Віктар Марціновіч: Bravo, Украіна!

Нас, псіхаў у вар’ятні стабільнасці, вельмі ж узбуджае само дапушчэнне, што чалавека, які дастаў усіх сваёй асобай і навакольнай карупцыяй, можна так — гопля! — адправіць дадому проста з дапамогай залётнага Зяленскага.

Віктар Марціновіч спецыяльна для budzma.by разважае пра прэзідэнцкія выбары ва Украіне.

Пакуль украінскія інтэлектуалы наракаюць на тое, што рэальнасць раптоўна ператварылася ў дурнаватае тэлешоў і “выйсця з гэтага бясконцага КВНу няма”, усе беларусы ўзрушана файцяцца адно з адным у фэйсбучыку — так, быццам бы Парашэнка vs Зяленскі — гэта іх двубой. Спрацоўвае той жа прынцып, паводле якога любая публічная дыскусія ў несвабодным грамадстве абрастае тонамі крытыкі: не маючы магчымасці “прад’явіць” уладзе, грамадзяне, што мысляць, прад’яўляюць тым, хто прад’яўляе ўладзе, па прынцыпе “а чойта Горват у Макея пра Каліноўскага папрасіў, а пра парушэнні правоў чалавека ці нешта сапраўды істотнае папрасіць засцаў?”

Нас, псіхаў у вар’ятні стабільнасці, вельмі ж узбуджае само дапушчэнне, што чалавека, які дастаў усіх сваёй асобай і навакольнай карупцыяй, можна так — гопля! — адправіць дадому проста з дапамогай залётнага Зяленскага. Але ёсць і менш відавочныя высновы з блізкага другога тура, які надта ж нагадвае наш другі тур у 1994-м.

Як слушна напісаў Dadakinder, пакаленне міленіялаў нарэшце вырашыла ператварыцца ў палітычную сілу і пазбавіць краіну астатняй тухляціны кучмаўскай эпохі, паказаўшы сярэдні палец адначасова і алігарху, і яго апанентцы. Але што мяне тут уражвае больш за ўсё — ніводная з гэтых вялікіх альтэрнатываў, утвораных “новым украінскім часам”, “постмайданнем”, не прадугледжвае здачы суверэнітэту краіны. Альтэрнатывы ў выглядзе “цяснейшай інтэграцыі з Масквой” нават не ўзнікае ў раскладах, хаця краіна ўжо колькі гадоў ваюе і як ужо стамілася ад той вайны. Так, кандыдаты могуць разыходзіцца ў стратэгіях барацьбы за незалежнасць, але ніводны папулярны кандыдат не кажа, што незалежнасць можна хаця б часткова аддаць. Вось гэта — асноўнае дасягненне Украіны, з якім яе хочацца шчыра павіншаваць, бо сістэма і ідэя правяраецца менавіта падчас выбараў. У Беларусі пры яшчэ не абвешчаных выбарах ужо распачаўся пошук “рукі Масквы” (я не ведаю, каго дакладна тая рука гладзіць па патыліцы і ці ёсць яна наогул) — і гэта шмат што кажа пра наяўны стан дзяржаўнасці. Быццам без “рукі Масквы” мы ўжо і запараноіцца прыгожа не можам.


І мне — вось праўда — усё роўна, якая ступень блізкасці ў Зяленскага і Каламойскага. Каламойскі — украінец, Зяленскі — украінец, ніякай ганьбы ці тым больш здрады я тут не бачу. Бо, вы ведаеце, каровы абасраныя не таму, што райвыканкам недастаткова запужалі следчыя. Каровы абасраныя таму, што ў іх няма гаспадара. І будуць яны абасраныя да той пары, пакуль на зямлі замест нанятых перапужаных дзядзечак з кашай у роце і слязой у вачах не з’явіцца той самы гаспадар.

Гэтыя выбары — яшчэ адна праява постпалітыкі, калі ў кіраўнікі краіны можа вылучацца якая заўгодна медыйная персона і абяцаць пры гэтым што заўгодна ці не абяцаць анічога ўцямнага, як гэта адбылося з Зяленскім. Ці абяцаць кожнаму нешта сваё, як гэта некалі з дапамогай мікратаргетавання зрабіў штаб Трампа праз сацыяльныя сеткі. Палітыка болей не пра канкурэнцыю праграм, не пра выканальнасць абяцанняў. Яна наблізілася вельмі шчыльна да тых часоў, з якіх пачыналася: ёсць натоўп, якому трэба спадабацца, а для гэтага натоўпу трэба паказаць пару цудаў ці хаця б фокусаў. Усё астатняе завязанае на харызму і акторскае майстэрства. У другой палове XXI стагоддзя светам будуць кіраваць ці робаты, ці зоркі Netflix, вось пабачыце.

І, канечне ж, Зяленскі парве Парашэнку ў тэледэбатах, бо актор заўсёды будзе лепш прыкідвацца сур’ёзным палітыкам, чым любы сур’ёзны палітык.

І апошняе. Тыя, хто глядзіць Russia Today прызвычаіліся з Украіны смяяцца. Маўляў, вось Расія — гэта сур’ёзная краіна, Беларусь — сур’ёзная краіна, а “майданная хунта” давяла ўсё да ручкі. І мы настолькі ўжо прынялі гэтую думку, што не задаёмся пытаннем, чаму так зрабілася, што ў краіне, у якой ідзе бясконцая вайна, рамантуюцца дарогі, а ў Беларусі нават у Мінску (!) дастаткова з’ехаць з вуліцы Кіжаватава ў раёне “Кароны”, каб пабачыць такія яміны, такія 90-я, што мову зойме. Чаму трыста даляраў заробку ва Украіне — гэта смешна, а “600-700 рублёў” на сяле ў Беларусі — нагода для гонару і паказу па ТБ (“ну што, можна пражыць на 600 рублёў?” — “Можна, калі свая гаспадарка, свой агарод”)? Гэта быццам у Украіне “карупцыя”, але паглядзець любое расследаванне Навальнага ці пачытаць тое, што Антон Матолька піша пра рамонт і іржавыя слупкі ў цэнтры Мінска — і атрымліваецца, што не так ужо ўсё дрэнна ў тых украінцаў! І вось жа адрозненне: ва Украіне карупцыя, ва Украіне малыя заробкі — і ўлада мяняецца. Гаспадараць людзі, а не чыноўнік. А адзіным наступствам выкрыванняў Навальнага з’яўляюцца праблемы самога Навальнага.

Калі пра праблемы не казаць па ТБ і жорстка не караць любога, хто пра іх заікнецца на Youtube (што скажаш, блогер Андрэй Павук?), знешне ўсё будзе выглядаць як “безгаспадарчасць” — наступства недастатковай “дзісцыпліны”. Але вось што: пакуль за нас вызначаюць будучыню нашых дзяцей і нават унукаў, украінцы лёгка ўплываюць на свой лёс.

Bravo, хлопцы!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!