Вольга Нікалайчык: Не давалі матрасаў, усе 30 содняў не выводзілі мыцца

Пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары на Акрэсціна 7 ліпеня на волю выйшла грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык.
Вольга Нікалайчык ля ізалятара на завулку Акрэсціна, архіўнае фота

Вольга Нікалайчык ля ізалятара на завулку Акрэсціна, архіўнае фота

«Новы Час» звязаўся з Вольгай адразу па вызваленні і распытаў пра здароўе ды ўмовы.

— Было вельмі халодна ўсе ночы, не давалі матрасаў, усе 30 содняў не выводзілі мыцца, не давалі ніякіх рэчаў. У ШІЗА (карцары. — НЧ.) правяла недзе 22 содняў па маіх падліках, першы раз — 17 бязвылазна. На прагулку першы раз вывелі на 23-ці дзень. У ШІЗА я захварэла моцна на бранхіт, лячылі антыбіётыкамі. Урач настойвала на здымку, але не дазволілі. Але вылечылі. Вельмі халодна было, каб не холад – яшчэ нічога, уначы ад падлогі была вялікая вільгаць, — распавядае жанчына пра ўмовы ўтрымання.

Па яе словах, у карцары даводзілася знаходзіцца адной у памяшканні 2х2 метры, дзе была шконка, якая складваецца да сцяны, 20-сантыметровы зэдлік. Там адключылі гарачую і халодную ваду, прыбіральня была без загарадкі. Акрамя туалетнай паперы і кавалка мыла не давалі ніякіх рэчаў — ні акуляраў, ні нават пустой пляшкі нельга было мець. Перадачы не перадавалі амаль увесь час. Першую перадачу Вольга змагла атрымаць тыдзень таму, другую — учора.

— Я настроіла сябе на такое, ведала, што гэта будзе прыблізна так, жорстка, бо рэпрэсіі ўжо адчуваліся ў паветры, — прызнаецца Вольга. — Калі выводзілі ў звычайныя камеры на ноч (каб не было «адзіночкі» — бо гэта ўжо лічыцца катаваннем), а таксама апошнія шэсць дзён я была ў звычайнай камеры, ва ўсіх забралі матрасы і коўдры, апроч мяне. Такі быў ціск супраць палітычных, але людзі (сукамернікі. — НЧ.) прынялі наш бок, толькі адна расіянка казала, што гэта ўсё праз палітычных.

Па словах Вольгі Нікалайчык, у карцар яе пасадзілі ні за што — яна папрасіла швабру, памыла ўсё ў камеры, наглядчыкі дачакаліся, пакуль яна гэта зробіць, узялі рэчы і павялі яе ўніз. І потым закрылі, забраўшы ўсе рэчы — актывістка паспела толькі схапіць дзве цёплыя кофты і шкарпэткі.

 Следам праз паўгадзіны прывялі Севярынца побач са мной праз сцяну — і ў яго ўсё забралі.

Вольга Нікалайчык кажа, што чатыры дні галадала і пяць дзён яна не магла спаць, бо насупраць па начах крычала армянка турэцкага паходжання.

— У мяне ад гэтага ўсяго галава ў космас адлятала, галюцынацыі былі, што Севярынца забілі, бо ён сказаў: “Калі не адпусціце нас ці хаця б Нікалайчык у звычайную камеру — я ўскрываюся”. Такі жах быў. Потым я памалілася, заснула ад бяссілля, і сядзела ўжо нармальна, адно што сумна без кніг, — гаворыць былая зняволеная.

Па яе словах, найбольшы страх быў не за сябе — за таварышаў.

— Я думала, што дасяджу ўсё, і пасля мне будзе два гады «крыміналкі», бо мы ж нічога не ведалі. Таму настроіла сябе на «крыміналку» на пару год, думала, папішу кнігі, пачытаю.

Сёння, сапраўды, з'явілася непацверджаная інфармацыя, што Вольгу Нікалайчык перавялі з Цэнтра ізаляцыі парушальнікаў у Ізалятар часовага ўтрымання, што магло азначаць завядзенне крымінальнай справы.

— Не ведаю, адкуль гэта — я на ІЧУ была ўвесь час, а ў ЦІПе — ні дня, — абвяргае чуткі Вольга. — Але я ўсё роўна буду змагацца за свабоду таварышаў, займацца блогінгам замест тых, каго пасадзілі. Нас ніхто не напалохаў!

Нагадаем, Вольгу Нікалайчык затрымалі сёмага чэрвеня на пікеце па зборы подпісаў на Камароўцы, далі суткі за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі», потым былі яшчэ суды — разам выйшла 58 сутак арышту. У актывісткі яшчэ засталіся недаседжаныя 28 сутак.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: