Вялікага Брата аплацяць з кішэні бізнесоўцаў

У Беларусі будзе свой "Вялікі Брат", што сочыць за кожным крокам грамадзян. На стварэнне сістэмы татальнага відэаназірання плануецца выдаткаваць за некалькі гадоў каля 100 мільёнаў долараў. НЧ высвятляў, за чый кошт усё гэта будзе рабіцца.

"Усёвідушчае Вока"

Тое, што абмяркоўвалася з пачатку цяперашняга года, нарэшце адбылося. 25 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №187 "Аб рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі". Паводле ўказу, Міністэрства ўнутраных спраў павінна стварыць у Беларусі цэнтралізаваную сістэму відэаманіторынгу.

За апошнія пару дзясяткаў гадоў беларусы ўжо прывыклі да прысутнасці камер назірання практычна паўсюль — ад банкаў і крамаў да офісаў і грамадскага транспарту. Аднак дагэтуль усе гэтыя камеры былі, так бы мовіць, ведамаснымі — гэта значыць выкарыстоўваліся ў інтарэсах той структуры, якая іх усталявала. Адпаведна, і відэазапісы заставаліся ў распараджэнні арганізацыі-уладальніка камер. Натуральна, следчыя праваахоўных структур маглі пры неабходнасці гэтыя запісы запатрабаваць — але не больш за тое.

Зараз жа МУС збіраецца аб'яднаць разам усе сістэмы відэаназірання ў краіне. Гэта значыць стварыць "Вялікага Брата", або "Усёвідушчае Вока", якое сочыць ўсюды, заўсёды і за ўсімі. І не толькі сочыць, але яшчэ і само прымае рашэнні. Справа ў тым, што сучасныя кампутарныя тэхналогіі зробяць такую сістэму інтэлектуальнай — з аўтаматычным распазнаннем асобаў і сітуацый.

У МУС сцвярджаюць: "Для гэтага ў сістэме маніторынгу будуць функцыянаваць праграмнае забеспячэнне відэааналітыкі і адмысловыя дэтэктары, якія дазваляюць зафіксаваць пэўныя падзеі. Плануецца стварэнне відэаархіву з магчымасцю пошуку неабходнай інфармацыі. Мяркуецца таксама аўтаматызаванае інфармаванне дзяржорганаў сістэмы забеспячэння бяспекі аб падзеях, якія ўплываюць на грамадскую бяспеку".

Нагадаю, што ўпершыню аб планах стварыць Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі было публічна абвешчана ў сакавіку на нарадзе ў кіраўніка Беларусі. Сама нарада была маштабнай: з удзелам кіраўнікоў МУС, КДБ, ААЦ, дзяржсакратара Рады бяспекі і начальніка Службы бяспекі прэзідэнта. Прысутнічалі таксама Віктар Лукашэнка і міністры сувязі і фінансаў.

Пасля нарады, размаўляючы з журналістамі, Ігар Шуневіч так растлумачыў механізм работы новай сістэмы: "Ёсць цэнтр, у ім засяроджаныя ўсе дзяжурныя службы органаў, што забяспечваюць грамадскую бяспеку, здароўе і г.д. Там знаходзіцца дзяжурная служба МУС, дзяжурная служба МНС, хуткая дапамога, памежнікі, камітэт дзяржбяспекі і іншыя ведамствы. … Будзе створаная глабальная сістэма відэаманіторынгу грамадскай бяспекі — відэакамеры, сетка перадачы дадзеных. Усё гэта сцякаецца ў адзіны цэнтр, аператары рэгіструюць розныя правапарушэнні, здарэнні і гэтак далей і перадаюць у адпаведную службу інфармацыю для рэагавання".

Асноўнай задачай інтэграванай сістэмы відэаназірання ў маштабах краіны названа "назіранне за станам грамадскай бяспекі ў мэтах забеспячэння грамадскага парадку, прафілактыкі, выяўлення, раскрыцця і спынення злачынстваў, іншых правапарушэнняў, вышуку асобаў, што іх здзейснілі, і без весткі зніклых асобаў, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый". 

За чый кошт?

Яшчэ на пачатку вясны, калі "Усёвідушчае Вока" упершыню стала тэмай грамадскага абмеркавання, адразу было паднята пытанне: хто стане аператарам, а таксама, хто будзе ствараць такую дарагую і тэхнічна складаную сістэму?

Міністр унутраных спраў адказаў на гэтае пытанне досыць цьмяна: "Кіраўнік дзяржавы … даручыў дадаткова прапрацаваць шэраг аспектаў, звязаных з практычнай рэалізацыяй праекту. У першую чаргу гэта пытанні, звязаныя з выбарам аператара, які будзе генераваць усе ідэі і ажыццяўляць практычную рэалізацыю, пачынаючы ад куплі "жалеза" і сканчаючы эксплуатацыяй. Мы атрымалі адпаведныя ўказанні і будзем дапрацоўваць гэты праект указу менавіта з пункта гледжання прыўнясення нацыянальных асаблівасцяў і магчымасцяў нашай дзяржавы для рэалізацыі гэтага праекту".

Пазней партал Tut.by паведаміў, што аператарам сістэмы маніторынгу будзе альбо дзяржаўная кампанія, альбо "надзейны прыватнік, гатовы стаць інвестарам". Гаворка ідзе аб суме да 100 мільёнаў долараў.

Мае крыніцы ў МУС Беларусі больш падрабязна патлумачылі, як і за чый кошт будзе стварацца "Усёвідушчае Вока".

"На самай справе аснова, база ўсёй гэтай сістэмы ўжо існуе. Па-першае, гэта тысячы аб'ектаў па ўсёй краіне, якія ўжо абсталяваныя відэакамерамі. А любая сістэма відэаназірання — гэта не толькі камеры, але і лініі перадачы дадзеных, серверы, лакальныя сеткі, — растлумачыў адзін з прадстаўнікоў МУС, які, зразумела ж, пажадаў застацца невядомым. — Дадамо сюды камеры на вуліцах, якіх, напрыклад, у Мінску ўжо вельмі многа. Так што гаворка ідзе толькі пра маштабаванне — аб'яднанне усіх сістэм відэаназірання разам і падлучэнне іх да кампутарызаванай сістэмы, якая сама будзе распазнаваць сітуацыі, што патрабуюць ўмяшання. Гэта паўнавартасны штучны інтэлект, і гэта ўжо не фантастыка. Але, вядома, без мноства аператараў за маніторамі таксама абысціся не атрымаецца".

Раней Ігар Шуневіч казаў прыкладна пра тое ж: "Існуе шэраг аб'ектаў, якія ў абавязковым парадку, згодна з існуючай нарматыўнай базай, павінны быць абсталяваныя сістэмамі відэаназірання. У планах каля двух-чатырох тысяч аб'ектаў, якія хуткім часам (думаю, на працягу года, а можа і двух) павінны быць даабсталяваныя відэаназіраннем. … Сёння больш за 7 тысяч аб'ектаў абсталяваныя відэакамерамі. Нам трэба будзе іх у адну сетку зацыкліць, а таксама паставіць новыя відэакамеры на тых аб'ектах, на якіх гэта мусіць быць зроблена".

Зразумела, што зараз міліцыя будзе "стымуляваць" уладальнікаў самых розных установаў усталёўваць у сябе сістэмы відэаназірання — нават калі яны гэтага рабіць не планавалі. А цалкам верагодна — на іх жа ўскладуць выдаткі на падлучэнне сваіх лакальных відэасістэм да вялікай агульнабеларускай сістэмы (чытай: "выдаткі на кабелі"). Зразумела, усё ў імя грамадскай бяспекі, як жа інакш.

"Уніфікаваць усе лакальныя сістэмы відэаназірання і падлучыць іх да адзінага кампутарнага цэнтра — маштабная, але тэхнічна не самая складаная задача, — растлумачыў НЧ іншы афіцэр МУС. — Практычна ўсе камеры назірання, што выкарыстоўваюцца ў Беларусі — лічбавыя, і адпавядаюць адзіным стандартам, прынятым у заходніх вытворцаў. Можна сказаць, што асноўная частка выдаткаў пойдзе на закуп кампутарнай сістэмы са складанымі праграмамі па распазнанні вобразаў. Прычым гэтыя праграмы павінны быць саманавучальнымі, гэта значыць яны ў любым выпадку будуць пабудаваныя на базе штучнага інтэлекту. У ЗША такія сістэмы ўжо шырока выкарыстоўваюцца, а ў Еўропе — найперш у Лондане. Гэты горад наогул на першым месцы ў свеце па колькасці камер назірання".

Хто кантралёр?

Сёння складана спрагназаваць, як зменіцца жыццё беларусаў, калі адзіная кампутарная відэасістэма пачне сачыць за кожным іх крокам па-за межамі роднай хаты. Ёсць і яшчэ адзін фактар нявызначанасці — тое, што шмат якія ведамствы, якія выкарыстоўваюць дадзеныя відэаназірання, патрапяць у гэтым плане ў залежнасць ад МУС.

Вось, напрыклад, як гэта апісвалася 2 красавіка ў праграме "Контуры": "Аператар з дапамогай кампутарнай відэааналітыкі будзе сачыць за ўсімі камерамі відэаназірання, незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці. Калі здарыцца надзвычайная падзея, то ён не толькі яе зафіксуе, але і вызначыць каму перадаваць інфармацыю. Напрыклад, ГУЎС або ДАІ, леснікам або выратавальнікам. Па вялікім рахунку, гэта будзе міжведамасная аператыўная дзяжурная частка. У выніку адпадзе патрэба ў аператарах, якія працуюць строга на сваё міністэрства. Гэта тая аптымізацыя, аб якой казаў прэзідэнт".

Так што будзьце пільнымі, Вялікі Брат ужо ідзе да вас…

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!