Вялікі блеф Мядзведзева

Што ў Пуціна на розуме, тое ў Мядзведзева на языку, прызвычаіліся думаць аналітыкі. Але наўрад ці ініцыятывы Мядзведзева, выказаныя на пасяджэнні Саўміна «Саюзнай дзяржавы» ў Брэсце 13 снежня, ажыццяўляльныя. Гэта, хутчэй, правакацыя з мэтай прааналізаваць ход грамадскай думкі ў Беларусі. І гэтая рэч, трэба адзначыць, была даволі ўдалай.


Шмат хто (у тым ліку і вышэйшае кіраўніцтва Беларусі), успрынялі выказванні Мядзведзева як ультыматум: «Альбо вы інтэгруецеся ў Расію, альбо…» Насамрэч, пытанне так не стаяла.


Што сказаў Мядзведзеў

Калі дэталёва разбірацца, што сказаў расійскі прэм’ер, то не ўсё так адназначна. Ён заўважыў, што для інтэграцыйных праектаў дзвюх краін ёсць два сцэнары. Два, а не адзін — уваходжанне ў склад Расіі ў межах «Саюзнай дзяржавы», які пачула большасць.

Гэтыя два сцэнары, па словах Мядзведзева, — кансерватыўны і прасунуты. Першы мае на ўвазе ўзаемадзеянне ў контурах Саюзнай дзяржавы, што створаная на сёння без павышэння ўзроўню інтэграцыі да межаў, усталяваных у дамове ад 8 снежня 1999 года. «Без фарміравання ўсіх інстытутаў, якія закладзеныя ў гэтую дамову. Пры гэтым, вядома, мы працягнем фарміраванне Еўразійскага эканамічнага саюза», — сказаў ён.

Больш прасунутым, па словах расійскага прэм’ера, бачыцца варыянт, заснаваны на павышэнні ўзроўню інтэграцыі, устаноўленага дагаворам ад 1999 года. Ён мае на ўвазе ўмацаванне ўзаемазалежнасці эканомік, магчымасць аказання дапамогі і падтрымкі ў саюзным будаўніцтве.

«Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, Падліковай палаты, у тым парадку, які прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У гэтым выпадку можна праводзіць і адзіную падатковую палітыку, палітыку ў галіне цэнаўтварэння, тарыфаўтварэння», — адзначыў Мядзведзеў.

Які з гэтых варыянтаў выб­раць — пытанне, якое трэба падымаць, на думку Мядзведзева, на саюзным Саўміне і на ўзроўні Вышэйшага дзяржсавета, на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх краін.

То бок, тое, што выказванні Мядзведзвева многія расцанілі як пагрозу страты незалежнасці для Беларусі, па вялікім рахунку, такім не было. Былі толькі «варыянты інтэграцыі». Канешне, у нечым гэта быў і ўльтыматум, але ўльтыматум у «мяккай форме». Кшталту, «мы гатовыя да рашучых дзеянняў, але можам і пакінуць усё, як ёсць».

Менавіта з гэтага ўзнікае ўражанне, што словы расійскага прэм’ера былі, кажучы сучаснай моваю, «закідонам». Маўляў, мы адсочым рэакцыю беларускага кіраўніцтва і грамадства на такія рэчы, і, зыходзячы з рэакцыі, будзем вырашаць, як дзейнічаць далей.


Не прымусіла чакаць

Рэакцыя беларускай улады была на дзіва рашучай. Асабліва ўлічваючы тое, што праект «Саюзнай дзяржавы» — ідэя самога Аляксандра Лукашэнкі. Але 14 снежня на сустрэчы з расійскімі журналістамі ён заявіў, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі — гэта святое.

На яго думку, больш глыбокая інтэграцыя паміж краінамі ўяўляе пагрозу незалежнасці Беларусі. «Можна проста сказаць — атрымаеце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі». Пры гэтым ён сказаў, што, у любым выпадку, глыбокая інтэграцыя не павінна быць прымусам, і падкрэсліў, што яшчэ не было такой сітуацыі, каб Мінск і Масква не змаглі знайсці кампраміс па спрэчных пытаннях. «Калі нас хочуць падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расію — гэтага не будзе ніколі», — заявіў ён.

Апроч гэтага Лукашэнка прайшоўся па пытаннях ваенных базаў, ядзернага прыкрыцця і гэтак далей. То бок, выклаў купу прэтэнзій і аргументаў, за кошт чаго Мінск можа «пагасіць» страты расійскага нафтавага «падатковага манеўру» (што, уласна, і выклікала канфлікт Мінска і Крамля, ды ўсю інтэграцыйную рыторыку).

Неяк, падчас шалу з «Саюзнай дзяржавай» напачатку 2000-х гадоў у Маскве я сустракаўся з вядомай расійскай дысідэнткай Валерыяй Навадворскай. І яна сказала рэч, якая падалася мне на той час неверагоднай: «Вы яшчэ пабачыце, як Лукашэнка пойдзе ў акопы з аўтаматам, каб бараніць незалежнасць Беларусі».

Зараз я думаю, што, калі б тады была нейкая «Бітва экстрасэнсаў», Валерыя Ільінічна яе б адназначна выйграла.


За чый кошт?

Нагадаем яшчэ раз: канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам распаліўся з-за грошай. Па дамове аб стварэнні ЕАЭС экспартныя пошліны за расійскую нафту, якая ідзе праз тэрыторыю Беларусі, пералічваюцца ў беларускі бюджэт. Расія вырашыла паступова скасаваць гэтыя пошліны, замяніўшы іх падаткам на здабычу карысных выкапняў. Беларусь у выніку губляе пад 300 мільёнаў долараў штогод (калі ідзе замена), і Масква пакуль не збіраецца гэтыя страты кампенсаваць.

А таму давайце падумаем: колькі каштуе інтэграцыя?

Мы ўжо неаднаразова пісалі, што Расіі гэтая «інтэграцыя аж да аб’яднання» наўрад ці выгадная. Як не выгадная яна і Беларусі. Беларусь страчвае на расійскім «нафтавым манеўры» 300–400 мільёнаў долараў штогод? Дык давайце зробім тое, на што «пакуль не пагаджаецца» Аляксандр Рыгоравіч, — выкацім на гэтую суму рахунак саюзніцы за ўтрыманне расійскіх ваенных базаў (а іх у нас дзве). Не прымаецца кошт на газ? Давайце разбярэмся з коштам на транзіт, і не толькі газу. У нас адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, якую таксама павінен нехта ўтрымліваць, — чаму мы бясплатна прыкрываем Маскву? Рассельгаснагляд не пускае ў Расію сухое малако? Дык самі расійскія вытворцы кандытарскіх вырабаў ад гэтага стогнуць — мы тут пры чым? І гэтак далей, далей, далей…

А калі Мядзведзеў хоча «стварэнне адзінай мытнай службы, суда, Падліковай палаты», то спачатку можна падлічыць выдаткі — у колькі гэта абыдзецца самой Расіі? Беларусі, падаецца, такія органы не вельмі і патрэбныя — дык чаму мы павінны за гэта плаціць?

І ўжо зусім нягеглым выглядае патрабаванне «адзінага эмісійнага цэнтра». Пра гэта можна было казаць некалькі гадоў таму. І казалі ж, калі Лукашэнка настойваў на двух эмісійных цэнтрах — у Маскве і Мінску. Пуцін тады адрэзаў: «Мухі асобна, катлеты асобна».

Нешта падобнае мог бы сказаць зараз і беларускі кіраўнік. Сапраўды, які адзіны эмісійны цэнтр, калі адзін расійскі рубель каштуе тры беларускія капейкі?

А калі раптам уявіць (у стылі ненавуковай фантастыкі), што Лукашэнка раптам кажа: «Рабіце, што хочаце!». Інтэгруйцеся хоць да скону! Што выйграе Масква?

Як мінімум, «інтэгратарам» з Расіі давядзецца пагадзіцца на тое, на што яны не пагаджаюцца зараз, — забяспечыць расійскія кошты на нафту і газ для шасці беларускіх рэгіёнаў. Варта зазначыць, што гэтыя рэгіёны будуць датацыйнымі, прыбытак ад іх будзе мінімальны, а гэта — дадатковае ўліванне грошай. Аб’яднанне грашовых сістэм — таксама справа, па-першае, не танная, а па-другое, пагражае стабільнасці расійскага рубля. Бо забяспечыць больш за 9 мільёнаў чалавек расійскімі грашыма — тая яшчэ задача.

Грошы на ўтрыманне беларускага войска, беларускай міліцыі, новай мытні і новых памежнікаў, стварэнне новага адміністрацыйнага апарату, правядзенне выбараў па расійскіх законах… І гэта мы яшчэ не ўлічваем палітычных і геапалітычных наступстваў «больш шчыльнай інтэграцыі»…

Мне падаецца, аматары гэтай «шчыльнай інтэграцыі» проста не падлічвалі, у якія выдаткі выльецца іх праект. Расія гэта наўрад ці пацягне проста фінансава. Ці гэта сур’ёзна падарве яе эканамічную стабільнасць.


Ці ўсё ж падлічылі?

Тое, што заява Дзмітрыя Мядзведзева была ўсяго толькі «прапрацоўкай глебы», ускосна пацвердзілі ў Крамлі. Неўзабаве пасля словаў расійскага прэм’ера, прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што тэма інтэграцыі Расіі і Беларуссю з наступным прэзідэнцтвам у адзінай дзяржаве Уладзіміра Пуціна на парадку дня не стаіць.

«Яна і не абмяркоўвалася, і пра гэта не ідзе ніякіх размоў», — сказаў Пяскоў, адказваючы на пытанне, ці разглядаецца ў Маскве варыянт аб інтэграцыі з Беларуссю, калі фактычна будзе створана адна дзяржава з адзінай валютай, якую пасля 2024 года ўзначаліць Пуцін. Гэта агучыла РІА «Новости».

Пры гэтым Пяскоў распавёў аб планах Крамля па пашырэнні інтэграцыі ў рамках «Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі». «Што да планаў па пашырэнні інтэграцыі ў рамках «Саюзнай дзяржавы», то гэтыя планы канцэптуальна прапісаныя ў тых дакументах, якія існуюць у арсенале дагаворна-прававой базы нашай Саюзнай дзяржавы», — сказаў Пяскоў.

Ускосна гэта азначае тое, што праект «Саюзнай дзяржавы» застаецца на тым жа ўзроўні, на якім ён існуе сёння. Бо для Беларусі больш важна, што там, у дамовах пра «Саюзную дзяржаву», пакуль не прапісана. А не прапісаны там адзіны кіраўнік, адзіны парламент, палітычная інкарпарацыя — прынамсі, гэта ўсё немажліва да таго часу, пакуль на рэферэндумах у абодвух краінах не будзе прынятая Канстытуцыя «Саюзнай дзяржавы».


Вялікі блеф

Дык да чаго ж быў увесь гэты цырк? Хутчэй за ўсё, расійскі бок сапраўды «прамацаў глебу» — наколькі беларускае грамадства гатовае да «глыбейшай інтэграцыі». І адказ ім, хутчэй за ўсё, не спадабаўся.

Апроч таго, Лукашэнка мае намер сустрэцца з Пуціным 25 снежня. Галоўнай тэмай размовы стане абмеркаванне падатковага манеўру ў нафтавай сферы, паведамляюць афіцыйныя СМІ. Хутчэй за ўсё, бакі ў гэты калядны час абмяняюцца падарункамі і вырашаць пачаць абмеркаванне праблемных пытанняў «з чыстага аркуша». І гандаль працягнецца.

Але ўся гэтая сітуацыя ў чарговы раз паказала: з такім саюзнікам трэба порах трымаць сухім. І зараз я разумею фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага, які казаў, што ён будзе адстойваць незалежнасць краіны нават (калі спатрэбіцца) са зброяй у руках, незалежна ад таго, хто будзе кіраўніком Беларусі: Лукашэнка ці нехта іншы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: