Вялікая размова пра леташні снег

Аснову сучаснага глабальнага канфлікту «складае барацьба сучаснага і несучаснага светаў». Гэту думку аўтар «Азбукі паліталогіі» запазычыў з кнігі расійскага эканаміста Уладзіслава Іназемцава «Несучасная краіна». Кніга прысвечаная Расіі. Аднак гэта, калі пагадзіцца з адзіным палітыкам (АП), «наша Расія».

Можна, зразумела, і не згаджацца, аднак роднаснасць дзвюх мадэляў адмаўляць складана. І першае, што кідаецца ў вочы, — гэта дэфіцыт унутраных крыніц развіцця, што і пацвердзіла «Вялікая размова», якая адбылася 1 сакавіка. Сем з паловай гадзін не хапіла АП для таго, каб патлумачыць, за кошт чаго пад канец наступнай пяцігодкі ВУП Беларусі складзе $ 100 мільярдаў. І гэта нягледзячы на наўпроставае пытанне, якое паступіла ад аднаго з удзельнікаў «размовы».

На працягу стагоддзяў «славянская цывілізацыя», пад якой АП разумее Расію, Беларусь і Украіну, развівалася за кошт знешніх запазычанняў, што не замінала (якім бы дзіўным гэта ні падавалася) фарміраванню пачуцця выключнасці, не перашкодзіла памкненню не столькі даць свету нешта новае, колькі не дапусціць страты ранейшых здабыткаў. Адсюль культ стабільнасці, пакланенне якому і апынулася ў цэнтры «Вялікай размовы».

Не вёў агітацыю і не збіраецца

«Нам трэба будзе даць аб’ектыўную ацэнку адносна самых абмяркоўваемых тэмаў, якія асабліва хвалююць людзей і грамадства… А па асобных пытаннях нам трэба кампенсаваць недахоп дакладнай інфармацыі, паток якой штодня абрушваецца на кожнага з нас», — такімі словамі акрэсліў АП мэту «Вялікай размовы».

Мэта агульная, але асобна для СМІ, «якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя», гаспадар мерапрыемства нагадаў пра існаванне мяжы дапушчальнага, за «якой парушаецца раўнавага ў грамадстве». Што ж, своечасовы напамін. Да аўтара «Азбукі паліталогіі» гэта мае непасрэднае дачыненне.

Не абышлося і без панегірыкаў на адрас «сённяшняга чытача». АП ахарактарызаваў яго як адукаванага, які ўмее аналізаваць, разбіраецца «ў тонкасцях журналісцкіх маніпуляцый» і авалодаў мастацтвам «хутка счытваць, чые ці якія інтарэсы стаяць за анонсам праграмы або загалоўкам навіны».

Ці існуе такі чытач у прыродзе — пытанне спрэчнае. Але калі існуе, дык незразумела, чаму пры наяўнасці чытачоў, здольных адрозніваць праўду ад хлусні па адных толькі загалоўках, так званыя «фэйкавыя навіны», нават пасля іх выкрыцця, здольныя «бударажыць людзей»?

Зразумела, не абышлося без развагаў пра маючыя адбыцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.

У несучасных краінах — а такіх у свеце большасць — выбары не маюць на мэце рэальную канкурэнцыю кандыдатаў, якія прапануюць выбаршчыкам розныя шляхі развіцця краіны. Прыклад, як правіла, падаюць уладныя кандыдаты. Таму не варта здзіўляцца заяве АП пра тое, што ён у мінулую перадвыбарчую кампанію не вёў агітацыю, дый падчас маючай адбыцца таксама не збіраецца тое рабіць.

Нацыянальная адметнасць выбараў у Беларусі такая, што забяспечваецца высокая яўка выбаршчыкаў і падтрымка канструктыўных кандыдатаў і без адміністрацыйнай мабілізацыі электарату. Навошта ж дарма марнаваць народныя грошы на агітацыю? Выбаршчыкі, якія па анонсах праграм кандыдатаў адназначна разумеюць, чые інтарэсы тыя на самай справе прэзентуюць, у агітацыі не маюць патрэбы.

Строга кажучы, само паняцце «выбары» ў наш несучасны свет прыцягнутае за вушы са свету сучаснага. У нас — не выбары, а галасаванне. «Таму што выбары, — тлумачыць расійскі палітолаг і журналіст Яўгенія Альбац, — гэта не толькі момант, калі вы апускаеце свой бюлетэнь, выбары — гэта на самай справе працэс. Гэта перадвыбарчая кампанія, падчас якой прадстаўнікі розных палітычных партый маюць магчымасць прапанаваць выбаршчыкам розныя кошыкі сваіх прапаноў. Свае праграмы».

І яшчэ адна нацыянальная асаблівасць, пра якую ўвесь час нагадвае кіраўнік дзяржавы: маючыя адбыцца палітычныя падзеі ў нас традыцыйна стануць экзаменамі — і не толькі для АП, але і для ўсіх узроўняў вертыкалі.

Выбары, такім чынам, плаўна трансфармуюцца ў цырыманіял акламацыі (ад лацінскага слова «acclamatio» — «крык», «усклік», «вокліч»). Так у старажытным Рыме гарадское насельніцтва воклічамі выказвала адабрэнне або незадавальненне наконт пастановаў уладаў, якія зачытваліся ў цырку. Можна прыгадаць і казакоў з іх ухвальнымі воклічамі «люба!» на Вайсковым коле.

Адгадаць з трох разоў

Несучасныя краіны любяць укідваць у інфармацыйную прастору пытанні, якія не маюць на ўвазе адмоўнага адказу, а калі і маюць, дык выключна з боку «нацыяналістаў», «пятай калоны», «ворагаў народа» і да т.п. Гэтым, у прыватнасці, тлумачыцца перакос знешнепалітычных пытанняў над эканамічнымі.

Вернемся ў Нацыянальны выставачны цэнтр «Белэкспа», дзе праходзіла «Вялікая размова». «Вы ўсе ведаеце, што знешняя палітыка Беларусі шматвектарная і праводзіцца выключна ў інтарэсах забеспячэння бяспекі і захавання міру на нашай планеце. Мы супраць любых праяваў агрэсіі, як ваеннай, так і на злобу дня — інфармацыйнай».

Хто і што тут можа запярэчыць? Гэта ж не публічна дыскутаваць наконт эфектыўнасці палітыкі ў галіне падаткаабкладання або фарміравання расходнай часткі бюджэту, як гэта робіцца ў сучасных краінах. Але ідзем далей.

«Па перыметры нашай мяжы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці. Дагаворы, якія забяспечвалі баланс ваенных сіл на планеце, разыходзяцца па швах. У разгары новая гонка ўзбраенняў», — палохае журналістаў і экспертаў АП. А каб быць пераканаўчым, ён пераходзіць да тэмы падвойных стандартаў краін NАТО. Польшча, паводле яго словаў, мае намер выдаткаваць на абарону каля $ 50 мільярдаў. У той жа час на любы крок у адказ Беларусі і Расіі ў напрамку ўмацавання ўласнай ваеннай моцы ў Еўропе пачынаюць «гвалтам крычаць».

АП заклікаў незалежныя СМІ быць аб’ектыўнымі і ставіцца да падобных фактах з пункту гледжання нейкага аднаго крытэру.

Своечасовы заклік. Грэх ім не скарыстацца. На працягу 5 гадоў аўтар «Азбукі паліталогіі» быў удзельнікам канферэнцыі «Рубікон». Канферэнцыя праходзіла ў Таліне ў будынку парламента. З уступным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі, як правіла, звярталася міністр замежных спраў Эстоніі. Натуральна, яна казала пра міралюбную палітыку краіны і рэгулярна скардзілася на тое, што, у адпаведнасці з нормамі NАТО, Эстонія вымушаная марнаваць на абарону 2% дзяржаўнага бюджэту.

Я не эксперт па Эстоніі, але выключна знешне аб’ектыўнасць слоў міністра пацвярджала адсутнасць людзей у ваеннай форме на вуліцах Таліна. Аднак у адзін з маіх прыездаў гатэль, у якім размяшчаліся ўдзельнікі канферэнцыі, быў перапоўнены афіцэрамі NАТО (пераважалі немцы). Прапаную чытачам з трох разоў здагадацца, у які год здарылася гэта неардынарная падзея.

Той, хто назаве 2014-ы, не памыліцца. З таго ж года калоны ваеннай тэхнікі сталі часткай інтэр’еру эстонскіх дарог. Але што тут прычына, а што следства? Ці не час АП разабрацца з адказам на гэтае пытанне і назваць рэчы сваімі імёнамі, замест рэгулярных развагаў на тэму адсутнасці ў Еўропе захаплення з нагоды «абранага Беларуссю курсу на пабудову сацыяльна арыентаванай дзяржавы, падпарадкаванай інтарэсам чалавека».

Разбой на месцах

У чым АП мае рацыю, дык гэта ва ўзмацненні расколу ў свеце. Калі ў 1800 годзе, калі верыць англійскаму статыстыку Ангусу Мэдзісану, паводле ВУП на душу насельніцтва перадавыя краіны апярэджвалі адсталыя ў 4 разы, то ў цяперашні час — у 100 разоў, і разрыў працягвае павялічвацца.

Зноў працытую Іназемцава: «Сучасныя краіны становяцца ўсё больш сучаснымі (у тым ліку выкарыстоўваючы рэсурсы і грамадзян астатняга свету), а несучасныя — усё больш архаічнымі. Мы прысутнічаем пры нараджэнні свайго роду «расколатай цывілізацыі», дзе імкліва фармуюцца полюсы багацця і беднасці, поспехаў і няўдач. У такіх умовах замацаванне краіны сярод адкрыта несучасных, якое ажыццяўляецца ў інтарэсах вузкага кола цалкам глабалізаванай эліты, уяўляе сабой прыклад маштабнай нацыянальнай здрады».

У беларускай несучаснасці ёсць свае бенефіцыяры. Мабыць, самы яркі момант «Вялікай размовы» — аповед АП пра прынцыпы размеркавання зямлі ў Беларусі.

Даўно ўжо ні для каго не з’яўляецца таямніцай, што без рашэння АП ні кавалка зямлі ці лясных угоддзяў у нас не атрымаць. Чаму? А таму, што на месцах «разбой пачынаецца». «Вось так і з усёй уласнасцю».

Але прабачце, а хто пачынае разбой на месцах: нацыяналісты, прадстаўнікі так званай «пятай калоны» або прызначаныя асабіста АП чальцы ўладнай «вертыкалі» ў асобе кіраўнікоў раённых і абласных адміністрацый?

Адказ відавочны, бо нічога больш несучаснага, чым уладная «вертыкаль» у пытаннях кіравання ў наш час няма.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!