгоравіча.

І чаму за тры гады нічога не было зроблена — сапраўды пытанне. Як і пытанне, ці будуць выкананыя абяцанкі ў наступнай пяцігодцы, альбо яны — толькі частка віртуальнага свету?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: