Вяртаемся ў 1994-ты?

Хто б ні стаў кіраўніком Беларусі пасля 9 жніўня, ён сутыкнецца з вельмі сур’ёзнымі выклікамі. І не ў малой ступені таму, што мы сёння спрабуем утрымаць эканамічную сітуацыю на паверхні вельмі дзіўнымі метадамі. Гэтыя дзіўныя метады выяўляюцца ў тым, што нам важнейшыя лічбы, а не рэальны стан эканомікі.

Фота teleskop-by.org

Несуцяшальная навіна: справаздача Сусветнага банка па Беларусі прадракае краіне ў 2020 годзе «самы вялікі спад за апошнія 25 гадоў» — такі эканамічны прагноз Сусветнага банка, анлайн-прэзентацыя якога адбылася 26 траўня. Сардэчна запрашаем у 1990-я і ў пачатак палітычнай кар’еры Аляксандра Лукашэнкі! Бліскучы вынік 25-гадовага кіравання, ці не так?

Такім чынам, Сусветны банк прагназуе, што ВУП Беларусі знізіцца на 4% у параўнанні з мінулым годам. Інфляцыя ў гадавым выражэнні складзе 8,4%, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый — 5,8% ВУП, дэфіцыт кансалідаванага бюджэту складзецца ў памеры 3,1% ВУП, а дзярждоўг (у пашыраным вызначэнні) вырасце да 55,2% ВУП з 43,7% ВУП у 2019-м.

Нагадаем, што, згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2020 год, ВУП краіны павінен вырасці на 2,8%; інфляцыя — скласці 5%, экспарт тавараў і паслуг — вырасці на 3,6%, а сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі — узрасці на 1% у ВУП.

«Беларусь адчувае на сабе ціск у сувязі з некалькімі негатыўнымі фактарамі. Перш за ўсё, гэта шок ад падзення цэнаў на нафту, які адбыўся ў пачатку 2020 года, а таксама шок праз зніжэнне паставак сырой нафты», — адзначыла падчас прэзентацыі прагнозу эканаміст СБ Марына Сідарэнка. Яшчэ адзін «істотны шок» зазнала Беларусь у сувязі з уплывам пандэміі. «Дагэтуль уздзеянне, выкліканае пандэміяй, працягваецца, у выніку чаго назіраецца істотнае зніжэнне дзелавой актыўнасці ў краінах — асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі, перш за ўсё Расіі і Еўрасаюзе», — канстатавала эканамістка.

Сусветны банк адзначае, што аднаўленне эканомікі пасля крызіснага 2020-га можа быць «паступовым і вельмі ўмераным». У 2021 годзе рост ВУП будзе нізкім і складзе 1%, у 2022 годзе — 1,2%. Але і гэты прагноз Сідарэнка называе «даволі аптымістычным, які прадугледжвае, што ў другой палове года, у чацвёртым квартале і ў пачатку 2021 года пачнецца аднаўленне эканамічнага росту ў ЕС і Расіі».

Пакуль жа наш урад заклапаціўся тым, што інфляцыя за першыя 4 месяцы гэтага года ўжо перавышае прагнозны паказчык. У сувязі з гэтым Лукашэнка правёў нараду па росце коштаў, на якім Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю агучыла сваё рашэнне — увесці мараторый на павышэнне цэнаў на паслугі адукацыі, транспарту і сувязі. Міністр МАРГ Уладзімір Калтовіч заявіў, што «мы пакуль прынялі рашэнне прыпыніць павышэнне запланаваных тарыфаў на адукацыю, на транспарт, рост коштаў на сувязь». Пры гэтым ён зрабіў агаворку, што, «калі мы ўваходзім у запланаваны трэнд інфляцыі і сітуацыя захаваецца нармальная, мы за тое, каб гэтыя тарыфы былі падвышаныя, як запланавана». Таксама ў красавіку пастановай МАРГ было ўведзена дзяржрэгуляванне цэнаў на асобныя сацыяльна значныя тавары тэрмінам на 90 дзён.

У сувязі з такім рашэннем у таго ж Калтовіча настала «галавакружэнне ад поспехаў», і ён нават выказаў здагадку, што «ў траўні чакаецца дэфляцыя, а гэта дазволіць выйсці на запланаваны на бягучы год узровень інфляцыі». Кіраўнік МАРГ нават разлічвае, што па выніках года ўдасца ўкласціся ў запланаваныя 5% інфляцыі. «У мяне як у міністра не выклікае ніякіх сумневаў, што гэта будзе так», — падкрэсліў Калтовіч.

Адміністрацыйнае рэгуляванне, вядома, заўсёды добра адбівалася на лічбах і паказчыках. Толькі вось у рэальнасці яно прыводзіць да вельмі негатыўных наступстваў для эканомікі. Па-першае, мы ўжо неаднаразова адзначалі, што ў Беларусі цэны растуць менавіта на «рэгуляваныя» і «сацыяльна значныя» тавары. Па-другое, ва ўмовах росту кошту выдаткаў на вытворчасць тавараў і паслуг (а гэтыя выдаткі ніяк не замарожваюцца) абмежаванне коштаў на канчатковую прадукцыю прыводзіць да падзення даходаў работнікаў, якія гэтыя тавары вырабляюць. Бо вытворчасць не спыніш, асабліва «сацыяльна значную», а значыць, даводзіцца скарачаць аплату працы. Ну і, вядома, «нерэнтабельная вытворчасць» вельмі хутка становіцца банкрутам, што вядзе да знікнення тавараў наогул. Праўда, адукацыі, транспарту і сувязі гэта, напэўна, не пагражае. Але вось «сацыяльна значныя тавары», цэны на якія рэгулююцца 90 дзён, могуць аказацца ў дэфіцыце.

Затое ў нас са статыстыкай усё нармальна будзе.

Варта адзначыць, што красавіцкае «дзяржрэгуляванне» ўжо дало свой эфект у пункце «па-другое». Нават па афіцыйных звестках, у красавіку налічаная сярэдняя зарплата работнікаў сталіцы знізілася на 4,5%. Або на 81,1 рубля менш, чым у сакавіку.

Для тых, хто атрымлівае самую высокую сталічную зарплату (гэта ад 2 да 5 тысячаў рублёў — IT-спецыялісты, работнікі горназдабыўной прамысловасці, тэлекамунікацыйнай сферы, фінансавага і страхавога сектара і гэтак далей), 80 рублёў — сума невялікая. А вось што рабіць работнікам сталічных бібліятэк, архіваў, музеяў і сацыяльным работнікам, у якіх зарплата ад 800 да 890 рублёў? Для іх 80 рублёў — дзясятая частка заробку.

Пры гэтым адзначым яшчэ адзін парадокс. Цэны на адукацыю ў нас — самыя хуткарослыя, і кошт, напрыклад, вышэйшай адукацыі толькі за красавік гэтага года вырас на 18%. Пры гэтым сярэдняя зарплата ў адукацыі ў Мінску, паводле Белстата, складае ўсяго 992 рублі. І гэта — у сталіцы, а як у рэгіёнах?

Так і хочацца задаць «пытанне Казуліна» на выбарах–2006: «Дзе грошы, Аляксандр?!»

А грошай няма. Іх няма нават на падтрымку тых арганізацый, якім яна была абяцаная кіраўніком краіны. На той жа нарадзе Лукашэнка анансаваў праект указа, згодна з якім у выпадку вымушанага прастою альбо няпоўнай занятасці работнікам бюджэтных арганізацый даплацяць зарплату. Але даплацяць толькі да ўзроўню мінімальнай зарплаты. Яна цяпер складае ўсяго 375 рублёў у месяц.

Так што абяцаныя больш за дзесяцігоддзе таму «па 500 у эквіваленце» мы атрымаем не хутка. Тут як бы заробак не скаціўся да ўзроўню 1994-га — па 50 у эквіваленце. А і такое можа быць, калі мы будзем аддаваць перавагу лічбам, а не фактам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: