Вялікабрытанія ўводзіць персанальныя санкцыі супраць 8 прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Лукашэнка ў спісе

Вялікабрытанія ўвяла знакавыя санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, яго сына і высокапастаўленых членаў беларускага ўраду ў рамках новага рэжыму санкцый Вялікабрытаніі ў галіне правоў чалавека, заявіў сёння міністр замежных спраў.

 
Санкцыі ўведзеныя ў рамках скаардынаванага з Канадай міжнароднага падыходу, накіраванага на ахову дэмакратычных каштоўнасцяў і аказанне ціску на тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі адказны за чараду парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да апазіцыйных дзеячаў, СМІ і народу Беларусі ў выніку фальсіфікацыі выбараў. Нягледзячы на шматлікія заклікі міжнароднай супольнасці, ён адмовіўся ад дыялогу з апазіцыяй, замест гэтага падвоіўшы свае жорсткія рэпрэсіі.

Новыя санкцыі ўключаюць забарону на паездкі і замарожванне актываў васьмі прадстаўнікоў беларускага рэжыму, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, яго сына Віктара Лукашэнкі і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенкі. Аналагічныя санкцыі былі ўведзеныя Канадай.

Незалежны рэжым санкцый у галіне правоў чалавека дае Вялікабрытаніі права на забарону ўезду ў краіну асоб, якія маюць дачыненне да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, пераводу грошай праз брытанскія банкі ці на здабыванне прыбытку з нашай эканомікі. Аляксандр Лукашэнка — першы кіраўнік краіны, у дачыненні да якога былі ўведзеныя санкцыі ў рамках рэжыму, прынятага ў ліпені.
 
Гэтыя санкцыі заснаваныя на раней зробленых Вялікабрытаніяй кроках па прыцягненні беларускіх уладаў да адказнасці і садзейнічанні мірнаму выхаду з гэтага крызісу, што адлюстроўвае волю беларускага народу. Гэтыя крокі ўключаюць ініцыяванне незалежнага расследавання пад эгідай Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў сувязі з дапушчанымі парушэннямі выбарчага заканадаўства і правоў чалавека. Вялікабрытанія таксама падвоіла фінансавую падтрымку праваабарончых груп, незалежных СМІ і групаў мясцовых актывістаў у Беларусі да 1,5 млн. фунтаў стэрлінгаў на працягу наступных двух гадоў.
 
Міністр замежных спраў Домінік Рааб заявіў:
   
“Сёння Вялікабрытанія і Канада далі выразны сігнал, увёўшы санкцыі супраць жорсткага і супрацьпраўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мы не прымаем вынікі гэтых сфальсіфікаваных выбараў.
 
“Мы прыцягнем да адказнасці вінаватых у бандытызме, разгорнутым супраць беларускага народа, і будзем адстойваць нашы каштоўнасці дэмакратыі і правоў чалавека.”
 
Санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на катаванні і жорсткае абыходжанне з сотнямі мірных дэманстрантаў, якія знаходзіліся пад вартай пасля падтасоўкі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Беларускія ўлады не распачалі ніякіх дзеянняў для прыцягнення вінаватых да адказнасці. Многія апазіцыйныя дзеячы былі арыштаваныя або гвалтоўна дэпартаваныя, ім было адмоўлена ва ўездзе ў краіну, што з'яўляецца відавочным сведчаннем пагарды Лукашэнкі да дыялогу з апазіцыяй і асноўных правоў чалавека.

Санкцыі ўступаюць у сілу неадкладна. 

Як паведамілі ў амбасадзе, у санкцыйным спісе аркамя Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў — Ігар Пятровіч Сергіенка  (кіраўнік апарата Прэзідэнта Беларусі), Юрый Караеў (міністр унутраных спраў, генерал-маёр міліцыі), Аляксандр Барсукоў (намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі), Юрый Назаранка (намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі), Хазалбек Атабекаў (намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС); Дзмітрый Балаба (камандзір Мінскага атрада міліцыі асаблівага прызначэння, таксама вядомага як АМАП).

З моманту ўвядзення рэжыму ў ліпені 2020 года ён ўжываецца ўжо ў другі раз. У ліпені міністр замежных спраў абвясціў пра новыя санкцыі супраць 49 асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да найбольш сумна вядомых парушэнняў і ўшчамлення правоў чалавека за апошнія гады, у тым ліку 25 расійскіх грамадзян, якія маюць дачыненне да жорсткага абыходжання з аўдытарам Сяргеем Магніцкім і яго смерці, 20 грамадзян Саудаўскай Аравіі, датычных да смерці журналіста Джамаля Хашогі, двух высокапастаўленых ваенных генералаў М'янмы, датычных да сістэматычнага і жорсткага гвалту ў дачыненні да народа рахінджа, і дзвюх арганізацый, датычных да прымусовай працы, катаванняў і забойстваў у паўночнакарэйскіх ГУЛАГах.

Паводле прэс-рэлізу Амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: