Віктар Карняенка. ТАЛАКА. Пакрокавая стратэгія мусіць быць рэальнасцю, а не сімулякрам

Пакрокавая стратэгія — рэч разумная толькі тады, калі яна пракладвае шлях не ў тупік, а факусуецца на сапраўднай праблеме, ад рашэння якой сапраўды нешта залежыць.



Віктар Карняенка. Фота naviny.by


Нярэдка прыходзіцца чуць справядлівую крытыку ў адрас беларускіх палітыкаў наконт бязмерных апеляцый да міжнароднай супольнасці. Па шчырасці, і мне іншым часам відавочны перабольшванні на гэты конт, якія калі-некалі нагадваюць блытаніну дзяцей пад нагамі дарослых дзядзечак. Маўляў, паглядзіце, нас пакрыўдзілі, пакарайце злодзея! 


Асабліва рэжа вуха зварот да патэнцыйных партнераў з адзначэннем “вы павінны”. Ніхто беларускай дэмакратыі нічога не абавязан, хаця гэта не азначае, што не трэба імкнуцца выкарыстоўваць партнерскія адносіны для вяртання ў Беларусь дэмакратыі. 



Апошнім часам на гэты конт аднавілася дыскусія з нагоды прапаноў Дзмітрыева заходнім палітыкам з пералікам умоў для пачатку дыялога з рэжымам Лукашэнкі. Здзівілі не самі безсістэмныя і незмястоўныя, за выключэннем адмены смяротнага пакарання, прапановы, а рэакцыя на “падзею” асобных аналітыкаў і журналістаў. Апафіёзам тэмы лічу артыкул на “Свабодзе” яе супрацоўніка Юрыя Дракахруста пад красамоўнай назвай “Чаго варта запатрабаваць ад Лукашэнкі?”.  



Відавочна, аўтар салідарызуецца з падыходам Дзмітрыева, што ўмовы трэба вылучаць прымальныя рэжыму, якія не нясуць небяспеку ягонаму існаванню, а таму могуць быць прыняты. Напрыклад, варта дамагацца рэгістрацыі “Гавары праўду” і яшчэ парачкі арганізацый, ды акрэдытацыі “Белсату”. 



Як бачыце, гаворка не ідзе пра патрабаванні забеспячэння правоў грамадзян на асацыяцыі і свабоду атрымліваць інфармацыю, замацаваных у Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала наша краіна. Выключэнне прапануецца зрабіць некаторым асобным асацыяцыям і медыям. 



З “Белсатам” сітуацыя складаней, бо Лукашэнка памятае пра ролю тэлебачання ў яго ўласнай палітычнай кар’еры ў далекім 1994 годзе. Таму магу паспрачацца, што легалізацыя гэтага тэлеканалу ў Беларусі магчыма толькі пры ўмове яго падкантрольнасці ўладзе, і ўспамін пра яго падобны на “мастацкі свіст” — маўляў, “мы ж змагалісь не толькі за сябе, але пакуль не атрымалася”. 



Хутчэй за ўсё, “лібералізацыя” скончыцца рэгістрацыяй адной “Гавары П”, толькі гэта не будзе ніякім “малым крокам”, нават калі рэжым пачне адкрыта фінансаваць гэтую структуру з бюджэту. 



Юры Дракакхруст здзекліва заўважае, што, канешне, патрабаваць ад Лукашэнкі можна нават цалаваць ногі апазіцыянерам, калі яны маюць сілу. Ну, а калі не, маўляў, ведайце сваё месца, а то і ад міжнародных партнераў можна пачуць “а не пайшлі б вы, дарадцы, далёка…”. 



Патрабаванні ж свабодных выбараў ад улады, на думку аналітыка, увогуле паказваюць неразуменне прыроды аўтарытарызму. Сцвярджаецца, на гэта рэжым не пойдзе, бо такія саступкі для яго смяротныя, і свабодныя выбары магчымы толькі за 5 хвілін да скону аўтарытарнага кіраўніцтва. 



Больш чым дзіўная пазіцыя палітыкаў-аналітыкаў! Па сутнасці, прапануецца знайсці хоць бы які прытулак прыстасаванцам ад палітыкі, не злаваць аўтарытарнага кіраўніка, і называецца гэта — “пакрокавая стратэгія”! 



Яшчэ можна параіць перафарбаваць нейкі плот, альбо, прачытаўшы план працы райвыканкаму, “спрагназаваць” рамонт кавалка дарогі, ці новабудоўлю і “з партыйнай прынцыповасцю” выдаць гэта за сваё дасягненне. Толькі пры чым тут лібералізацыя?

Пакрокавая стратэгія — рэч разумная толькі тады,
калі яна пракладвае шлях не ў тупік,
а факусуецца на сапраўднай праблеме,
ад рашэння якой сапраўды нешта залежыць.

У нашым выпадку — гэта менавіта свабодныя (адносна, паступова, часткова і г.д.) выбары. Зразумела, ўлада будзе як мага далей супраціўляцца і дурыць партнерам галовы рознымі выдумкамі, кшталту празрыстых скрыняў для галасавання, якія, дарэчы, з “лёгкай рукі” таго ж Дзмітрыева ўжо і пачалі з’яўляцца. Вось вам і прыклады “лібералізацыі”! 



Прапанова да беларускай апазіцыі зняць тэму выбараў з парадку дня, пакуль не надыдзе “пяць хвілін ” да канца рэжыму, гучыць асабліва недарэчна яшчэ таму, што немала міжнародных экспертаў-прафесіяналаў трымаюць яе пад увагай і не замоўчваюць. 



Напрыклад, па выніках назірання за выбарамі ў 2012 годзе АБСЕ выказала больш за 20 рэкамендацый па паляпшэнню выбарчага працэсу, у тым ліку шэсць з якіх — прыярытэтныя. У папярэдніх высновах справаздачы назіральнікаў АБСЕ і ПАСЕ ў 2015 годзе таксама адзначаецца, што “недахопы нарматыўна-прававой базы абмяжоўваюць свабоду волевыяўлення выбаршчыкаў”. 



Многія эксперты з Еўропы і ЗША (Дэвід Крэмер, Карл Більд, Ежы Памяноўскі…) абураюцца непаслядоўнасцю еўрабюракратыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Яны неаднаразова дэманстравалі сваю салідарнасць і на словах, і на справе. У гэты ж час беларускія аналітыкі прапануюць апазіцыі падтрымаць не іх, а палітычных калабарацыяністаў, якія мараць стаць так званай “сістэмнай апазіцыяй”, прасцей кажучы — знайсці сваё спакойнае месца ў іерархіі аўтарытарнай улады. І калі, як прапануе аналітык, усе ў Беларусі стануць на шлях такой “пакрокавай стратэгіі”, то каго і навошта тады тут падтрымліваць і з кім салідарызавацца? 



Зразумела, дамагчыся сапраўдных выбараў пры дастаткова моцным аўтарытарным правіцелі — справа нялегкая, а магчыма, і дастаткова далёкай перспектывы. Відавочна, што і многія заходнія палітыкі гатовы саступіць, а можа нават і паслаць “куды далёка” беларускую апазіцыю. Тым не менш, адмаўляцца ад пастаноўкі задачы па змаганню за выбары як дэмакратычны механізм змены ўлады, нельга! 



Ад Лукашэнкі патрабуюць не “застрэліцца”, як падалося сп. Дракахрусту, а ўсяго толькі выканання Беларуссю дабравольна ўзятых на сябе абавязкаў міжнародна-прававога характару, і не больш. Такіх міжнародных дакументаў нямала, але назаву толькі адзін з асноўных — Капенгагенскі дакумент АБСЕ, які рэгламентуе стандарты правядзення выбараў у краінах-удзельніцах гэтай міжнароднай арганізацыі, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта інструмент і сродак для тых, хто хоча памяняць тут сітуацыю, і яго трэба выкарыстоўваць, нават калі гэтую тэму ня хочуць уздымаць некаторыя заходнія палітыкі. 



Многія з іх не бачылі б і праблемы палітвязняў. Але салідарная пазіцыя на гэты конт беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, аналітыкаў, заўсёды голасна і прынцыпова ўздымаўшых праблему, прымушала любога дзеяча трымаць гэты пункт ў парадку дня. Дапамагаюць толькі тым, хто хоць нейкім чынам змагаецца за сябе сам! 



Што да пачатку дыялогу Захада з беларускім рэжымам, то няма ніякага пачатку! На нейкім узроўні, па шэрагу агульных пытанняў дыялог адбываўся заўсёды. Гэта праблемы транзіту, распаўсюджвання злачыннасці, аховы межаў, нават эканамічных адносін. Мы памятаем стасункі Лукашэнкі і з палітыкамі высокага ўзроўню (міністры і прэзідэнты!) нават пад час самага жорсткага супрацьстаяння Захаду з рэжымам. Палітыкам краін-суседзяў трэба клапаціцца пра свах грамадзян, абараняць іх інтарэсы, і, зразумела, яны ніколі не ператворацца ў сервіс-цэнтры для беларускай апазіцыі. 



У гэтым агульным рэчышчы і чарговы шанец рэжыму на сістэмныя паляпшэнні адносін з дэмакратычнымі краінамі Захаду ў выглядзе адмены персанальных санкцыяў да палітыкаў і іншых дзеячоў, што парушаюць правы чалавека і фальсіфікуюць выбары. Такі адказ на вызваленне палітвязняў. У мяне, як і ў многіх маіх суайчыннікаў, на гэты конт больш скепсізу, чым спадзяванняў на добрыя перспектывы. 



Але нават калі мы ўсе жадаем наладжвання добрасуседзкіх адносін з дэмакратычнымі краінамі Захаду, апазіцыі не варта дапамагаць аўтарытарнаму рэжыму арганізаваць для збліжэння “чорны ход”. Калі, канешне, гэтая апазіцыя не сядзіць у адпаведнай кішэні, гатовая да выканання любога задання “партыі і ўраду”. 


naviny.by

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: