Вядома імя новага Амбасадара Польшчы на Беларусі

Сёння стала вядома, хто будзе прызначаны на пасаду Амбасадара Рэспублікі Польшча ў Беларусі. Ім будзе спадар Артур Міхальскі (Artur Michalski), былы дырэктар Усходняга Дэпартамента МЗС.
Фота з сайта Амбасады РП у Малдове)

Фота з сайта Амбасады РП у Малдове)


Як паведамляе польскі партал PolskieRadio.pl, спасылаючыся на адказ на запыт у бюро прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча, працэдура прызначэння пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час на разглядзе. Кандыдатам на гэты пост з'яўляецца Артур Міхальскі, былы дырэктар Усходняга Дэпартамента МЗС. На сёння яго кандыдатура станоўча зацьверджана Камісіяй Замежных Спраў Сейма Польшчы у якасці кандыдата на пасаду пасла ў Мінску. Рашэнне прынята на мінулым тыдні, публічна агучана сёння. Міністэрства папярэджвае, што "працэдура прызначэння Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Польшчы складана і шматэтапна".

Да гэтага Артур Міхальскі з 11 кастрычніка 2012 года па 30 чэрвеня 2017 года працаваў  Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Малдова.

Артур Міхальскі нарадзіўся ў 1962 годзе ў Варшаве. Скончыў філасофскі факультэт Акадэміі Каталіцкай Тэалогіі. Працаваў у каталіцка-грамадскім часопісе "Лад", сферай яго інтарэсаў у асноўным быў  рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Падчас журналісцкай працы сачыў і апісваў працэсы дэмакратызацыі і барацьбы за свабоду, вынікам якіх быў канец камунізму. Пісаў рэпартажы і ладзіў інтэрв’ю з асобамі з Чэхаславакіі, Венгрыі, СССР, якія прымалі ўдзел у працэсе змен. У выніку тых размоў і інтэрв’ю была напісана кніга: "На руінах таталітарызму — размовы аб адраджэнні хрысціянства" (Na gruzach totalitaryzmu — rozmowy o odradzaniu się chrześcijaństwa”).

У 1990 пачаў працу ў МЗС, працаваў як прэс-сакратар Амбасады ў Маскве. Затым быў начальнікам расійскага аддзела ў Цэнтры Ўсходніх Даследаванняў, а потым начальнікам расійскага аддзела ў Дэпартаменце Усходняй Еўропы МЗС. Таксама быў прэс-сакратаром ў Амбасадзе ў Вашынгтоне. Працаваў у Дэпартаменце Амерыкі, быў намеснікам амбасадара ў Канадзе.

Пасля завяршэння місіі ў Кішынёве працаваў дырэктарам усходняга дэпартамента МЗС. Жанаты, мае траіх дзяцей.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць