Вярхоўная Рада Украіны назвала выбары ў Беларусі несумленнымі і падтрымала ўвядзенне санкцый ЕС

Вярхоўная Рада лічыць недапушчальным прыцягненне сіл Расіі і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) для ўрэгулявання сітуацыі ў Беларусі.
Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта гаворыцца ў заяве Вярхоўнай Рады адносна сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай пастановай ВР (№ 3053), якую падтрымалі 228 народных дэпутатаў.

«Будзем лічыць такі крок прамой пагрозай для агульнаеўрапейскай бяспекі і бяспекі Украіны», — гаворыцца ў заяве.

ВР лічыць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі і прайшлі ва ўмовах поўнай адсутнасці спаборнасці паміж кандыдатамі, свабодных СМІ, а таксама аўтарытэтных назіральнікаў ад міжнародных арганізацый, такіх як АБСЕ, Рада Еўропы. Таксама адзначаецца, што выбары «прайшлі з істотнымі парушэннямі, шматлікімі адмовамі ў рэгістрацыі кандыдатаў, непразрыстым падлікам галасоў выбаршчыкаў».

Народныя дэпутаты лічаць недапушчальным запалохванне апанентаў, іх зняволенне, стварэнне перашкод незалежным нацыянальным назіральнікам на выбарчых участках.

«Усё гэта дае падставы лічыць, што афіцыйна апублікаваныя вынікі выбараў прэзідэнта РБ не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўлення беларускіх грамадзян», — адзначаецца ў заяве.

Парламент Украіны асуджае прымяненне «празмернай сілы і жорсткасці» з боку праваахоўных органаў Беларусі.

«Мы далучаемся да ацэнак Еўрапейскага Саюза адносна недэмакратычнага характару прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрымліваем увядзенне санкцый у дачыненні да адказных за фальсіфікацыі вынікаў выбараў і прымяненне гвалту супраць пратэстоўцаў», — гаворыцца ў заяве.

ВР патрабуе вызвалення ўсіх затрыманых і спадзяецца, што афіцыйныя ўлады Беларусі не дапусцяць далейшай эскалацыі пераследаў, як па палітычных матывах сваіх апанентаў, так і грамадзян Беларусі, якія выйшлі на вуліцы гарадоў паказаць сваю нязгоду з дзеяннямі афіцыйных уладаў.

«Мы рашуча асуджаем і лічым непрымальнымі незаконныя затрыманні ўкраінскіх грамадзян. Мы будзем усімі законнымі сродкамі абараняць іх правы і інтарэсы», — гаворыцца ў заяве.

Аўтары заявы адзначаюць, што Украіна паважае суверэнітэт Беларусі і рашуча абвяргае абвінавачванні беларускага боку ў датычнасці да дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. ВР заклікае беларускія ўлады наладзіць раўнапраўны дыялог з беларускім грамадствам для пошуку шляхоў мірнага выхаду з сённяшняга крызісу.

«Адным з варыянтаў маглі б быць новыя свабодныя і дэмакратычныя выбары з удзелам незалежных міжнародных назіральнікаў ад вядучых еўрапейскіх інстытутаў», — сказана ў заяве.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: