Вялікабрытанія заклікала ўлады Беларусі правесці свабодныя выбары

Вялікабрытанія заклікае Беларусь зрабіць крокі для таго, каб прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ і іншых арганізацый змаглі назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца, піша Праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на naviny.by.
Як заявіла намесніца кіраўніка дэлегацыі Вялікабрытаніі ў АБСЕ Нікола Мюрэй, выступаючы 2 ліпеня на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ, Злучанае Каралеўства "ўважліва сочыць за развіццём падзей у Беларусі, у прыватнасці за падрыхтоўкай краіны да прэзідэнцкіх выбараў у жніўні".

Вялікабрытанія раней ужо выказвала заклапочанасць у сувязі з затрыманнем у Беларусі мірных дэманстрантаў, блогераў і журналістаў.

"На сённяшні дзень больш за 400 чалавек было затрымана або арыштавана, прычым многім пагражаюць адміністрацыйныя пакаранні, такія як штрафы, а некаторым — крымінальныя абвінавачванні, — сказала Мюрэй. — Сярод затрыманых шэраг журналістаў, якія асвятлялі мітынгі, а таксама блогеры. Як заявіў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ў сваёй заяве ад 20 чэрвеня, журналісты гуляюць вырашальную ролю ў асвятленні падзей, якія прадстаўляюць грамадскі інтарэс, асабліва звязаных з выбарамі. Мы паўтараем яго заклік забяспечыць журналістам магчымасць выконваць сваю працу і асвятляць грамадскія мерапрыемствы, не асцерагаючыся быць затрыманымі".

Па словах Мюрэй, пры стварэнні АБСЕ дзяржавы-ўдзельніцы заявілі, што будуць паважаць права сваіх грамадзянаў прымаць удзел у кіраванні краінай альбо непасрэдна, альбо праз прадстаўнікоў, свабодна абраных імі падчас справядлівых выбараў.

"У дэкларацыі Стамбульскага саміту 1999 года дзяржавы абавязаліся забяспечыць справядлівую канкурэнцыю паміж кандыдатамі і партыямі, у тым ліку з дапамогай іх доступу да сродкаў масавай інфармацыі і павагі права на сходы, — нагадала Мюрэй. — У сувязі з гэтым Вялікабрытанія занепакоеная затрыманнем Віктара Бабарыкі, аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, і яго сына Эдуарда Бабарыкі, кіраўніка яго ініцыятыўнай групы. Мы таксама занепакоеныя расследаваннем Міністэрства ўнутраных спраў меркаванай датычнасьці іншага кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы да "незаконнай дзейнасці". Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць Бабарыку і яго сына з-пад варты і паважаць вяршэнства закона, уключаючы права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Мы таксама заклікаем беларускія ўлады вызваліць прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якія падвергліся адвольным арыштам і затрыманням".

Прадстаўніца Вялікабрытаніі ў АБСЕ таксама заявіла:

"Злучанае Каралеўства зноў заяўляе аб сваёй падтрымцы незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Гэта справа народа Беларусі — вызначаць сваю будучыню і тое, як ёй кіраваць. Як сябар беларускага народа, мы заклікаем улады прыняць неабходныя меры для правядзення бяспечных, мірных, свабодных і справядлівых выбараў, у тым ліку з удзелам незалежных назіральнікаў".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: