Візіт вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза ў Мінск адменены

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні павінна была наведаць Беларусь 4-5 кастрычніка.
У пачатку тыдня прагучала, што вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі наведае Мінск.

 На гэтым тыдні ў раёне пятніцы-суботы будзе візіт высокага ўзроўню, прысвечаны тэматыцы «Усходняга партнёрства», і дэлегацыю Еўрапейскага саюза будзе ўзначальваць спадарыня Магерыні, — сказаў у панядзелак заснавальнік і дырэктар Рады па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман.

Візіт у Мінск таксама быў запланаваны ў календары мерапрыемстваў на сайце Еўракамісіі. Згодна з дакументам, у пятніцу Федэрыка Магерыні павінна была сустрэцца з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам і абмеркаваць 20 дакументаў на 2020 год у рамках «Усходняга партнёрства».

У суботу была запланаваны сустрэча Магерыні з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ўдзел у форуме «Будучыня Усходняга партнёрства» ў якасці сустаршыні.

Як стала вядома «Салiдарнасцi», па даных на 3 кастрычніка візіт Федэрыка Магерыні адменены. Прычыны пакуль невядомыя.

Як паведамілі агенцтву BNS у МЗС Літвы, у сувязі з гэтым таксама адмяніў свой візіт у Мінск міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус, які павінен быў удзельнічаць у сустрэчы міністраў «Усходняга партнёрства».

Раней стала вядома, што кіраўнік МЗС Польшчы Яцэк Чапутовіч таксама не прыедзе ў Менск.

У чацвер раніцай Пасольства Швецыі ў Беларусі паведаміла, што 3-4 кастрычніка ў горадзе Умеа, правінцыя Вестэрботэн, праводзіцца Арктычны форум ЕС. На мерапрыемстве, акрамя іншых высокапастаўленых асоб, прыме ўдзел вярхоўны прадстаўнік ЕС Федэрыка Магерыні.

Арктычны форум такога фармату праводзіцца Еўрапейскім Саюзам ўпершыню. Асноўнымі тэмамі форуму стануць пытанні ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва і рэгіянальных сувязяў у Арктыцы, абароны навакольнага асяроддзя і клімату, а таксама ўстойлівых інвестыцый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!